Дасудовае расследаванне абставінаў смерці афіцэра Дзяржаўнага дэпартамента бяспекі і дыпламата Вітаўтаса Пацюнаса спыняецца. Такое рашэнне прыняў пракурор аддзелу кантроля дасудовага расследавання Міндаўгас Гіліс. Расследаванне гэтай справы было адноўлена 19 верасня 2007 года пасля судовага загаду выявіць абставіны смерці. У адну з віленскіх судовых устаноў звярнулася ўдава дыпламата Людвіка Пацюнене. За новае расследаванне выступаў і прэзідэнт Валдас Адамкус.

Гібель, пакрытая змрокам

Вітаўтас Пацюнас, міністр-дарадца генеральнага консульства Літвы ў Гродне, загінуў 23 жніўня 2006 года, выпаўшы праз вакно гатэля з дзевятага паверха. У Брэсце ён знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы.

Цела 48-гадовага афіцэра было знойдзена зранку ля гатэля «Інтурыст». Хоць адразу была ўзнятая версія пра гвалтоўную смерць, беларускія чыноўнікі сцвярджалі, што мужчына па неасцярожнасці выпаў сам.

Літоўскія кансерватары, якія на той час знаходзіліся ў апазіцыі, звярнуліся да праваабаронцаў з прапановай распачаць дзяржаўнае расследаванне гэтай смерці. Еўрапарламентар Вітаўтас Ландсбергіс сказаў, што гібель дыпламата – ні што іншае, як палітычнае забойства. У тым, што В. Пацюнас выпаў сам, сумняюцца і ягоныя сваякі.

Затым пачаліся размовы пра тое, што афіцэр мог быць накіраваны ў Беларусь супраць сваёй волі, каб адрэзаць яго ад важных расследаванняў. Тое самае сцвярджае і ўдава – журналістка Л. Пацюнене. Аднак Дэпартамент дзяржбяспекі запярэчыў, што службу ў Беларусі В. Пацюнас абраў самастойна.

Расследаванне гэтай смерці аплеценае павуціннем версій і меркаванняў. Напрыклад, было агалошана, быццам В. Пацюнас знаходзіўся ў нецвярозым стане. У СМІ таксама з’явілася інфармацыя, што ён мог выпасці з вакна, згубіўшы раўнавагу пры спробе памачыцца.

З цягам часу вырасталі новыя версіі: нібыта смерць Пацюнаса магла быць патрэбная некаторым яго калегам і звязаных з імі літоўскім палітыкам і бізнэс-структурам.

Загадкавую пагібель у Брэсце ўзяліся расследаваць не толькі беларускае, але і літоўскае чынавенства. Гэтым здарэннем зацікавіўся Нацыянальны камітэт бяспекі і абароны Сойму.

Пазалетась увосень Беларусь заявіла, што крымінальная справа аб смерці В. Пацюнаса ўзбуджацца не будзе, паколькі гэта – няшчасны выпадак. І ўжо праз месяц літоўская Генеральная пракуратура абвясціла пра закрыццё расследавання. Чыноўнікі пацвердзілі версію беларускіх калегаў і ўдакладнілі, што ўстаноўленыя абставіны смерці не маюць нічога супольнага з заяўленымі дэталямі, якія абражаюць памяць памерлага (маецца на ўвазе спраўленне натуральных патрэбаў праз вакно).

Падчас расследавання пракуроры пастанавілі, што В. Пацюнас сам выпаў праз вакно гатэля «Інтурыст». Выпадаў ён, як сцвярджаецца, жывы, а ўсе пашкоджанні былі нанесеныя ў выніку падзення з вышыні і сутыкнення з цвёрдай паверхняй.

Грамадскае расследаванне вытхнулася.

Пад ціскам кансерватараў Гедымінас Кіркілас, ужо былы прэм’ер-міністр, стварыў адмысловую камісію, якая мусіла яшчэ раз разгледзець абставіны пагібелі літоўскага афіцэра. Аднак дзейнасць гэтай камісіі ацэньвалі па-рознаму, і нават прэзідэнт яе скрытыкаваў. Выказваліся таксама сумневы, ці не парушае яна Канстытуцыю.

Створаныя прэм’ерам працоўныя групы былі актыўнымі толькі на самым пачатку. Аднак яшчэ да пасяджэнняў некаторыя чыноўнікі адмовіліся браць удзел у дзейнасці працоўных груп, бо засумняваліся, ці не будзе такое расследаванне дубляваць працу праваахоўнікаў. Летась у сакавіку расследаванне спынілася і ад таго часу ўжо не аднаўлялася.

Гібель В. Пацюнаса была адным з аб’ектаў расследавання дзейнасці Дэпартаменту дзяржбяспекі. Вынікі гэтага расследавання прымусілі генеральнага дырэктара Арвідаса Поцюса пакінуць сваю пасаду.

Грамадзяне Літвы, тым не менш, схіляюцца да версіі, што Пацюнас стаў «непажаданым сведкам» і не лічаць, што адстаўка Поцюса кардынальна змяніла сітуацыю ў краіне. Людзі патрабуюць аргументацыі закрыццю справы загадкавай смерці і большай празрыстасці ў дзейнасці дзяржаўных структур.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?