Віцебская турфірма «Кабзар» распрацавала новы экскурсійны тур – вандроўку па малой радзіме дзейнага прэзідэнта.

Афіцыйна гэта паездка з цыкла «Шляхамі знакамітых землякоў», і ў часе аднадзённай паездкі вандроўнікам таксама прапануюць наведаць Куцеінскі манастыр, музеі Уладзіміра Караткевіча ў Оршы і Янкі Купалы ў Ляўках. Але найбольшая частка турыстычных аб’ектаў самае непасрэднае дачыненьне мае менавіта да біяграфічных вехаў Аляксандра Лукашэнкі.

Што паказваюць

Так, у мястэчку Копысь падарожнікам пакажуць не толькі руіны замчышча Радзівілаў, але і радзільны дом, дзе 30 жніўня 1954 года з’явіўся на свет будучы кіраўнік краіны. У маршруце значыцца і Шклоў – горад, дзе доўгі час жыў і працаваў Аляксандр Рыгоравіч. Не так даўно гэты яго амаль цалкам перабудавалі і адрэстаўравалі да чарговых «Дажынак». Апошні пункт падарожжа – Александрыя, дзе вучыўся першы беларускі прэзідэнт, а ў школе створаны мемарыяльны музей.

Неўзабаве вёска стане такім самым узорным населеным пунктам, як і Шклоў, а можа, нават яшчэ лепшым. Прынамсі, там збіраюцца пабудаваць трэнажорную залу і 25-метровы крыты басейн . Падобнах спартовых аб’ектаў не мае, бадай, ніводная беларуская вёска. Паводле асабістага распараджэння А.Лукашэнкі, Александрыя хутка ператворыцца ў аграгарадок, хаця ад пачатку тое не планавалася.

Колькі каштуе

Падобныя маршруты «па мемарыяльных мясцінах Лукашэнкі» цяпер распрацоўваюць не толькі ў Віцебску, але і ў іншых гарадах Беларусі. Кошты на экскурсіі таксама розныя: калі ў Віцебску згаданая вандроўка каштуе 20 тысяч рублёў з чалавека, то ў Магілёве – усяго 4 тысячы, затое аршанцы за індывідуальны тур наагул выкладаюць дваццаць долараў.

Аднак ні ў віцебскім, ні ў аршанскім, ні ў магілёўскім маршрутах не пазначаны адна з турмаў Оршы, дзе Аляксандр Лукашэнка працаваў у адміністрацыйна-гаспадарчым падраздзяленні, або вёска Рыжкавічы, дзе жыла сям`я цяперашняга беларускага кіраўніка , калі ён быў дырэктарам саўгаса «Гарадзец» (сёньня гаспадарка ледзь-ледзь выжывае).

Чым частуюць

Затое ў Віцебску і Магілёве вам могуць прапанаваць «дзіцячыя» і «дарослыя» варыянты паездкі, якія адрозьніваюцца паводле пункту «абед»: для дзяцей гэта наведанне звычайнай сталоўкі, а для дарослых – на выбар экскурсійнай групы – можа быць і барбекю, і нацыянальная кухня ў нейкай рэстарацыі, і адпачынак у маляўнічых мясцінах Прыдняпроўя з уласнай выпіўкай ды закускай.

Як сказалі супрацоўнікі фірмы «Кабзар», дзіцячыя экскурсіі ў часе летніх канікул не карыстаюцца вялікім попытам. А вось дарослыя экскурсанты, замаўляючы паездку, бываюць задаволеныя не столькі ідэалагічным зместам вандроўкі, колькі яе танным коштам, і, вядома ж , разнастайнасцю меню запланаванага абеду... Часьцей – на прыродзе, з гарэлачкай і маласольнымі шклоўскімі агурцамі...

Алёна Штраль, Bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0