Краіны Захаду асцерагаюцца перспектывы паглынання Беларусі Расіяй, бо гэта можа змяніць баланс сіл у Еўропе, піша The Wall Street Journal.

Заходнія ўрады імкнуцца ўмацаваць супрацоўніцтва з Беларуссю, аднак нават такое невялікае партнёрства мае свае межы: на Захадзе асцерагаюцца, што збліжэнне Мінска з Захадам можа справакаваць расійскую інтэрвенцыю.

У той час як заходнія міністэрствы замежных спраў настроены на збліжэнне і падтрымку незалежнасці Мінска, некаторыя вайсковыя начальнікі НАТА глядзяць на гэта са скепсісам.

«Іх узровень супрацоўніцтва з Расіяй пакідае нам мала поля для манеўру», — сказаў генерал-лейтэнант Раймунд Анджэйчак.

«Гэта абсалютна неверагодная інтэграцыя, улічваючы ўсе элементы, сістэмы камандавання і кантролю», — сказаў Анджэйчак.

«Сітуацыя сур'ёзная ў тым плане, што Расія, магчыма, паспрабуе прымусіць іх аб'яднацца, — прывяла газета меркаванне міністра замежных спраў Польшчы Яцэка Чапутовіча. — На іх аказваюць націск і настаў час для ЕС, для Польшчы і для іншых краін падтрымаць іх суверэнітэт». Паводле яго слоў, Беларусь — «гэта краіна, дзе неабходны рэформы, але зараз варта надаць увагу больш сур'ёзным пытанням».

У сваю чаргу былы памочнік міністра абароны ЗША Аляксандр Вершбаў заявіў, што «ніхто не мае ілюзій» з нагоды таго, што ўлады Беларусі «пойдуць такім самым курсам, як Украіна ці Грузія», якія пайшлі на збліжэнне з ЕС. «Аднак, калі яны хоць неяк ускладняць разлікі Расіі і калі яны сапраўды акажуць матэрыяльную і палітычную падтрымку ўкраінскаму суверэнітэту, то гэта будзе зусім не дробным пытаннем», — працытавала выданне Вершбаў, які займаў у 2012-2016 гадах пасаду намесніка генеральнага сакратара НАТА.

Паводле яго слоў, краінам Захаду варта праяўляць асцярожнасць і не ствараць уражанні аб занадта цесных сувязях з Мінскам, паколькі гэта выклікала б жорсткую рэакцыю Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0