15.11.2019 / 15:44

Беларусаў пачалі масава штрафаваць у Расіі за перавышэнні хуткасці па камерах, раней такой магчымасці не было  11

Расейскія ўлады даўно хацелі ўзяцца за беларусаў і іншых замежнікаў, якія застаюцца беспакаранымі, хоць перавышаюць хуткасць на расійскіх дарогах, што фіксуюць камеры фотафіксацыі.

Яшчэ б: прынцып непазбежнасці пакарання, па сутнасці, не працаваў, і можна толькі ўявіць, якія сумы губляў бюджэт Расіі з-за неспагнаных з іншаземцаў штрафаў. Але, падобна, усё мяняецца.

Суразмоўца abw.by Аляксандр распавёў, што беларусаў у Расіі па камерах пачалі штрафаваць пачкамі. Для гэтага супрацоўнікі ДІБДР спыняюць аўто з беларускімі нумарамі на стацыянарных пастах. Асабіста ён сам у пачатку лістапада быў спынены інспектарам і атрымаў адразу 9 пастаноў на выплату штрафу (усе адсканаваныя дакументы аўтамабіліст даслаў у рэдакцыю Аўтабізнэсу). Былі улічаны ўсе перавышэнні хуткасці, дапушчаныя ім за два апошнія месяцы. Больш раннія парушэнні залічаны не былі.

Аляксандр распавёў «Аўтабізнэсу»:

— Я беларус, працую ў Маскве і на выходныя часта езджу ў Беларусь. Вядома, дзесьці і парушаю. Плыня аўто з Беларусі ў Маскву і назад вельмі вялікая і ў будні, і ў выхадныя: гэта і легкавы транспарт, і грузавікі, і мікрааўтобусы… Бачу, што за беларусаў ДІБДР узялася вельмі сур'ёзна. Паступіла, мабыць, распараджэнне спыняць замежнікаў і складаць пастановы за парушэнні, зафіксаваныя камерамі.

Мяне першы раз спынілі 4 лістапада на трасе М1 у Маскоўскай вобласці на першым пасце, адразу пасля Гагарына па дарозе з Беларусі. Інспектар, які мяне афармляў, кудысьці тэлефанаваў (як потым высветлілася, у цэнтр відэафіксацыі ДІБДР ГУ МУС па Маскоўскай вобласці), высылаў сканы маіх дакументаў (правы, пашпарт, тэхпашпарт), а адтуль у адказ праз нейкую праграму прыйшлі пратаколы. У выніку аказалася, што камеры ажно 9 разоў зафіксавалі маё перавышэнне хуткасці за два апошнія месяцы, першае датавана 16 верасня.

Вядома, я парушаў і раней, але ўлічылі толькі парушэнні за два апошнія месяцы. Адпаведна, было аформлена 9 пастаноў. Штрафы — 500 і 1000 расійскіх рублёў у залежнасці ад таго, наколькі была перавышаная хуткасць. Агульная сума — 6000 рублёў (прыкладна 200 беларускіх рублёў — НН).

На пасце перада мной афармлялі хлопцаў, таксама беларусаў, якія займаюцца камерцыйным возніцтвам, — у іх аж 15 пратаколаў аказалася за два месяцы! На шчасце, у Расіі існуюць зніжкі для парушальнікаў: пры выплаце штрафу не пазней за 20 дзён з дня вынясення пастановы яго сума ў два разы меншая. Яшчэ расійскае заканадаўства лаяльна ў тым, што калі дазволеная хуткасць, скажам, 70, то плюс 20 кіламетраў у гадзіну ты можаш ехаць беспакарана, за 90 у гэтым выпадку ніхто не аштрафуе. Але асабіста ў мяне, каюся, іншыя лічбы: я езджу даўно і прыкладна ведаю, дзе няма людзей і можна «прытапіць».

На пасце ў той дзень сабралася цэлая чарга з беларусаў: за мной было яшчэ 3 ці 4 чалавекі.

Цікава, што 11 лістапада я вяртаўся на працу ў Маскву — зноў тармазілі ўсіх беларусаў, мяне ў тым ліку. Я ўжо падрыхтаваўся, узяў з сабой пастановы. Інспектар, калі ўбачыў іх, сказаў: «Ну, свабодны!» А так стаяла 3—4 аўто беларускія.

Інспектар патлумачыў, што яны пачалі працу з 1 лістапада, зараз такая практыка будзе пастаянна — да Новага года далі каманду абкатаць сістэму. Паводле яго слоў, з 1 студзеня 2020 года пастановы будуць дасылаць беларусам на дом. Нібыта ў іх ужо ёсць доступ да базы аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі.

«Мы бачым, хто ўладальнік, і будзем адсылаць пастанову па месцы яго жыхарства ў Беларусі. Так што расійскія штрафы будзеце аплачваць ўжо дома, у Беларусі», — сказаў мне інспектар. Будзе такое ці не, як кажуць, пажывём — пабачым.

У Маскве камер вельмі шмат, там я стараюся не парушаць, прычым яны ловяць не толькі на хуткасць, а фіксуюць розныя парушэнні, як, напрыклад, заезд за стоп-лінію, перасячэнне суцэльнай лініі разметкі, праезд на чырвонае святло і г.д. Інспектар сказаў, што Масква — гэта асобны рэгіён, там і будуць выносіцца пастановы.

Як піша Аўтабізнэс, прымусіць беларусаў і іншых замежнікаў плаціць штрафы за парушэнні, зафіксаваныя камерамі хуткасці, — даўняя мара расейцаў. Яшчэ ў 2017 годзе са спасылкай на ДІБДР «Коммерсант» пісаў, што праваахоўныя органы Расіі, Беларусі і Казахстана наладзяць абмен інфармацыяй аб парушальніках.

«У выпадку калі парушэнне фіксуецца ў аўтаматычным рэжыме, штраф кіроўцу, зарэгістраванаму на тэрыторыі краін Мытнага саюза, не прыходзіць. Сістэма фотавідэафіксацыі ў Расеі хоць і распазнае нумар аўтамабіля, не валодае дадзенымі аб уладальніку, а значыць, не можа выслаць «ліст шчасця». Акрамя таго, парушэнне хуткаснага рэжыму не ўваходзіць у пералік узаемнапрызнаваных парушэнняў, замацаваных у канвенцыі 1997 года. Для вырашэння гэтай праблемы, як растлумачылі «Коммерсанту» ў ДІБДР, і патрэбны доступ да базы дадзеных беларускіх праваахоўных органаў (ДАІ Рэспублікі Беларусь) і МУС Казахстана». Гэта значыць, зараз, мяркуючы па ўсім, доступ у расейцаў да базы беларускіх аўто ёсць, але дадому пастанова пакуль што не адсылаецца, а афармляецца проста на дарозе.

Тое, што беларусаў за парушэнні ПДР у Расеі пачнуць штрафаваць ўжо ў першым паўгоддзі гэтага года, заяўляў у сакавіку 2019-га кіраўнік ДІБДР Міхаіл Чэрнікаў. Тады ж была праведзена калегія з Беларуссю па інфармацыйным узаемадзеянні і абмене Правіламі дарожнага руху.

«І ўсе тыя парушэнні ПДР як у Беларусі, так і ў Расіі праз 70 сутак будуць перададзены на тэрыторыю той краіны, дзе пражывае той ці іншы грамадзянін, — гэта спагнанне ў прымусовым парадку штрафаў», — сказаў Чэрнікаў.

15
Непрыхвасьцень / Адказаць
15.11.2019 / 16:09
Никогда такого (западло от расеюшки) не было и вот опять.. то ли ещё будет..
6
Леонид -А / Адказаць
15.11.2019 / 17:52
Начали массово штрафовать нарушителец ПДД ! В годы службы в СА (КДВО 83 -85 ) я тведо усвоил -,, долб-...зм от национальности не зависит !"
2
Матёрый / Адказаць
15.11.2019 / 17:58
ГАИ Беларуси будит штрафовать россиян за нарушение ПДД РБ?! Я думаю все помнят историю с репером Тимати.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру