15.11.2019 / 08:40

Праваабаронца просіць пракуратуру даць ацэнку словам выкладчыцы БДЭУ аб датэрміновым галасаванні 2

Аксана Аніскевіч. Скрыншот з відэа.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч звярнуўся з заявай у Пракуратуру Заводскага раёна Мінска з нагоды прымусу да датэрміновага галасавання з боку выкладчыцы БДЭУ, прыкметы якога праглядаюцца ў відэазапісе, размешчанага на сайце Радыё Свабода і іншых СМІ.

З відэа вынікае, што 13 лістапада 2019 г. выкладчыца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту (БДЭУ) Аксана Аніскевіч, выступаючы на сходзе студэнтаў Інстытуту сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ, даводзіла да апошніх інфармацыю аб абавязковым удзеле паўнагадовых студэнтаў у датэрміновым галасаванні на выбарах дэпататаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Выкладчыца распавядае, што студэнты абавязаныя прыняць удзел менавіта ў датэрміновым галасаванні, паколькі, паводле яе слоў, у адваротным выпадку будуць «церабіць» заведуючага кафедрай, дэканат і яе асабіста. Таксама ў падтрымку сваіх слоў аб абавязковым удзеле студэнтаў у выбарах А. Аніскевіч прыводзіць аргументы аб тым, што «там усё адсочваецца, які пакой прыйшой, які інтэрнат» і яна не хоча каб з-за «гэтага» (неўдзелу студэнтаў у выбарах) «маю групу ці мяне «скланялі» і яна спадзяецца, што яны (паўнагадовыя дзяўчынкі) «нікога не падставяць».

«З дадзеных словаў А. Аніскевіч вынікае, што з боку адміністрацыі БДЭУ існуе кантроль за ўдзелам студэнтаў менавіта ў датэрміновым галасаванні, а выкладчыкам дадзенай навучальнай установы пастаўлена задача арганізаваць удзел студэнтаў у выбарах пад пагрозай асабістай адказнасці за невыкананне гэтай задачы», — нагадвае ў заяве праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч мяркуе, што паколькі А. Аніскевіч з’яўляецца прадстаўніком адміністрацыі БДЭУ і студэнты знаходзяцца ў яе непасрэдным падпарадкаванні, то такога кшталту словы ў сукупнасці з інфармацыяй аб кантролі за ўдзелам у выбарах відавочна носяць для іх загадны, абавязковы характар ці прынамсі могуць быць так успрынятыя імі.

Праваабаронца нагадвае, што ў адпаведнасці з арт. 3 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў з’яўляюцца свабоднымі і праводзяцца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаванні.

Згодна з арт. 5 Выбарчага кодэкса выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, удзел у рэферэндуме з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык, удзельнік рэферэндума асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах, рэферэндуме, за каго галасаваць на выбарах, за што галасаваць на рэферэндуме. Акрамя таго права свабоднага ўдзелу ў выбарах з’яўляецца правам, гарантаваным арт. 65 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Валянцін Стэфановіч нагадвае, што ў арт. 49 Выбарчага кодэкса пазначана: «асобы, якія ажыцяўляюць перашкоды свабоднаму ажыцяўленню грамадзянінам Рэспублікі Беларусь права свабодна абіраць і быць абраным нясуць адказнасць, устаноўленую дзеючым заканадаўствам».

Валянцін Стэфановіч лічыць, што дзеянні Аніскевіч носяць супрацьпраўны характар і парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян а таму просіць правесці пракурорскую праверку ўказаных ім у скарзе фактаў парушэння дзеючага заканадаўства.

Ён спадзяецца, што згодна з арт. 49.1 Выбарчага кодэксу скарга будзе разгледжаная ў трохдзённы тэрмін.

1
Палкоўнiк Зэман. / Адказаць
15.11.2019 / 09:09
Адказ з пр-ры: усё пад кантролем, парушэнняў няма!
1
Ladzimir / Адказаць
15.11.2019 / 12:41
За гэта трэба заводзіць крымінальную справу- агітацыя за кандыдатаў у час правядзення выбараў. Гэтага няма ні ў воднай краіне. Толькі ў нас- сацыяльна-арыентаванай дзяржаве- дзе ўсяму нашаму кіраўніцтву ад мала да вяліка жывецца вальготна .Гэтая праслойка ( кіраўніцтва краіны, іхнія памагатыя , іхнія блізкія і родныя, афіцыйныя і неафіцыйныя кабеты і г.д.) нарэшце дасягнулі мары - кожнаму па патрэбнасці, незалежна ні ад чаго - толькі жаданне!!!
Наступны крок- для ўсіх астатніх.
Але гэта вельмі доўгі крок. Пры існуючай ўладзе ен можа расцягнуцца не некалькі стагоддзяў, калі не тысячагоддзяў. 
Але паважаныя- не губляйце сваей надзеі. Не вы, дык, унукі, не ўнукі- дык праўнукі, не праўнукі- дык ПРА-ПРА-ПРА-..........................................

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру