У Кастрычніцкі РАУС Віцебска звярнулася мясцовая жыхарка, якая стала ахвярай махляроў. Жанчына засталася без 37 тысяч рублёў, паведамляе МУС.

Паводле слоў 48-гадовай віцяблянкі, усё пачалося са знаёмства з мужчынам на адным з сайтаў. Той называўся бежанцам з Расіі і распавёў, што доўгі час жыў на Гавайскіх астравах, а цяпер працуе ў афганскай авіяцыі, праўда, плануе звольніцца з-за праблем з налічэннем зарплаты. Пасля некалькіх дзён актыўных зносін у інтэрнэце мужчына прапанаваў суразмоўніцы не толькі сустрэцца асабіста, але і перабрацца да яе жыць.

Выканаць рамантычную мару перашкаджала фінансавая праблема. Лавелас не мог вывезці з краіны зберажэнні: $150 тысяч і пяць брыльянтаў «завіслі» у адным з банкаў. Дапамагчы мусіла лагістычная фірма і даверлівая беларуска, з якой у хуткім часе звязаліся прадстаўнікі арганізацыі. Яны папрасілі перавесці на рахунак $2,5 тысячы ў якасці падстрахоўкі. Аднак пасля першага траншу па надуманых прычынах з'явіліся дадатковыя запыты. У выніку за некалькі дзён віцябчанка перавяла ашуканцам больш за 37 тысяч рублёў. Ніякіх каштоўных камянёў яна так і не атрымала.

Жанчына зразумела, што яе падманулі, і звярнулася ў міліцыю. Па выніках праверкі следчыя распачалі крымінальную справу па факце махлярства ў асабліва буйным памеры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0