06.11.2019 / 17:30

Экс-пілоту борта № 1 далі 9 гадоў калоніі 2

Суд Цэнтральнага раёна Мінска прыгаварыў былога дырэктара Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Уладзіміра Косціна да 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Працэс быў закрытым, піша tut.by.

Дзмітрый Косцін ў сіняй кофце. Фота: Наталля Беніцэвіч, TUT.BY

У судзе сёння нешматлюдна. Некалькі чалавек прыйшлі падтрымаць Уладзіміра Косціна. Ён сядзіць у клетцы, ад камер журналістаў не адварочваецца. Экс-дырэктар дэпартамента моцна схуднеў і асунуўся.

Людзі, якія прыйшлі яго падтрымаць, ад каментароў і якіх-небудзь размоў адмаўляюцца. Адна з жанчын хрысціць клетку, у якой сядзяць двое абвінавачаных. Другі — Віктар Воўчанка, інжынер-інспектар па авіяцыйнай бяспецы і бяспецы палётаў ТАА «Авіястар». Па версіі следства, менавіта ён даў хабар Косціну. Ён адварочваецца ад журналістаў і нават падчас абвяшчэння выніковай часткі прысуду стаіць у клетцы бокам.

Яшчэ адзін абвінавачаны — Андрэй Несцярук, камандзір паветранага судна. Ён знаходзіцца ў зале на першай лаве. Яго абвінавачваюць па ч.6 арт 16 КК у саўдзеле ў злачынстве і па ч. 1 арт. 380 КК у падробцы, вырабе, выкарыстанні альбо збыце падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў.

Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў Уладзіміра Косціна вінаватым па ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару) і ч.3 арт 426 КК (перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў) да 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яму таксама забаронена на працягу 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.

У даход дзяржавы пастанавілі спагнаць вартасны эквівалент набытай выгады — у суме крыху больш за 211 тысяч рублёў.

Віктара Воўчанку прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 431 КК (дача хабару) і прысудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яму таксама нельга на працягу 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.

Андрэя Несцярука прызналі вінаватым па ч.6 арт. 16 КК і ч. 1 і ч. 2 арт. 380 КК і далі штраф у 200 базавых велічынь — гэта 5100 рублёў. Меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах яму пакінулі без змен да ўступлення прысуду ў законную сілу.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны на працягу 10 сутак.

З клеткі Уладзімір Косцін адказаў журналістам, што абскарджваць яго не будзе.

Нагадаем, Уладзіміра Косціна затрымалі разам з хабарадавальнікам 20 сакавіка 2018 года. Абодва фігуранты былі змешчаны ў СІЗА КДБ. Інфармацыя тады была кароткай: дырэктара Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Уладзіміра Косціна затрымалі на месцы злачынства пры атрыманні хабару ў 3500 даляраў. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу па ч. 3 арт. 430 (Атрыманне хабару паўторна, альбо шляхам вымагальніцтва, альбо ў буйным памеры). Як пазней распавялі TUT.BY — гэта не першы хабар.

— Косцін сістэматычна атрымліваў хабар за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, — паведаміла наша крыніца.

Больш ніякіх падрабязнасьцяў расследавання крымінальнай справы не паведамлялася, TUT.BY двойчы накіроўваў афіцыйны запыт у Вярхоўны суд з просьбай прадаставіць інфармацыю, ці прызначаная дата судовага разбору па справе Косціна. Адказы былі аналагічнымі — гэтай справы ў вытворчасці суда няма.

Уладзімір Косцін — пілот 1 класа, агульны налёт — больш за 10 тысяч гадзін. Раней СМІ паведамлялі, што большая частка лётнай кар'еры Косціна прыйшлася на пералёты ВІП-пасажыраў. Ён таксама быў пілотам борта № 1.

0
Юрий / Адказаць
06.11.2019 / 21:18
Нават пілот у прэзідэнта карупцыянер. усё.
2
Чебаркуль / Адказаць
06.11.2019 / 22:15
Так а за что взятки давали-брали? Вы пишете, но как-то мутно, как-то ни о чем. И это гадко.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру