14.11.2019 / 08:51

Вадзім Галыгін у крыві і «беларускія Мальдывы». У пракат выйшаў беларускі хорар «Вупыры» 5

«На гэтае кіно не было выдаткавана ні рубля дзяржаўных грошай», — такімі словамі пачалася VIP-прэм'ера новага прадзюсарскага праекта Андрэя Курэйчыка і «Першай кінавідэакампаніі». Пра фільм «Вупыры» піша tut.by.

Фота: vk.com/upyri.belarus

Пра што кіно. Кампанія маладых людзей трапляе ў лясную глыбінку на таямнічае возера і сутыкаецца там з містычным жахам. У цэнтры сюжэту ляжыць легенда аб тым, што з надыходам ночы ўсе, хто загінуў у вадзе, ператвараюцца ў пачвараў, якія забіраюць жывых з сабой.

У крэсле прадзюсара Курэйчыку прыкметна камфортней, чым у рэжысёрскім. Па чыста фармальных прыкметах «Вупыры» маюць усе шанцы азалаціць каманду. На постары — Вадзім Галыгін. У сінопсісе — заяўка на страшэнны хорар. У рэлізах — адсылкі да беларускай міфалогіі, павер'яў і легенд. У трэйлеры — краявіды крэйдавых кар'ераў. Такое, разумееце, хоць цяпер — на экспарт. Але давайце хоць бы дачакаемся фінальных цітраў.

Складаць гучныя рэлізы і праводзіць яркія прэзентацыі — тое, што каманда Курэйчыка ўмела заўсёды. Так, з промаматэрыялаў мы даведаемся, што «такога ў Беларусі яшчэ не здымалі» (калі гаворка пра хорары, дык за «Масакру» Кудзіненкі зараз было крыўдна), а тэхнічна працэс быў арганізаваны «як на найлепшых студыях». Пры гэтым прадзюсары прызнаюцца, што «Вупыры» — выключна камерцыйны праект, які — і гэта ўжо мая аўтарская фантазія — мог бы выдатна прадавацца на сусветным рынку (удалося ж, у рэшце рэшт, у карэйцаў з «Цягніком у Пусан»). Акрамя таго, фільм мог бы палепшыць турыстычны патэнцыял краіны. Віды азёр — сапраўды паштовачныя, асабліва актуальна глядзіцца гэта ў кантэксце навінаў пра «беларускія Мальдывы», у якіх чакаюць дапытлівага бязвізавага турыста. Але мы, як і абяцалі, дачакаліся фінальных цітраў.

Фота: vk.com/upyri.belarus

За апошнія пяць гадоў жанр хорару зрабіў гіганцкі скачок з падполля фільмаў катэгорыі B на вяршыню фестываляў класа А. Аўтары «Вупыроў» у гэты час, мабыць, былі занадта занятыя пошукам фінансавання і ў выніку ўсё прапусцілі. Інакш складана растлумачыць, чаму фільм жахаў у канцы 2019-га года можа выглядаць як невыразны выраб або прытворства чыстай вады.

«Вупыры», вядома, не прэтэндуюць на пераасэнсаванне хорару як такога і на фестывальны лёс — гэта выключна жанравы атракцыён. Ці трэба яго глядзець? Як справядліва заўважыў перад прэм'ерай прадзюсар Віктар Лабковіч, трэба хадзіць на беларускае. Хоць бы таму, што ў мінскіх кінатэатрах наша кіно —куды больш рэдкі госць, чым румынскае, японскае або нават польскае. Іншае пытанне, што ўзнагародай за глядацкую цікаўнасць і дабрачыннасць стане ў выпадку «Вупыроў» ярка спакаваная другасная сыравіна. Канкурэнтаздольнасць як адзін з галоўных фактараў выжывання на кінарынку тут падмяняецца місіянерскім «Купляй беларускае!».

Магістральная легенда фільма прагаворваецца ў мультыплікацыйным інтра ў самым пачатку, а не разблытваецца дзесьці следам за інтрыгай. У персанажаў толькі што на футболках не напісана, хто добры, а хто дрэнны.

Фабула аб чацвярых маладых людзях, якія вырашылі правесці ўікэнд у райскім лесе, але нешта пайшло не так, — увогуле класіка жанру. І як у выпадку з любой класікай яе можна пралічыць на два крокі наперад. У гэтым выпадку глядацкую дальнабачнасць кампенсуе рэжысура: нядаўняя аўстралійская «Смяротная зямля» або брытанскае «Райскае возера» прымушаюць уціскаецца ў крэсла. «Вупыры» ж у асноўным — паглядаць на гадзіннік.

Што да галоўных механізмаў хорару — наводзіць жах і нагнятаць саспенс — «Вупыры» не грэбуюць ні бу-эфектамі, ні джампскейрамі. Што само па сабе нядрэнна, калі гэта нечакана і не адзіна магчымы спосаб напалохаць. І зусім сумна, калі гэта — усё, што ёсць у аўтараў фільма, каб застацца ў жанры. Гэта і «трупны» грым тапельцаў, які нагадвае трохі патоўшчаную версію модных бульбяных масак. Жах жа разам з героямі гледачы павінны адчуць у тыя 20 хвілін, пакуль будучыя ахвяры бегаюць па лесе з «гоўпро».

Фота: vk.com/upyri.belarus

Трошкі жудасна выглядаюць, мабыць, толькі сцэны з бабуляй і яе сынам, якія мармычуць паганскія загаворы і паляць вогнішча. Але калі гэтым летам вы паспелі зацаніць «Сонцастаянне» Ары Астара, то «Вупырам» і тут прыйдзецца саступіць.

За камедыйны пачатак праекта мог бы адказваць Вадзім Галыгін, але, па-першае, жартаў усяго тры. Па-другое, нават тыя прайграюць скетчам таго ж Галыгіна ўзору 2001-га года. У карціне нават ёсць сацыяльны і палітычны падтэкст, які глядзіцца хай і наіўна, але не без цікавасці. У рэшце рэшт, не кожны дзень з вялікага экрана гучыць гімн у іранічным кантэксце.

А вось калі роўна на сярэдзіне ў фільм уварвецца кліп «Срэбра», не здзіўляйцеся: рэжысёр Андрэй Грынько — вядомы беларускі кліпмэйкер (відэа для гуртоў «J: Морс» і Nizkiz). Але вы гэта заўважыце і без нас: кожная музычная сцэна ў «Вупырах» жыве сваім жыццём і можа з поспехам раціравацца ў ранішнім эфіры любога з беларускіх тэлеканалаў. У гэтым святле да канца не ясна, чаму пракатны рэйтынг фільма ў цітрах — 18+. Пасцельная сцэна ў намёце знятая з такой цнотай, што заўваг не ўзнікла б нават у спадара Мядзінскага. А сцэны «жорсткасці і гвалту» не пераўзыходзяць яго ўзровень у свежай анімацыі пра сямейку Адамс.

Фота: vk.com/upyri.belarus

«Вупыры» нельга лічыць правальным праектам: як мінімум давайце дачакаемся паказчыкаў па зборах і паглядзім, ці прыйшоўся беларускі хорар па душы беларускаму ж гледачу, бо вячэрнія сеансы ў дзевяці кінатэатрах — добры старт пракату. Але патэнцыял, закладзены на стадыі ідэі праекта, рэалізаваць усё ж такі не выйшла. Так што казаць пра грошы ў кантэксце фільма сапраўды выходзіць куды цікавей, чым пра кіно.

0
Victor / Адказаць
14.11.2019 / 09:27
Беларускі хорар быу́ бы непоу́ным без пассаціку б3 -))
2
Будулай / Адказаць
14.11.2019 / 09:40
Галыгин. Нет. Прайду  мимо. 
0
Кажыма праўду / Адказаць
14.11.2019 / 11:09
Глядзіма інтэрв'ю са сцэнарыстам і прадзюсерам Андрэем Курэйчыкам і прадзюсерам Віктарам Лабковічам «Жахі на купальскую ноч — чым адметны беларускі хорар "Вампіры"?» на youtube-канале Euroradio Live.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру