27.11.2019 / 17:35

Дзіцячы прыгодніцкі комікс на беларускай мове стаў даступны ў анлайне

У Беларусі выпусцілі прыгодніцкі комікс «Погляд у мінулае» пра школьніцу Алесю і яе сяброў, якія знаходзяць выйсце з любой незвычайнай сітуацыі з дапамогай акуляраў. Гэта пачатак серыі з трох коміксаў, створанай у падтрымку дабрачыннага праекта Беларускага дзіцячага фонду і кампаніі А1 «Я бачу!».

Цяпер комікс даступны і ў анлайне. З'явілася і адмысловая серыя сцікераў для месенджараў Viber і Telegram.

Гісторыя пачынаецца напрыканцы летніх вакацый у невялікім дачным доміку. Галоўная гераіня Алеся знаходзіць стары дзённік свайго дзядулі-вучонага, пасля чаго жыццё дзяўчынкі становіцца падобным да прыгодніцкага дэтэктыва. Таямнічыя шыфры, старажытныя камяні, касмічныя караблі — усё гэта знойдуць чытачы на старонках комікса. 

«Праект «Я бачу!» імкнецца не только своечасова правяраць зрок у дзяцей, але і распавядаць, як правільна пра яго клапаціцца. Данесці гэту інфармацыю школьнікам — адна з нашых галоўных задач. Мы ўжо праводзілі майстар-клас па правільным харчаванні і размяшчалі сацыяльную рэкламу на білбордах Мінска і Брэста. А зараз вырашылі выйсці на новы ўзровень камунікацыі з дзецьмі і прапанаваць ім тое, што зацікавіць іх і будзе карысным. Комікс — гэта яскравая прыгодніцкая гісторыя, літаратурная гульня з чытачамі, але ў той жа час яго героі кажуць пра тое ж, што і нашы афтальмолагі: як важна зберагчы здаровы зрок і ў час адрэагаваць на змены ў яго стане», — адзначылі ў кампаніі А1.

Аўтарамі гісторыі «Погляд у мінулае» выступілі Вольга Алданава і Мікіта Сеннікаў — прадстаўнікі творчага аб’яднання «Сучасны комікс». Вольга Алданава таксама стварыла ілюстрацыі. «Сучасны комікс» — адзінае ў Беларусі аб’яднанне, куды ўваходзяць усе аўтары айчынных коміксаў. Тут не толькі ствараюць коміксы, але і папулярызуюць беларускую мову і комікс-культуру нашай краіны.

«Для Беларускага дзіцячага фонду важным складнікам праекта заўжды была інфармацыйная работа з настаўнікамі, бацькамі, дзецьмі — размова пра важнасць захавання зроку, прытрымліванне зрокаваму рэжыму, прафілактыку зніжэння зроку ў школьнікаў. Выявіць захворванне і лячыць яго — гэта праца дактароў. А бацькаім і настаўнікам важна патлумачыць, як вучыць дзяцей захоўваць зрок і павышаць іх адказнасць за ўласнае здароўе», — распавёў дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Трухан.

Комікс разлічаны на дзіцячую аўдыторыю ад дзесяці гадоў. Захапляльныя прыгоды герояў, тэматычныя загадкі і рэбусы, спецыяльныя практыкаванні для вачэй — усё гэта дапаможа юным чытачам не толькі прасякнуцца гісторыяй, але і правесці час з карысцю для здароўя вачэй.

Партнёрам выпуску серыі «Погляд у мінулае» выступіла кампанія OZ.

Даведка

«Я бачу!» — маштабны дабрачынны праект па дыягностыцы і раннім выяўленні захворванняў органаў зроку ў дзяцей з вёсак Беларусі. Праект рэалізуецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З 2016 па 2018 год у межах праекта дактары аглядзелі 36 800 школьнікаў у Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях. У 2019-м афтальмолагі працуюць на Віцебшчыне і да канца года плануюць абследаваць дзяцей ва ўсіх сельскіх раёнах вобласці.

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру