Чарговыя Астрожскія чытанні па тэме «Навамучанікі зямлі Беларускай» прайшлі ў нядзелю 22 лютага ў прыходзе ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы в. Тарасава.
Пасля ўрачыстай Літургіі была адслужана паніхіда ў памяць дабравернага князя Канстанціна Васілія Астрожскага. Затым хор Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў выступіў перад прыхаджанамі Тарасаўскага храма з канцэртам літургічных песнапеннняў на беларускай мове.

Пасля гэтага ў крыптавай зале храма пачаліся Астрожскія чытанні. У праграме чытанняў адбылася прэзентацыя кнігі іерэя Фёдара Крываноса «У Бога мёртвых нет» (даследавання па гісторыі Мінскай епархіі перыяду 1917—1939 гг.). Прэзентацыя выклікала ў слухачоў вялікую зацікаўленасць да кнігі. Сапраўды, кніга насычана вельмі багатым дакументальным і фактычным матэрыялам, а да таго ж напісана добрым літаратурным стылем. Таму стане вартасным набыткам для кожнага, хто цікавіцца царкоўнай гісторыяй. Набыць кнігу можна ў кніжных лаўках Мінскага Епархіяльнага Упраўлення (вул. Вызвалення, 10) і Свята‑Петра‑Паўлаўскага сабора (вул. Ракаўская, 4).

З дакладам «Навамучанікі Віцебскай епархіі» перад слухачамі выступіў кандыдат багаслоўя іерэй Уладзімір Гарыдавец, які займаецца царкоўна‑гістарычнымі даследваннямі ў межах Віцебскай і Полацкай епархій.

З увагаю выслухалі ўдзельнікі чытанняў паведамленне настаўніка Уздзенскай школы №2 А.М. Ярмольчыка пра ўшанаванне памяці свяшчэннамучаніка Міхаіла Навіцкага на Уздзеншчыне. Месца пахавання протаіерэя Міхаіла на гарадскіх могілках г. Узды даглядалася мясцовымі жыхарамі заўсёды, нават тады, калі ён яшчэ і не быў афіцыйна кананізаваны. Цяпер жа штогод ад Петра‑Паўлаўскага храма г. Узды адбываецца хрэсны ход да магілкі свмч. Міхаіла Навіцкага.

Паколькі сёлета адзначаецца 25‑годдзе ўстанаўлення Сабора Беларускіх Святых, то Астрожскія чытанні — гэта адно з мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў гэтым годзе з мэтаю ушанавання памяці Святых зямлі Беларускай.

Таццяна Матрунчык,

супрацоўніца выдавецкага аддзела

Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?