У выніку стральбы ў каледжы ў Благавешчанску загінулі два чалавекі, яшчэ трое атрымалі раненні, паведаміла ria.ru прэс-служба УМВД Расіі па Амурскай вобласці.

Паводле звестак праваахоўнікаў, раніцай 14 лістапада ў Благавешчанску да нараду паліцыі, які патруляваў вуліцы, падбег малады чалавек і паведаміў, што невядомы распачаў страляніну ў каледжы паблізу.

Прыбыўшы на месца, паліцыянты ўбачылі на другім паверсе маладога чалавека з ружжом. Ён некалькі разоў стрэліў у бок праваахоўнікаў, паліцэйскія адкрылі агонь у адказ. Стралка заблакавалі ў адной з аўдыторый, а ў гэты час паліцыянты забяспечылі выхад студэнтаў і выкладчыкаў з каледжа.

«На месцы здарэння знойдзеныя целы двух маладых людзей, у тым ліку таго, хто страляў. Паводле папярэдніх звестак, у выніку інцыдэнту пацярпелі трое чалавек. Ім аказваецца медыцынская дапамога», - гаворыцца ў паведамленні.

Адзін з параненых знаходзіцца ў цяжкім стане.

Паводле апошніх звестак, той, хто распачаў страляніну скончыў жыццё самагубствам. Паліцыянты ў часе перастрэлкі не пацярпелі.

Як паведаміў Следчы камітэт Расіі, страляў 19-гадовы студэнт каледжа. Яго ахвяры было столькі ж.

Паводле звестак паліцыі, прычынай страляніны мог стаць канфлікт паміж аднагодкамі. Студэнты распавялі СМІ, што з стралка здзекаваліся аднагрупнікі: «У групе яго гнабілі. Перастрэлку ён пачаў на вуліцы». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0