Расійскія стратэгічныя бамбавікі Ту-22М3 летам гэтага года адпрацоўвалі нанясенне ракетнага ўдару па Адэсе. Пра гэта распавёў камандуючы Ваенна-марскімі сіламі Украіны адмірал Ігар Варончанка на трэцяй міжнароднай канферэнцыі па марской бяспецы краін прычарнаморскай рэгіёну, піша rbc.ru са спасылкай на сайт «Думская».

Па словах Варончанкі, самалёты ажыццявілі ўмоўны пуск за 60 км ад Адэсы, а затым павярнулі ў бок праліва Басфор. Вучэнні, якія ён назваў правакацыйнымі, прайшлі 10 ліпеня, сцвярджае ён.

У сваім дакладзе Варончанка таксама заявіў, што Расія нарошчвае вайсковую прысутнасць у Чорным моры. Па яго падліках, ад 2014 года колькасць караблёў расійскага Чарнаморскага флоту вырасла з 34 да 49, у тым ліку падводных лодак — з адной да сямі.

Акрамя таго, як вынікае з выступу камандуючага ВМС Украіны, Расія пастаянна мяняе склад насельніцтва Крыму, перасяліўшы туды за апошні год да 100 тысяч чалавек. У «пастаяннай гатоўнасці да ўварвання ва Украіну» знаходзіцца да 30 батальённых тактычных груп, сцвярджае Варончанка.

У міжнароднай канферэнцыі па марской бяспецы краін прычарнаморскага рэгіёну бяруць удзел вайскоўцы і дыпламаты з краін чарнаморскага рэгіёну, а таксама ЗША, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Швецыі. На ёй абмяркоўваюць пытанні, звязаныя з палітыкай Расіі, удакладняе выданне.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?