Беларусь ініцыюе ўнясенне змяненняў у сумесную з Расіяй дамову аб узаемных намаганнях у ахове мяжы, якая дзейнічае з 1995 года. Такая задача пастаўлена сёння кіраўніком дзяржавы, паведаміў журналістам дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась па выніках даклада кіраўніку дзяржавы, перадае БЕЛТА.

«Шэраг палажэнняў гэтага дагавора, безумоўна, страцілі сваю актуальнасць. Часу прайшло нямала, сітуацыя змянілася. Шэраг палажэнняў прыносяць рэальную карысць, выконваюцца двума бакамі. Але ў цэлым дамова патрабуе актуалізацыі і ўзмацнення, — сказаў Станіслаў Зась. — Сітуацыя, якая складваецца на агульных межах, патрабуе больш ўзгодненых дзеянняў абодвух зацікаўленых ведамстваў і абедзвюх краін. Мы да гэтага гатовы».

У 1995 годзе Беларусь і Расія падпісалі дамову аб сумесных намаганнях у ахове знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы. Яна аўтаматычна падаўжаецца кожныя пяць гадоў, і ў лістападзе зноў заканчваецца тэрмін дзеяння гэтага дакумента. Неабходнасць падаўжэння дамовы і паслужыла прычынай прааналізаваць ўзаемадзеянне пагранічных ведамстваў Беларусі і Расіі. Раней Аляксандр Лукашэнка даручаў прапрацаваць гэтую тэму з расійскімі партнёрамі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь на 100% выконвае свае абавязацельствы. Гэта, паводле яго слоў, датычыцца ў першую чаргу барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў і зброі, нелегальнай міграцыяй і пошуку выкрадзеных аўтамабіляў.

«Памежнае ведамства Беларусі проста ў разы больш эфектыўна працуе на сумесных межах, — заявіў Лукашэнка. — Мы на першых метрах нашай агульнай айчыны надзейна абараняем як свае інтарэсы, так і нашага галоўнага саюзніка — Расійскай Федэрацыі. Быццам бы праблем няма, але ў той жа час, паводле інфармацыі іншых ведамстваў, яны ёсць».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што паміж памежнікамі Беларусі і Расіі праблем няма, паміж ваеннымі і транспартнікамі таксама ўсё гладка, але калі ўсе пытанні выводзяцца на ўрадавы ўзровень, раптам з'яўляецца куча пытанняў.

«Як вынік, нас пастаянна папракаюць: «Мы ледзь не ўтрымліваем Беларусь. Яна абрынецца, калі мы яе не будзем датаваць, утрымліваць». Трэба палічыць, чаго нам каштуе абарона сумеснай мяжы. Нагадаць ім пра сістэму супрацьпаветранай абароны: яны доўга прасілі мяне, каб мы зрабілі яе сумесна. Ад Балтыкі да Чорнага мора мы сёння працуем на Расійскую Федэрацыю. Гэта таксама грошай каштуе, і не толькі грошай. і мы ўсё роўна нахлебнікі», — абурыўся ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што цяпер Беларусь і Расія вядуць перамовы па паглыбленні інтэграцыі. Паводле яго слоў, усе пытанні, якія ўзнікаюць неабходна «звесці, пакласці на стол і паказаць: старэйшыя браты-расіяне, вы паглядзіце, якія паслугі мы вам аказваем, і гэта нятанна». Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што нядаўна Беларусь за свае грошы закупіла ў Расіі самалёты Су-30см. «Але мы ж выконваем і функцыі абароны на гэтым напрамку Расійскай Федэрацыі, народа Расіі. Дык чаму нам не дапамагчы? Чаму не паставіць сучасную зброю? Мы ўмеем ёй карыстацца не горш, чым расіяне, але плацім за гэта каласальныя грошы.

Я не да таго, што мы не будзем выконваць свае функцыі. Я да таго, што не трэба вякаць у сродках масавай інфармацыі і нават ужо на дзяржаўным узроўні, што беларусы — гіры на нагах», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Таму трэба ўсе гэтыя пытанні зводзіць на ўзроўні ўрада і на стол: вось, мы дапамагаем. І каб расійскае грамадства ведала і разумела, што ніякія беларусы не нахлебнікі, што рускаму чалавеку, расіяніну, у Беларусі не горш, чым у Расіі. Давайце прама казаць: лепш, чым у Расіі. І яны гэта адзначаюць, — сказаў ён. — Таму, калі расійскае кіраўніцтва гатовае ў гэтым кірунку дзейнічаць, тады давайце будзем з імі заключаць новы дагавор па абароне нашых межаў.

Калі расіяне не хочуць гэтага, тады нам трэба быць гатовымі, як мы і працуем зараз, дзейнічаць, абараняючы свае інтарэсы ад імя Рэспублікі Беларусь, у адзіночку.

Усе гэтыя пытанні павінны быць адкрытыя, сумленныя і абмяркоўвацца на перамовах з кіраўніцтвам Расійскім Федэрацыі, у дадзеным выпадку з памежным ведамствам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0