У навагоднюю ноч сябры незарэгістраванага «Зубра» ўзьнялі на Кастрычніцкай плошчы 10 бел-чырвона-белых сьцягоў.

Перасьлед актывістаў

Аляксандра Дарафеева, сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, 21 сьнежня затрымалі ў сваёй кватэры: яго падазраюць у дачыненьні да рабаўніцтва (Дарафееў кажа, што падвозіў меркаваных «рабаўнікоў», але ня ведаў пра злачынства).

Каля Жлобіна 23 сьнежня міліцыянты спынілі машыну актывіста Ўладзімера Кацоры й канфіскавалі 57 тыс. навагодніх віншавальных паштовак ад Мілінкевіча.

Кіраўніка Янаўскага раённага штабу Ўладзімера Казеку затрымалі 29 сьнежня ў Белаазёрску, забраўшы 800 нумароў «Народнай Волі».

У ноч на 31 сьнежня супрацоўнікі ДАІ затрымалі ў Віцебску Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка віцебскага штабу, і правялі несанкцыяваны надгляд. Яго змусілі даць пісьмовыя тлумачэньні пра паходжаньне інструкцыяў зьбіральнікам подпісаў і матэрыялаў пра адзінага.

У СПБ

Анжаліку Борыс 21 сьнежня выклікалі да сьледчага на вочную стаўку з дырэктарам шчучынскага Дому палякаў Віктарам Богданам: ён вінаваціць актывістаў СПБ у запалохваньні. 29 сьнежня сьледзтва па гэтай крымінальнай справе пракуратура падоўжыла яшчэ на месяц.

26 сьнежня каля Сапоцкіна затрыманыя «за парушэньне рэжыму знаходжаньня ў памежнай зоне» галоўны рэдактар газэты «Głos znad Niemna ў эміграцыі» А.Пісальнік, галоўны рэдактар часопісу «Magazyn Polski» Андрэй Пачобут ды кіроўца Анджэй Лісоўскі. Яны ехалі на калядную сустрэчу.

У Сьветлагорску

Раённы суд 13 сьнежня аштрафаваў актывіста ТБМ Вадзіма Богдана на 300 тыс.руб. за ўлёткі, знойдзеныя ў яго кватэры. Сябра ПБНФ Тэльман Масьлюкоў накіраваў заяву ў пракуратуру: праверыць правамернасьць дзеяньняў міліцыянтаў, якія правялі ператрус кватэры. Міліцыянты вярнулі адзін з ксэраксаў.

Прэса пад прэсам

12 сьнежня суд Менску пакінуў у сіле рашэньне суду Кастрычніцкага раёну, каб «БДГ. Деловая газета» і журналіст Сяргей Сацук сплацілі былому супрацоўніку АМОНу Сяргею Бядрыцкаму штраф: з газэты — 20 млн руб., з Сацука — 2 млн.

Пасьля дадатковай праверкі Менская раённая пракуратура 14 сьнежня пастанавіла не пачынаць крымінальную справу па факце сьмерці журналіста Васіля Гроднікава.

Суд Партызанскага раёну 15 сьнежня адмовіў Ігару Шынкарыку: актывіст АГП падаў судовы пазоў на РУП «Белпошта», якое ня ўнесла газэту «Народная Воля» ў падпісны каталёг.

На рэдактара недзяржаўнага інфармацыйнага бюлетэню «Назіральнік» Паўла Красоўскага з Жодзіна 15 сьнежня завялі адміністрацыйную справу: яго вінавацяць у «факце зьнявагі дзяржаўнай асобы» за карыкатуру ў выданьні.

«Берасьцеаблсаюздрук» 16 сьне-жня адмовіў газэце «Ганцавіцкі час» у распаўсюдзе на 2006 г.

З 1 студзеня недзяржаўная газэта «Химик» у Наваполацку будзе даступная толькі па падпісцы: полацкае аддзяленьне «Віцебскаблсаюздруку» адмовіла ў распаўсюдзе.

Прафсаюзнае выданьне «Салідарнасць» 23 сьнежня спыніла выхад. Гарадзенская абласная друкарня 27 сьнежня адмовілася друкаваць «Газету Слонімскую» ў 2006 г.

Сьледзтва па забойстве журналісткі Веранікі Чаркасавай спынена 27 сьнежня «ў сувязі зь неўстанаўленьнем асобы, якая падлягае прыцягненьню да адказнасьці ў якасьці абвінавачанага». Яе сына Антона затрымалі 29 сьнежня й зьмясьцілі ў СІЗА, хлопца вінавацяць у вырабленьні і збыце фальшывых купюраў.

Аўтуховіча выпусьцілі

Мікалая Аўтуховіча 27 сьнежня перавялі ў ваўкавыскую больніцу, зьмяніўшы меру стрыманьня на падпіску пра нявыезд. Прадпрымальнік трымаў галадоўку 74 дні, схуднеў на 40 кг.

У Гомелі

Актывіста БСДП(Г) Яўгена Фурсеева 14 сьнежня звольнілі з пасады выкладчыка паліталёгіі Гомельскага ўнівэрсытэту.

20 сьнежня каля будынку УКДБ затрыманыя моладзевыя актывісты Андрэй Кірылаў, Дзяніс Чыкалёў, Зьміцер Саўчанка: яны трымалі партрэты зуброўца Андрэя Зайцава, які скончыў жыцьцё самагубствам у 2001 г., калі яго дапякаў кагэбіст.

Галадоўка ў Калінкавічах

Чарнобыльскі ліквідатар, інвалід ІІ групы Васіль Сіліверст абвясьціў 16 сьнежня галадоўку ў Калінкавіцкім раённым судзе: ён дамагаецца, каб прызналі, што ягоная інваліднасьць выкліканая ўдзелам у ліквідацыі наступстваў Чарнобылю.

Дзень салідарнасьці

15 сьнежня ў Барысаве падчас распаўсюду ўлётак да Дня салідарнасьці затрымалі Алесю Ясюк. Паўла Маджару затрымалі 15 сьнежня ў Гомелі за распаўсюд улётак з інфармацыяй пра Дзень салідарнасьці. У Сьветлагорску 16 сьнежня затрымалі ўдзельнікаў Дня салідарнасьці Т.Масьлюкова, Андрэя Музычэнку, Вадзіма Данільчанку, Руслана Лютарэвіча, актывіста ПКБ Мікалая Міхалькевіча. Юр’я Калычава, Данілу Барысевіча, Руслана Мацьвеева затрымалі ў Менску, калі яны фатаграфавалі запаленыя ў вокнах сьвечкі.

Назіральнік у пастарунку

Міколу Астрэйку 17 сьнежня завезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік, каб адседзеў 11 з 15 сутак за правядзеньне несанкцыяванага сходу, якія не адбыў праз хваробу.

Рэлігійны перасьлед

Пратэстанцкай суполцы «Сьвятло сьвету» аб’яднаньня Хрысьціянаў поўнага Эвангельля пагражае ліквідацыя: яна страціла юрыдычны адрас.

Пробашчу каталіцкай парафіі ў Барысаве, грамадзяніну Польшчы Робэрту Кшывіцкаму 20 сьнежня не падоўжылі візу на 2006 г. з ініцыятывы Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў.

Штрафы на БХК

Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду 20 сьнежня забавязаў ГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» сплаціць каля 75 тыс. даляраў падаткаў і штрафаў за гранты, атрыманыя ад эўрапейскіх структураў.

У Горадні

Уладзімера Леванеўскага затрымалі 22 сьнежня ў Горадні падчас распаўсюду бюлетэню «Предприниматель».

Гарадзенскі абласны суд 15 сьнежня ліквідаваў ГА «Таварыства вышэйшай беларускай школы»: яно не прайшло перарэгістрацыі.

Суды за салідарнасьць з прэсай

23 сьнежня міліцыянты ў Баранавічах пачалі складаць пратаколы на ўдзельнікаў пікету ў абарону недзяржаўнай прэсы, што адбыўся 10 сьнежня, — Віктара Мезяка, Аркадзя Блінкоўскага, Сяргея Гоўшу, Віктара Сырыцу.

За ўдзел 10 сьнежня ў акцыі падтрымкі недзяржаўнай газэты «Віцебскі кур’ер» 28 сьнежня ў Віцебску аштрафаваныя на 580 тыс.руб. сацыял-дэмакраты А.Гаўруцікаў, Зьміцер Караткевіч, Кацярына Сампоева, Іван ды Аляксандра Церашы, актывіст ПБНФ К.Смолікаў.

Моладзьдзю цікавяцца

Моладзевага актывіста Паўла Юхневіча затрымалі 24 сьнежня каля касьцёлу сьв.Сымона й сьв. Алены ў Менску ды завезьлі ў Маскоўскі РУУС.

27 сьнежня ў Менску на кватэры моладзевага актывіста Сяргея Рыкава адбыўся ператрус, які без аніякіх дакумэнтаў правёў міліцыянт і двое ў цывільным. У Маскоўскім РУУС хлопца дапытвалі супрацоўнікі КДБ.

Зарэмбюка баяцца

У дэпутата Мастоўскага райсавету, сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Алеся Зарамбюка 27 сьнежня міліцыя брала тлумачэньні наконт бюлетэню «Мастоўская праўда». Ён заявіў, што ня мае дачыненьня да выданьня.

Мін’юст трэпле партыям нэрвы

27 сьнежня міністэрства вынесла паўторнае папярэджаньне Беларускай экалягічнай партыі зялёных, БСДП(Г), партыі жанчын «Надзея», ПБНФ, Патрыятычнай партыі за адсутнасьць юрадрасоў у нізавых суполак.

Наркотыкі і фальшывыя даляры

Актывіста БСДП(Г) П.Маджару з Гомелю затрымалі 23 сьнежня. У яго знайшлі пакецік з 1,5 г марыхуаны й завялі крымінальную справу за «незаконны абарот наркотыкаў». Хлопец кажа, што наркотыкі падкінулі.

27 сьнежня ў Менску затрымалі Сяргея Папкова, кіраўніка ініцыятыўнай групы З.Пазьняка: яго зьвінавацілі ў збыце фальшывай купюры. Пры ператрусе на кватэры сябры КХП-БНФ міліцыянты правяралі файлы на ягоным кампутары.

Графіці—крымінал

Уначы на 28 сьнежня за маляваньне графіці «16» затрымалі моладзевых актывістаў Аляксандра Казакова й Зьмітра Зубра. Іх трымалі ў пастарунку больш за двое сутак і распачалі справу паводле арт.363 КК (супраціў работніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак). Хлопцам пагражаюць абмежаваньне волі тэрмінам ад шасьці месяцаў да 3 гадоў.

Зачыненая «Беларуская пэрспэктыва»

28 сьнежня Вярхоўны суд ліквідаваў міжнароднае ГА «Беларуская пэрспэктыва» за рэгістрацыю юрадрасу ў жылым фондзе й выкарыстаньне ў назьве слова «беларуская». Віцебскі гарвыканкам 28 сьнежня паведаміў, што спыняе дамову на арэнду офісу для ГА «Прыватныя ініцыятывы».

Прафэсару Алегу Манаеву, кіраўніку зарэгістраванага ў Вільні Інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, 30 сьнежня пракуратура вынесла папярэджаньне за сацапытаньні, праведзеныя «з парушэньнем устаноўленага парадку». Манаеў кажа, што праводзіць сацапытаньні як прыватная асоба.

Штраф за Фядуту

Работніцу трактарнага заводу Раісу Кацько пакаралі штрафам на 58 тыс.руб. за продаж кніг і газэтаў у неналежным месцы. Жанчына мяркуе, што падстава — продаж кнігі А.Фядуты «Аляксандар Лукашэнка».

Камэдыя пад забаронай

30 сьнежня не адбылося прэм’еры беларускамоўнай вэрсіі фільму «Любоў насамрэч»: адміністрацыя Менскага палацу дзяцей і моладзі адмовілася ад імпрэзы. Падставай стала тое, што арганізатарам выступіла не юрыдычная асоба, а група моладзі.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0