11.11.2019 / 19:28

Былы прарэктар МІУ Юрый Сівакоў: Міністэрства адукацыі спрабуе ўсё рэгуляваць, прычым вельмі няўклюдна 22

Студэнты Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта 11 лістапада выйшлі на страйк. Яны абураныя тым, што Міністэрства адукацыі не працягнула акрэдытацыі на некаторыя спецыяльнасці ў ВНУ. Цяпер студэнты будуць вымушаныя давучвацца ў іншых навучальных установах.

Сваім бачаннем гэтай сітуацыі «Наша Ніва» папрасіла падзяліцца былога міністра ўнутраных справаў і спорту Юрыя Сівакова, ён доўгі час быў прарэктарам у МІУ, таму ведае пра гэты ўніверсітэт не з чужых словаў.

Чытайце таксама: «У нас міністр — ідэолаг і камуніст, разумееце?» Студэнт МІУ расказаў, як яны арганізавалі страйк

«Наша Ніва»: Юрый Леанідавіч, вы доўгі час былі прарэктарам у МІУ. Што думаеце наконт канфлікту ў гэтай навучальнай установе?

Юрый Сівакоў: Я вельмі добра ведаю тую сістэму кіравання ўстановай адукацыі, якую культывуе і рэалізуе Мікалай Васільевіч Суша. Тая інфраструктура, якая створаная ва ўніверсітэце, тая методыка навучання студэнтаў, якая там існуе, вельмі інавацыйная і сучасная.

Там, у адрозненне ад многіх іншых навучальных установаў, для студэнта створаная атмасфера, дзе ён адчувае сябе годна: ад туалета — да буфета. Я цяпер выкладаю ў Акадэміі кіравання, дык гэта прыкладна адзін і той жа ўзровень.

Па-другое, Мікалай Васільевіч вельмі шмат ездзіў за мяжу, каб глядзець, як і дзе арганізаваны навучальны працэс. Я прывяду адзін прыклад: аддзел праграмавання, дык там супрацоўнікі атрымлівалі больш, чым намеснікі рэктара.

Плюс да ўсяго Суша мае свой пункт гледжання на многія пытанні і не баіцца яго адстойваць. Ён спрабаваў ініцыяваць і ўкараніць стварэнне адукацыйнага холдынгу — пачынаючы ад дзіцячага садка і сканчваючы магістратурай. Усяго яго дзейнасць па арганізацыі навучальнага працэсу заслугоўвае самай лепшай ацэнкі і павагі.

У дадзенай сітуацыі з адмовай у акрэдытацыі пэўных спецыяльнасцяў я бачу нейкі суб’ектыўны, але не аб’ектыўны фактар. Я ведаю тых людзей, што там працуюць, і я хачу сказаць, што ва ўсім гэтым ляжыць нешта такое, што прынята казаць «не для друку».

«НН»: Можа, меў месца нейкі канфлікт рэктара і міністра адукацыі?

ЮС: Я не быў сведкам, але мне казалі, што Мікалай Васільевіч вельмі жорстка выказваў сваю пазіцыю…

Напрыклад, ёсць Міністэрства адукацыі, яно даводзіць свае лічбы прыёмаў да ВНУ. Ужо сёння на 200 тысяч студэнтаў у краіне стала менш праз тыя гіперінавацыі, якія наша Міністэрства адукацыі здзяйсняе.

Маё бачанне, як былога чыноўніка са стажам, — рынак вызначае. У ВНУ ёсць ліцэнзія. І калі ты маеш гэтую ліцэнзію, то можаш набіраць студэнтаў, а не чакаць падкантрольных лічбаў міністэрства. Студэнты і іх бацькі самі вырашаць, куды абітурыенту ісці вучыцца. Ну хіба не так? Мы не павінны ні ў чым абмяжоўваць ні ВНУ, ні студэнта ў выбары. А мы спрабуем усё рэгуляваць, прычым вельмі няўклюдна.

Мне здаецца, што Мікалай Васільевіч некалькі разоў выступаў адносна аптымізацыі працэсу кіравання ўстановаў адукацыі, за роўныя ўмовы і прыватных установаў адукацыі, і дзяржаўных. Каб не было ніякай дыскрэдытацыі. І гэтымі сваімі словамі і дзеяннямі ён стаў крыніцай раздражнення. Мог сыграць і гэты фактар. Чаму? Бо сама сістэма навучання, створаная Сушам, была вартая толькі павагі. Трэба спытаць у тых студэнтаў і іх бацькоў, наколькі яны згодныя з гэтым рашэннем.

«НН»: Часта можна пачуць меркаванне, што адукацыя ў дзяржаўных ВНУ мацнейшая, чым у прыватных. Гэта праўда?

ЮС: Няпраўда. Я працаваў не толькі ў МІУ, але і ў МІТСА. Не, такой істотнай розніцы няма.

«НН»: У вас пра МІУ засталіся толькі добрыя ўспаміны?

ЮС: Канечне. У сённяшнюю постындустрыяльную эпоху не «хазяін — барын», як было раней, а «кліент — кароль». І ў МІУ гэты студэнт, які плаціць грошы, — кароль. Усё рабілася так кіраўніцтвам інстытута, каб студэнту ў сценах альма-матэр было зручна і камфортна.

У Сушы прыбіральшчыкі працуюць амаль цэлыя суткі. Студэнты зайшлі ў аўдыторыю — усё прыбрана, усё чыста. Там усё дэманструе паважнае стаўленне да тых, хто плаціць грошы, хто ўтрымлівае адміністрацыю і выкладчыкаў. І гэта сучасны падыход.

«НН»: Ці правільна зрабілі студэнты, што пайшлі на страйк?

ЮС: Я не чытаў сёння яшчэ навінаў, было тры пары ў мяне. Тое, што студэнты пайшлі на гэта, арганізавалі флэш-моб гэты, то не думаю, што гэтыя працэсы кімсьці рэгуляваныя і зрэжысіраваныя. Хутчэй за ўсё, гэта спантанны працэс. Проста студэнты палічылі патрэбным выказаць сваё стаўленне да тых працэсаў, што адбываюцца.

Гутарыў Зміцер Панкавец

4
Лістападаўскі Ґаспадар / Адказаць
11.11.2019 / 20:16
Праз дупу рэгулююць карацей...
2
Алег С. / Адказаць
11.11.2019 / 21:07
Вось МУС рэгулювала, дык ажно пыл курэў... куды там Карпенку.
60
Палкоўнiк Зэман. / Адказаць
11.11.2019 / 21:19
Падтрымлiваю Карпенку. Што яшчэ за iнавацыйны унiвесiтэт? Контора па легалiзацыi дыпломаў??? У чым яго iнавацыйнасць?
Паказаць усе каментары/ 22 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру