Выданне, цытуючы заявы Каламойскага, мяркуе, што яны, па меншай меры, часткова адлюстроўваюць расчараванне алігарха заходняй дыпламатыяй і Міжнародным валютным фондам, які спадзяецца, што прэзідэнт не дазволіць Каламойскаму вярнуць сабе ПрыватБанк.

«Яны мацнейшыя ў кожным разе. Мы павінны палепшыць нашы адносіны», — сказаў Каламойскі, параўноўваючы Расію і Украіну.

«Людзі хочуць міру, добрага жыцця, яны не хочуць ваяваць. А вы, — Амерыка, — прымушаеце нас ваяваць і нават не даяце нам грошай на гэта», — цытуе выданне алігарха.

Каламойскі падкрэсліў, што ў яго няма асаблівай любові да Расіі, згадаўшы Галадамор у 1930-х гадах як адну з трагедый, якія напаткалі Украіну праз яе сувязі з Масквой.

Але, як піша выданне, Каламойскі ў нецэнзурнай лексіцы заявіў, што Захад падвёў Украіну, не даўшы дастаткова грошай або не адкрыўшы досыць рынкаў.

Замест гэтага, паводле яго слоў, Злучаныя Штаты проста выкарыстоўваюць Украіну, каб паспрабаваць аслабіць свайго геапалітычнага канкурэнта.

«Вайна супраць Расіі, — сказаў ён, — да апошняга ўкраінца».

Каламойскі заявіў, што аднаўленне сувязяў з Расіяй стала неабходным для эканамічнага выжывання Украіны. Ён лічыць, што рана вайны зажыве.

«Дайце ёй пяць, 10 гадоў, і кроў будзе забытая», — сказаў Каламойскі.

«У 2014 годзе я паказаў, што не хачу быць з Расіяй… Я аб'ектыўна апісваю тое, што бачу і куды ўсё рухаецца», — дадаў ён.

Каламойскі заявіў, што фінансаванне з Расіі можа замяніць крэдыты ад МВФ, які настойвае на антыкарупцыйных рэформах, якія раздражняюць укаранелыя бізнес-інтарэсы ва Украіне.

«Мы возьмем 100 мільярдаў долараў у расіян. Я думаю, што яны з задавальненнем далі б іх нам сёння», — сказаў Каламойскі.

«Які самы хуткі спосаб вырашыць праблемы і аднавіць адносіны? Толькі грошы», — дадаў ён.

Алігарх заявіў, што калі б ён быў прэзідэнтам Украіны, ён бы пачаў расследаванне, якога дамагаўся прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

На пытанне, ці не падставіць гэта Украіну пад удар, калі на прэзідэнцкіх выбарах у наступным годзе пераможа дэмакрат, Каламойскі адказаў: «Калі яны будуць разумнічаць з намі, мы пойдзем да Расіі».

«Расійскія танкі будуць размешчаны каля Кракава і Варшавы», — сказаў ён. «Ваша НАТА будзе мачыцца ў штаны і купляць памперсы».

Каламойскі сказаў, што ён па-ранейшаму мае намер вярнуць сабе права ўласнасці на ПрыватБанк або атрымаць кампенсацыю. Ён заявіў, што такія людзі, як Парашэнка, адказныя за нацыяналізацыю банка, павінны быць пакараныя, «і для іх павінна быць вернута смяротнае пакаранне».

Выданне адзначыла, што, паколькі міжнародныя інвестары занепакоеныя роляй Каламойскага, Зяленскі публічна настойвае на тым, што ён не верне банк яго былым уладальнікам. Каламойскі ў адказ заявіў, што прэзідэнт хлусіць.

«Ён ведае, што іх не скралі», — запярэчыў Каламойскі, кажучы пра грошы, якія ён і яго партнёр вывелі з банка. «Ён кажа тое, што вы ўсе хочаце пачуць».

Пры гэтым Каламойскі адмаўляе, што мае схаваны ўплыў на ўрад Зяленскага. Але папярэдзіў, што ён пачынае верыць у такі вобраз і здольны ўвасобіць яго ў жыццё.

«Калі я надзяваю акуляры і гляджу на сябе, як увесь астатні свет, я бачу сябе пачварай, лялькаводам, гаспадаром Зяленскага, чалавекам, які будуе апакаліптычныя планы», — сказаў Каламойскі.

«Я магу пачаць рабіць гэта па-сапраўднаму», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0