15.11.2019 / 20:24

Былым топ-менеджарам БелОМА абвясцілі прысуд 1

Былога гендырэктара дзяржхолдынгу «БелОМА» Вячаслава Бурскага прысудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пра гэта Tut.by паведамілі ў судзе Першамайскага раёна Мінска.

Вячаславу Бурскаму (злева) — 73 гады, Уладзіміру Кіскіну — 72. Яны правялі некалькі месяцаў у СІЗА, а потым меру стрымання замянілі на хатні арышт. Фота: belsat.eu.

Яго намеснік Уладзімір Кіскін атрымаў 3 гады калоніі.

Абодвух узялі пад варту ў зале суда.

Вячаслава Бурскага і Уладзіміра Кіскіна затрымалі ў пачатку гэтага года. Іх абвінавачвалі ў атрыманні хабараў на працягу 10 гадоў у памеры «не менш за 22,2 тысячы рублёў».

Хабарадавальнікам быў гендырэктар маскоўскай кампаніі «Оптопром-ІТ» Аляксей Фамін. Ён прапанаваў кіраўніцтву «БелОМА» рабіць камплектуючыя для траўматычных пісталетаў «Аса».

Сваю віну беларускія топ-менеджары прызналі цалкам.

Падчас ператрусу ў кватэры і гаражы Вячаслава Бурскага сілавікі знайшлі 73 тысячы даляраў. Ён сказаў, што адкладваў сродкі з зарплаты. «Рыхтаваўся да выхаду на пенсію і мяняў грошы на даляры, каб была хоць нейкая грашовая падушка бяспекі», — казаў былы дырэктар «БелОМА».

Бурскі папрасіў суд улічыць яго 48 гадоў працы ў холдынгу, узнагароды з рук прэзідэнта, узрост і стан здароўя, а таксама раскаянне і не пазбаўляць волі.

Раней пракурор запрасіў 6 і 5 гадоў пазбаўлення волі для Бурскага і Кіскіна адпаведна, але пры гэтым прасіў улічыць шэраг змякчальных абставін. Гэта здзяйсненне злачынства асобай у сталым узросце (Бурскаму 73 гады, Кіскіну — 72), дапамога следству ў раскрыцці іншых удзельнікаў злачынства і выплата дзяржаве незаконна атрыманага даходу.

0
Hecuepka / Адказаць
15.11.2019 / 21:31
У 2001 прывозiу у БелАМА заказ з Амерыкi, якi патэнцыйна мог вырасцi да 3 мiльенау далярау ад паважанай у свеце кампанii. Нават не выйшлi сустрэцца, хаця дамаулялiся, бо было 4 студзеня i "усе паехалi у веску на Раство". Але думаю з таго, што нiчога не дау на лапу. Каб дау - сустракалi б з хлебам- соллю i гармонiкам.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру