Сёння ў Гомелі суддзя Цэнтральнага раёна Марына Дамненка пакарала штрафамі ў памеры 20 базавых велічынь сябраў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Дзмітрыя Кармазіна і Алега Ражкова.

Яны прызнаныя вінаватымі ў «парушэнні правілаў правядзення вулічных акцый», хаця займаліся толькі зборам інфармацыі пра акцыю ў абарону роднай мовы 21 лютага.

Суддзя адхіліла ўсе хадайніцтвы наконт выкліку на пасяджэнне міліцыянтаў і іншых сведкаў, каб праверыць абвінаваўчыя пратаколы супраць журналістаў і дакладна высветліць, чым яны насамрэч займаліся.

«Выглядала на тое, што рашэнне суддзі было загадзя падрыхтаванае, — падзяліўся ўражаннямі з прэс-службай БАЖ Алег Ражкоў. — Прысуды мне і Дзмітрыю Кармазіну былі абсалютна ідэнтычныя, хаця я ў часе акцыі вёў відэаздымкі, а ён проста ішоў побач… Мы абавязкова будзем абскарджваць рашэнне суда».

У гэты ж дзень Гомельская абласная пракуратура вынесла папярэджанне сябры ГА «БАЖ» Таццяне Бублікавай за дзеянні «на карысць тэлекампаніі «Белсат», якая ажыццяўляе вяшчанне на Беларусь з тэрыторыі Польшчы».

Нагадаем, што 21 лютага У Гомелі былі затрыманыя сябры незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт», якія прыйшлі да помніка Кірылу Тураўскаму, каб ускласці кветкі з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. Міліцыянты прахапілі ў пастарунак і журналістаў, што асвятлялі акцыю. Пазней суддзя суду Цэнтральнага раёна Гомелю Алена Цалкова пакарала Аляксандра Вярцейку штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (700 тысячаў рублёў). Яго прызналі вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства), пакаранне — штраф у памеры 20 базавых велічыняў (700 тысячаў рублёў). Марыю Тульжанкову і Васіля Такарэнку пакаралі штрафамі ў памеры 50 б. в. (1 мільён 750 тысяч рублёў). Кастусь Жукоўскі атрымаў 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Паводле baj.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0