Як ужо паведамлялася, ад Нарвегіі на «Еўрабачанне», паездзе беларус Аляксандр Рыбак.

Ягоныя бацькі выехалі з Беларусі ў Нарвегію 18 гадоў таму. Гутарка з бацькам спевака — Ігарам Рыбаком.

***

Саша Рыбак нарадзіўся ў Мінску. Ягоныя бацькі пакінулі Беларусь, калі хлопчыку было ўсяго чатыры гады. Сям’я пасялілася ў жывапісным Несодане і з таго часу Саша аніводнага разу не быў на радзіме.

Вырас у Нарвегіі, сканчае ў Осла кансерваторыю… Пра слаўнае жыццё новай зорачкі «Еўрабачання‑2009» мы пагутарылі з бацькам і настаўнікам Аляксандра — Ігарам Рыбаком.

‑ Ігар Аляксандравіч, у інтэрвію нарвежскай вяшчацельнай карпарацыі NRK ваш сын прызнаецца, што рускую мову ён паспяхова забывае. Сярод ягоных сяброў няма беларусаў?

— Вельмі мала.

— Пра «Песняроў» Саша, напэўна, нічога не ведае.

— Ну як жа?

Мы любім «Песняроў», слухаем. Я сам пішу песні на вершы Багдановіча, напрыклад, і Саша іх з задавальненнем выконвае.
Калісьці я працаваў у віцебскім ансамблі — даволі папулярным у свой час, мы гралі ў рэстарацыях, так што з «песняроўскім» рэпертуарам мой сын, канечне, таксама знаёмы. Праўда, вось кнігі па‑руску альбо па‑беларуску ён чытае вельмі рэдка.

— У інтэрнэце ёсьць інфармацыя, што ў вас самога склалася даволі паспяховая кар’ера музыкі ў Нарвегіі. Гэта так?

— У мяне свая прыватная скрыпічная школа, прыблізна 30 вучняў навучаю штогод. Сашына мама, Наталля Валянцінаўна, — таксама даволі запатрабаваны піяніст і арганіст, яна супрацоўнічае з вядомымі харавымі калектывамі, выкладае ў школе…

— А чаму вы з’ехалі з Беларусі?

— Я вырашыў гэта, напэўна, так жа спантанна, як і мой сын, які рызыкнуў удзельнічаць у «Еўрабачанні»… 18 гадоў таму мяне запрасілі працаваць у Нарвегію. Я пагадзіўся.

— Аніразу не пашкадавалі?

— Я нясу нашую беларускую культуру ў Еўропу —
савецкая школа выкладання класікі да гэтага часу тут цэніцца…

— І вы настаялі на тым, каб Саша навучаўся ў кансерваторыі па класе скрыпкі?

— Калі я быў дзіцём, мяне мама прасіла кожны дзень граць на скрыпцы гадзіну ці дзве. Усе дзеці аднолькавыя. Ніхто не хоча штодзённа стаяць і «піліць»… Але сёння я сваёй маці ўдзячны за некаторую настойлівасць. Я таксама кожны дзень удзеляў Сашы некалькі гадзінаў, каб пазаймацца з ім музыкай. Ягоныя прэстыжныя ўзнагароды ў музычных конкурсах і тэлешоў пераконваюць мяне, што Саша захапіўся скрыпкай па‑сапраўднаму.

— Для яго конкурс «Еўрабачанне» — гэта, можа быць, несур’ёзнае мерапрыемства? Музыкі з класічнай вывучкай часта паблажліва ставяцца да конкурсаў папулярнай музыкі.

— Не, ну што Вы! Ён вельмі рады, што выйграў. І цалкам асэнсавана цяпер рыхтуецца да фіналу конкурсу ў Маскве. Дзякуе ўсім сваім прыхільнікам і просіць кантактаваць з ім праз Facebook.

— У вас адно дзіця?

— Адзін сын — Саша. Ад першай жонкі ў мяне яшчэ дачка ёсць. Яна зараз жыве ў Віцебску. Тамсама і мая мама жыве.

— Бабуля ўнука толькі на фотаздымках бачыла?

— Не, яна прыязджае да нас. І мая цешча з Мінску ў нас бывае. Мой брат — маскоўскі журналіст — таксама часьцяком гасцюе. Так што мы не згубілі сувязі з сваякамі.

— Ці даўно Саша піша песні?

— З трох гадоў. Памятаю — мы яшчэ ў Мінску тады жылі — пайшлі з ім аднойчы ў лес прагуляцца. Саша раптам замер, пастаяў некалькі секундаў і заспяваў песню ўласнага сачынення. З таго часу ён увесь час нешта напявае. Два з паловай гады таму ён выйграў у Нарвегіі конкурс юных талентаў Kjempesjansem з кампазіцыяй Foolin.

— А гэта праўда, што ён з гуртом A‑ha супрацоўнічаў?

— Так. У адзін з нарвежскіх мюзіклаў Мортэна Хакета — кіраўніка гурта A‑ha — запрасілі ў якасці суперзоркі, а мы з Сашам там былі задзейнічаныя як музыкі. Дарэчы, з гэтым мюзіклам мы аб’ездзілі шмат краін, гастралявалі ў Еўропе, Амерыцы і нават у Кітаі.

— Якім Вы бачыце будучыню свайго сына? Што пасля кансерваторыі?

— Я не ведаю. Кожны малады чалавек хоча, каб яго кахалі. Пакуль Бог да майго сына ласкавы, вядзе яго і дапамагае. А мы гадавалі Сашу так, каю ён як мага болей быў карысны людзям. Вось у гэтым шчасце, я думаю…

Вікторыя Папова, «Советская Белоруссія»

***

Шкада толькі, што Беларусь не зможа прагаласаваць за Нарвегію ў паўфінале. Наш прадстаўнік - Пётр Ялфімаў - выступіць у першым паўфінале (12 траўня), а Аляксандр Рыбак будзе выступаць 14 траўня ў другім паўфінале. Але будзем спадзявацца, што беларус выйдзе ў фінал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0