У нядзелю ў Брэсце было вельмі спякотна. У другім тайме ключавым гульцом матчу стаў арбітр Віктар Шымусік са сваімі памочнікамі, які спачатку адмяніў праз спрэчны афсайд гол «Дынама», а потым не заўважыў гульню рукой абаронцы «Шахцёра» Ігара Бурко ва ўласнай штрафной. 

Фота: ФК «Шахцёр».

Фота: ФК «Шахцёр».

Неадназначныя рашэнні суддзяў выклікалі шал у гульцоў «Дынама», кіраўніцтва клуба і іх заўзятараў, што вылілася ў пакаранні з боку федэрацыі футболу. Так, берасцейцы мусяць заплаціць амаль 18 тысяч рублёў штрафаў, а Сяргей Кісляк яшчэ і дыскваліфікаваны на 5 матчаў.

У Брэсце гэта ўспрынялі як аб'яўленне вайны іх клубу: заўзятары рыхтуюць анлайн-петыцыі за змену кіраўніцтва федэрацыі, а топ-менеджары «Дынама» кажуць пра цкаванне, ціск і змову супраць клуба. 

Увогуле, такія выказванні не ўпрыгожваюць без пяці хвілін чэмпіёнаў краіны: іх каманда ўсё даказала на полі, навошта ўцягвацца ў нікому не патрэбныя разборкі? Тым больш усе, хто больш-менш сачыў за чэмпіянатам, ведаюць, што арбітры памыляліся і ў бок «Дынама», таму слухаць пра змовы проста смешна.

Матч у Брэсце меў наступствы таксама і для «Шахцёра» — гэта быў апошні матч трэнерскага штаба Сяргея Ташуева. На гэтым тыдні з расіянінам быў разарваны кантракт. Чэмпіёнства Салігорску больш не свеціць, і, здаецца, срэбраныя медалі ім таксама не патрэбныя, раз можна займацца кадравымі пытаннямі яшчэ да заканчэння першынства.

Што датычыцца БАТЭ, то яны выходзілі на гульню з «Іслаччу», ведаючы, што Брэст згубіў балы. І да пэўнага моманту ўсё было добра: нягледзячы на першы гол гасцей, барысаўцы здолелі зрабіць лік 2:1. Але потым усё зламалася, і гледачы былі вымушаныя глядзець, як «Іслач» пакідае БАТЭ без чэмпіёнства.

Гол Мамо Янсанэ. Фота: ФК «Іслач».

Гол Мамо Янсанэ. Фота: ФК «Іслач».

Давайце нарэшце паглядзім, што нас чакае на доўгіх выхадных.

«Дынама-Мінск» — «Дняпро»

Мінскае «Дынама» правальвае канец чэмпіянату і спакойна можа зваліцца з чацвёртага радка — у апошнім туры падначаленыя Гурэнкі былі разгромленыя ў Жодзіне з лікам 0:4. Каманда не выйграе вось ужо шэсць матчаў, а наперадзе мінчукоў чакаюць матчы супраць БАТЭ і брэсцкага «Дынама».

Але да сустрэч з топамі нашага футболу трэба яшчэ згуляць з «Дняпром», які за тыя ж шэсць апошніх тураў прайграў усяго аднойчы і амаль гарантавана не вылеціць наўпрост. Магілёўцы будуць змагацца за тое, каб не патрапіць у стыкавыя матчы, таму можам дапусціць працяг жудаснай серыі «Дынама».

Прагноз «НН»: «Дняпро» не прайграе.

«Слуцк» — «Гарадзея»

  • 09.11, 14:00. Слуцк, стадыён «Гарадскі».
  • Матч першага круга — 0:1

Сустрэчы гэтых каманд прынята называць «цукровым дэрбі», але, здаецца, з часоў заруб у першай лізе за права прабіцца ў вышэйшы свет, градус барацьбы паміж камандамі са Слуцка і Гарадзеі сур'ёзна панізіўся.

Але ў суботу ёсць шанец на тое, што мы пабачым эмацыйны футбол, бо поспехі «Гарадзеі» і няўдачы «Слуцка» адкрылі перад камандамі небывалыя перспектывы. Так, гарадзейцы аказаліся за чатыры балы адставання ад чацвёртага месца, а ў случчакоў застаўся толькі адзін бал перавагі перад 14-м «стыкавым» радком.

Прагноз «НН»: Што цікава, «Гарадзея» ніколі (з часоў абласнога першынства) не перамагала ў Слуцку. Але менавіта «бела-зялёныя» выйгралі два апошнія «цукровыя дэрбі». Таму паспрабуем паставіць на гістарычную падзею — «Гарадзея» пераможа.

«Шахцёр» — «Славія»

  • 09.11, 16:00. Салігорск, стадыён «Будаўнік».
  • Матч першага круга — 1:0

«Славія» ў панядзелак здолела дома адыграцца з ліку 0:2 у матчы з «Гомелем» і вырваць першую за доўгі час перамогу. Праз шчыльнасць у сярэдзіне табліцы мазырчукі яшчэ могуць паправіць сваё турнірнае становішча і аказацца нават на восьмым радку.

Абаронца «Славіі» Юрый Недашкоўскі робіць сальта, святкуючы гол у браму «Гомеля». Фота: ФК «Славія-Мазыр».

Абаронца «Славіі» Юрый Недашкоўскі робіць сальта, святкуючы гол у браму «Гомеля». Фота: ФК «Славія-Мазыр».

У «Шахцёра» хутка знайшоўся новы трэнер. Расіяніна Ташуева памяняў украінец Вярнідуб, вядомы па працы з луганскай «Зарой». Цікава будзе паназіраць за ім у наступным сезоне, галоўнае, каб кіраўніцтва не перашкаджала. А сёлета салігорцы могуць яшчэ ўзяць «срэбра».

Прагноз «НН»: «Шахцёр» пераможа.

«Гомель» — «Мінск»

  • 09.11, 18:00. Гомель, стадыён «Цэнтральны».
  • Матч першага круга — 2:3

«Гомель» знаходзіцца ў амаль патавым становішчы: за тры гульні да канца адставанне ад «стыкавога» 14-га месца складае шэсць балаў. Да 13-га, якое дазволіць гарантавана не вылецець, — на адзін бал больш. 

У «Мінска» ж матывацыя мінімальная — хіба што падняцца ў сярэдзіне табліцы павышэй. У мінулым туры падначаленыя Андрэя Разіна абгулялі «Слуцк» і змаглі падняцца на дзявяты радок.

Прагноз «НН»: Калі на вяршыні інтрыга ўжо амаль памерла, то будзем ставіць на гарачыню на дне. Спрагназуем перамогу «Гомеля».

«Энергетык-БДУ» — «Тарпеда-БелАЗ»

Ёсць падстава чакаць гарачай гульні, бо каманды вырашаюць свае лакальныя задачы.

«Студэнты» яшчэ не забяспечылі сябе пуцёўкай у наступны сезон вышэйшай лігі, а «аўтазаводцы» працягваюць набліжацца да мінскага «Дынама».

Прагноз «НН»: Тотал, большы за 2.5.

«Іслач» — «Дынама-Брэст»

«Камвольшчык» можа стаць «залатым» стадыёнам для берасцейцаў: да двух набытых там суперкубкаў ужо ў нядзелю можа дадацца і званне чэмпіёнаў Беларусі.

Берасцейцы, хутчэй за ўсё, дапамогуць «Іслачы» сабраць першы ў сваёй гісторыі аншлаг. Ясна, што ўсе будуць назіраць за «Дынама», але, магчыма, хтосьці стане заўзятарам «ваўкоў».

Прагноз «НН»: «Дынама» — чэмпіён.

«Віцебск» — БАТЭ

Па непацверджанай інфармацыі, пасля гульні з «Іслаччу» коўч барысаўцаў Аляксей Бага падаваў у адстаўку, але ў выніку ён дапрацуе да канца сезону.

Раней БАТЭ славілася сваёй «сямейнай» пераемнасцю, калі за галоўным трэнерам вырастаў моцны памочнік, які пасля станавіўся на чале каманды. Але ў штабе Багі такой кандыдатуры няма, таму цяпер Капскі-малодшы будзе шукаць новага трэнера.

Што датычыцца гульні ў Віцебску, то вялікая імавернасць, што барысаўцы выйдуць на поле ўжо страціўшы шанцы на чэмпіёнства, што можа моцна ўдарыць па настроі каманды. Але няма магчымасці апускаць рукі, бо на пяты наступае «Шахцёр». А бронза для БАТЭ будзе проста грандыёзным правалам.

Прагноз «НН»: Тотал, меншы за 2.5

У сувязі са зняццем з чэмпіянату мінскага «Тарпеда» ва ўсіх астатніх матчах «аўтазаводцам» будзе прысуджана тэхнічная параза 0:3. На гэты раз пашанцавала «Нёману». 

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах і абавязкова знайдзіце магчымаць схадзіць на стадыён! Лічыце сябе экспертам у беларускім футболе — зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?