12.11.2019 / 23:04

Мінадукацыі назвала сапраўдныя прэтэнзіі да МІУ і вінаваціць рэктара Сушу ў прафанацыі 26

Дэпартамент кантролю якасці ведаў не працягнуў акрэдытацыю Мінскаму інавацыйнаму ўніверсітэту, сітуацыя стала палітычнай, студэнты выйшлі на забастоўку! Так пачаўся гэты тыдзень.

Рэктар Мікалай Суша даў эмацыйнае інтэрв'ю «Беларускаму партызану», у якім усклаў адказнасць за праблемы з акрэдытацыяй універсітэта персанальна на міністра адукацыі Ігара Карпенку: маўляў, прэтэнзіі — надуманыя і абстрактныя, сапраўдная прычына — асабістая непрыязь Карпенкі, а пры спробе звязацца з міністрам — цішыня.

«Наша Ніва» патэлефанавала Ігару Карпенку, каб спытаць, што ж у яго там за канфлікт з Сушам і чаму, калі так, Карпенка яго ігнаруе. 

«Хто да каго не можа дазваніцца? Ну вы ж дазваніліся? Я нумар не мяняў! Нехта не можа трапіць на прыём? Вось сёння ў мяне быў Сяргей Раманюк [рэктар прыватнага Беларускага інстытута прадпрымальніцтва — «НН»], а Суша ў мяне не быў! Пры канцы кастрычніка ў Баранавічах праходзіў семінар для рэктараў, я там быў два дні, і Суша таксама быў, але да мяне нават не падыходзіў!»,

— сказаў Карпенка і з наступнымі пытаннямі адрасаваў да іншых работнікаў свайго ведамства.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» прыехаў у Мінадукацыі, каб разабрацца, дык што адбываецца з тым няшчасным МІУ.

Пагаварыў з намі Сяргей Каспяровіч — начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі.

Сяргей Каспяровіч.

У сваім інтэрв'ю Мікалай Суша называе сярод прычын спынення акрэдытацыі пропускі словаў у журнале, недахоп літаратуры ў бібліятэцы, непадпісаны план заняткаў. 

Але ў міністэрстве называюць зусім іншую прычыну, а недахоп тых кніг лічаць заўвагай, не вартай абмеркавання: «Зразумела, што такая заўвага вырашаецца за гадзіну — трэба ўсяго толькі дакупіць неабходнае і прывезці ў бібліятэку».

Паводле Каспяровіча, асноўная прычына праблем у МІУ — дзіўная арганізацыя дыстанцыйнай формы навучання. Сітуацыя склалася парадаксальная: на асобных спецыяльнасцях, напрыклад, на «псіхалогіі», дзённа не вучыцца ніводзін чалавек! Дыстанцыйна — 74.

На «правазнаўстве» — 191 дыстанцыйны студэнт, на дзённым 280;

На «Транспартнай лагістыцы» — 62 дыстанцыйна, 114 — дзённа;

На «Эканоміцы і кіраванні прадпрыемствамі» — 119 дыстанцыйна і толькі 8 на дзённым!

У Дэпартамента кантролю якасці адукацыі паўстала пытанне менавіта да таго, а як вучацца ўсе гэтыя людзі, якія не ходзяць ва ўніверсітэт?

«Камісія правяла кантрольную атэстацыю ведаў студэнтаў дзённай формы навучання — яе сэнс у тым, каб правесці, груба кажучы, тэст па праграме ўніверсітэта, не даць магчымасці студэнтам спісаць і засведчыць, па-першае, ці супадаюць рэальна іх веды з афіцыйнай акадэмічнай паспяховасцю, а па-другое, калі ацэнкі масава незадавальняючыя, то тады пытанне да якасці адукацыі.

Са студэнтамі дзённай формы, як і кажа рэктар, ніякіх праблем не было — ацэнкі добрыя. Але, як мы бачым, на некаторых спецыяльнасцях на дзённым вучыцца літаральна пару чалавек, а агульная колькасць студэнтаў дыстанцыйнай формы навучання даходзіць да 80%.

А ў нас няма такога паняцця, як асобны кантроль форм навучання — правяраецца ўся спецыяльнасць. І камісія не здолела правесці кантрольную атэстацыю ведаў студэнтаў-дыстанцыйшчыкаў! Рэктар лістом паведаміў камісіі, што арганізаваць збор студэнтаў для кантрольнай атэстацыі немагчыма!

Як нам тады правесці атэстацыю? Больш за тое, пры акрэдытацыі МІУ камісія не знайшла адказаў на пытанні, а як арганізаваны вучэбны працэс у гэтых студэнтаў — не прадстаўлена нават раскладу заняткаў. Незразумела, як адбываюцца кантрольныя і бягучыя атэстацыі (практычныя, тэставыя і самастойныя работы — «НН»)», — сказаў нам Каспяровіч. 

У рэальнасці кантроль ведаў гэтых студэнтаў адбываецца так: чалавек праходзіць тэсты на камп'ютары, уваходзячы ў свой акаўнт на сайце ўніверсітэта.

Як такое стала магчымым? Яшчэ ў 2014 годзе тагачасны міністр адукацыі Сяргей Маскевіч даў МІУ права кантраляваць веды студэнтаў яшчэ і анлайн, больш ніхто ў краіне так не робіць. Вось вытрымка з гэтага дакумента:

Карпенка гэтае палажэнне адмяніў, бо лічыць, што яно супярэчыць Кодэксу аб адукацыі.

Дык а як пракантраляваць тады, хто і як здае гэтыя тэсты?

«Нашай Ніве» не склала цяжкасці знайсці адпаведныя паслугі ў інтэрнэце і пераканацца, што магчымасць не здаваць тэсты самастойна ёсць — для гэтага, як аказалася, існуе сайт, заточаны толькі пад МІУ! Цана ад 35 да 250 рублёў.

Фірма абсалютна не шыфруецца і ўказвае свой адрас і беларускія кантакты. Сайт, паводле вэб-кэшу, у такім выглядзе існуе з 2011 года

Узнікае наступнае пытанне — чаму міністэрства толькі цяпер западозрыла ў дыстанцыйнай адукацыі прафанацыю? 

«Тут трэба разумець, што ўніверсітэт не інфармуе нас аб усім, што ў яго адбываецца. Цяперашні штат міністэрства даведаўся аб гэтай схеме тады, калі мы пачалі вывучаць сітуацыю з навучаннем зняволеных у калоніях. Як гэта было арганізавана? Ладна, калі чалавек трапляе ў калонію, быўшы студэнтам — ён можа ў нейкай форме аднавіцца. Але на практыцы было так: людзі нібыта паступалі ў расійскі ўніверсітэт (іх было два), а пасля першага курса «пераводзіліся» ў МІУ. Гэта было зроблена, каб абысці патрабаванне аб здачы ЦТ.

Вучоба таксама адбывалася вельмі дзіўна, выключна ў дыстанцыйным фармаце. Нашая камісія прыйшла да высновы, што самі выкладчыкі прыязджаюць толькі на кантрольную атэстацыю, на дзяржаўны экзамен, значыцца. І ўсё! Узнікла вялікае пытанне да якасці гэтых ведаў. Тады мы правялі некалькі нарадаў з Дэпартаментам выканання пакаранняў, прыйшлі да высновы, што вучыць такіх людзей трэба, але давайце рабіць гэта неяк законна?

І тады былі лісты міністра Карпенкі да Сушы, у якіх даводзілася, што ў такой форме адукацыя зняволеных існаваць не можа, але пры ўмове давядзення схемы да ладу, арганізацыі выездаў выкладчыкаў для прыняцця экзаменаў на месца — ніякіх праблем! Але тады мы і зацікавіліся, як гэта адбываецца не ў калоніях, а ў самім універсітэце», — дадаў Каспяровіч. 

Але, як вядома, пасля гэтых заўваг тэма адукацыі зняволеных працягу не мела — можа быць, не вельмі выгадна агранізоўваць частыя выезды выкладчыкаў у 8 калоній? 

Цяпер жа ў міністэрстве бачаць два выйсці з сітуацыі — або МІУ аспрэчыць рашэнне камісіі і дакажа, што ўсё з ведамі студэнтаў-дыстанцыйшчыкаў як мае быць, або выправіць парушэнні і нешта змяніць у сваёй дзейнасці, бо працягваць такую адукацыю пасля скасавання прывілея ад Маскевіча ўжо нельга. 

Як быць студэнтам дзённай формы навучання? 

Каспяровіч патлумачыў, што пры ўмове, калі сітуацыю развязаць не ўдасца, студэнтам выпускных курсаў будзе прапанавана давучыцца ў іншых універсітэтах па праграмах МІУ без здачы акадэмічнай розніцы.

А для тых, маўляў, хто не на выпускным курсе, будзе прадугледжана магчымасць перавесціся ў іншы ўніверсітэт з захаваннем той гадавой аплаты, на якую яны заключылі ўгоду з МІУ. Кошт навучання там на дзённым — каля 2560 рублёў у год, на дыстанцыйным — каля 1200 рублёў.

Арцём Гарбацэвіч

9
Мімаходзь / Адказаць
12.11.2019 / 23:39
Ды ўжо частку школьных прадметаў патрэбна пераводзіць на дыстанцыйнае навучанне.

Але ж...
4
даведка / Адказаць
13.11.2019 / 02:06
После того, как в этот скандал вмешается Лукашенко, на ректора по заведённой традиции наденут наручники.
37
Виталий Cпикин / Адказаць
13.11.2019 / 05:11
Карпенко не понимает, что важен ИТОГ обучения, а не ПРОЦЕСС???
Ах, да, как же я забыл, коммунистам важнее не итоговый результат, а "чтобы все бумажки были подшиты"....
Вот если дистанционная форма не даёт знаний массе студентов - ТАК ПУСТЬ КАРПЕНКО ДОКАЖЕТ ЭТО КУЧЕЙ "НЕУДОВ" ПО ИТОГАМ ЭКЗАМЕНОВ!!! Тогда и претензий никаких не будет!
А вот если студентам рассылаются дистанционно какие-то там материалы, хоть в виде файлов на ПК, то какое это имеет значение, если РЕЗУЛЬТАТ ПОЛОЖИТЕЛЬНЫЙ, студент усваивает программу дистанционно лучше, чем на любом дневном отделении иного ВУЗа??

Или бюрократия превыше всего у Карпенко? 
(хотя и в этом у меня большие сомнения, ибо Карпенко в бытность азм. председателя Мингорисполкома вовремя не смог прислать отписку по личному приёму!!! Месяца не хватило!!)) 
Как Лукашенко держит таких чиновников в роди министров .... да ещё и ОБРАЗОВАНИЯ.... я просто в шоке, у меня нет слов... 
Паказаць усе каментары/ 26 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру