Алена Шкуматава з Мінска, але цяпер жыве і кіруе ўласнай лабараторыяй пры Інстытуце Кюры ў Парыжы. 42.TUT.BY пагутарыў з Аленай пра трэнды ў сучаснай навуцы, тэхналогіі будучыні, навуковыя стартапы і пра тое, як маладая жанчына з Беларусі апынулася ў такой цікавай і нетрывіяльнай сферы, дзе дагэтуль сярод кіраўнікоў больш мужчын-навукоўцаў. Інтэрв'ю Алена прынцыпова давала на беларускай мове.

Фото: Manon Matias / Institut Curie

Алена Шкуматава. Фота: Manon Matias / Institut Curie

Інстытут Кюры (Institut Curie па-французску) — адзін з лідзіруючых навуковых інстытутаў у галіне біяфізікі, малекулярнай біялогіі і анкалогіі. Ён быў заснаваны Марыяй Складоўскай-Кюры ў 1921 годзе, размешчаны ў Парыжы. Асноўнымі напрамкамі даследаванняў з’яўляюцца біяфізіка, малекулярная біялогія і анкалогія. За ўвесь час працы супрацоўнікі інстытута атрымалі чатыры Нобелеўскія прэміі ў двух навуковых сферах — хіміі і фізіцы.

— Алена, раскажыце, як так сталася, што вы пераехалі ў Парыж і працуеце ў такой незвычайнай сферы?

— Шлях да сваёй лабараторыі ў Інстытуце Кюры быў дастаткова доўгім, але ў навуцы так заўсёды. Я вывучала біялогію ва ўніверсітэце ў Вене, PhD атрымала ў EMBL (The European Molecular Biology Laboratory), гэта адна з найвялікшых еўрапейскіх навуковых арганізацый. Пасля я паехала ў ЗША, у Бостан, дзе была ў постдактарантуры.

Пасля гэтага мае CV і вопыт дазвалялі мне шукаць працу ў якасці кіраўніка лабараторыі. І я падавала заяўкі ва ўсе магчымыя ўніверсітэты.

Так сталася, што інстытут Кюры — тое, што мне падыходзіць. Парыж мне падабаўся таксама, і я вырашыла, што гэта — цудоўнае месца для таго, каб тут была мая лабараторыя.

— У якім годзе вы канчаткова пераехалі?

— У 2013-м і адразу ж адкрыла тут сваю лабараторыю. Паколькі ў мяне было дастаткова моцнае CV, я змагла адразу займаць лідзіруючыя пазіцыі. Прапановы паступалі з розных месцаў, таму выбар у мяне быў.

— А дзе вы навучаліся ў Менску?

— У 147-й школе з мастацкім ухілам, а пасля вельмі коратка навучался на біяфаку. Мне падаецца, я правучылася толькі два семестры, а пасля ўжо паехала далей.

— Давайце пагаворым пра Марыю Кюры. Гэта дастаткова кананічны вобраз моцнай жанчыны, як доказ таго, што жанчыны шмат чаго могуць у навуковай сферы. Ці ўплывала гэта на ваш выбар інстытута?

— І так, і не. У навуковай сферы, на жаль, яшчэ бачны так званы гендэрны перакос, кіраўнікі звычайна мужчыны. І калі я прыехала на інтэрв'ю сюды, мяне ўразіў гендэрны баланс: маімі будучымі калегамі і загадчыкамі лабараторыямі былі і мужчыны, і жанчыны.

Больш скажу, галоўная дырэктарка ў нашым дэпартаменце — таксама выдатная жанчына-навуковец. Гэта мяне натхніла, хаця прапановы былі і з іншых месцаў. Але Кюры падаўся мне сакральным навуковым месцам.

«Адзін з нашых праектаў якраз пра меланому»

Институт Кюри в Париже. Фото: wikipedia.org

Інстытут Кюры ў Парыжы. Фота: wikipedia.org

— Алена, над чым канкрэтна вы зараз працуеце ў сваёй лабараторыі?

— Калі абагульніць простымі словамі, то мы займаемся высвятленнем функцый РНК (рыбанукляінавыя кіслоты). Ёсць ДНК (дзе захоўваецца генетычная інфармацыя) і пратэіны (асноўная адзінка ў нашым арганізме). А мы займаемся РНК, якія не кадзіруюць пратэіны.

Але, як мы высветлілі пару гадоў таму, РНК маюць цікавыя функцыі ў арганізме, напрыклад, яны могуць мадэліраваць ракавыя захвораванні. Адзін з нашых праектаў якраз пра меланому (рак скуры).

Калі адбываецца мутацыя ў адной з такіх РНК-малекул, меланома пачынае развівацца значна хутчэй. Гэты ген не можа выклікаць рак сам па сабе, але калі такое адбылося, то гэтая малекула можа дапамагчы гэта «прытушыць». Гэта адзін з прыкладаў нашай працы.

Зараз ужо зразумела, што РНК — не пасіўная сувязь паміж ДНК і пратэінам, але мае свае функцыі. Таму ўсе сталі шукаць магчымасць, як з дапамогай маленькіх малекул заінгібіраваць РНК, каб зрабіць з іх лекі. Наша лабараторыя зараз распрацавала ўнікальную методыку, з дапамогай якой мы можам паглядзець на інгібіцыю РНК, гэта ў сваю чаргу дапаможа разабрацца с дрэннымі праявамі розных хваробаў. Хутка на гэтую тэму выйдзе наш артыкул.

Зараз у камандзе Алёны — чатыры чалавекі: інжынер Луіза Дэмі (Louise Damy) і тры аспіранты (PhD student) — Фларыян Канстанці (Florian Constanty); Ганна Наўроцка (Anna Nawrocka) і Ксавье Сабацье Каденас (Xavier Sabate Cadenas).

У гэтым годзе ў каманды выйшла ўжо дзве публікацыі ў прэстыжных навуковых часопісах — у Nature Communications і нью-ёркскім RNA. Акрамя таго, у пачатку года Алёна атрымала грант ад Еўрапейскага даследчага савета на працяг даследаванняў у галіне некадуючай РНК, што павінна дапамагчы знайсці новыя тэрапеўтычныя метады барацьбы з анкалогіяй.

Выява: Marie Irondelle — Philippe Chavrier — Nikon Imaging Center / Institut Curie — Cnrs

Выява: Marie Irondelle — Philippe Chavrier — Nikon Imaging Center / Institut Curie — Cnrs

— Раскажыце, як выглядае дзень жанчыны-навукоўца.

— Шмат залежыць ад месяца, напрыклад, у мінулым было шалёна: нон-стоп, з раніцы да вечара канферэнцыі, прэзентацыі. Але мая роля — абмеркаванні праектаў, прагрэс, і, калі нешта не атрымліваецца, высвятленне, як мы можам абыйсці праблему.

Я думаю над праектамі, рэалізую іх, пішу артыкулы, калі падрыхтаваны матэрыялы. Абавязкова гранты. Гэта патрабуе шмат часу. Таксама калабарацыі з іншымі групамі і абмен вопытам.

— Ці часта вы сустракаеце беларусаў падчас сваёй працы? Можа, ёсць суполка альбо кам’юніці навукоўцаў з Беларусі?

— Такой моцнай беларускай суполкі ў мяне няма, таму што галіна, у якой я працую, вельмі спецыфічная. Але цікава, што ёсць беларуска, з якой мяне часта блытаюць, яна працуе ў Оксфардзе, прычым ў той жа галіне, што даволі незвычайна.

І ў мяне цудоўны сябра з Беларусі Алесь Сарокін. У яго свая біятэхналагічная кампанія пад Парыжам. Пазнаёміліся мы выпадкова, ён збіраў беларусаў з французскай сталіцы ў суполку. Мы пачалі размаўляць, і высвятлілася, што мы можам дапамагчы адзін аднаму. Зараз супрацоўнічаем над агульным праектам.

«Навука развіваецца хутчэй, чым этычныя нормы чалавека»

Фота: Benoit Rajau / Institut Curie

Фота: Benoit Rajau/ Institut Curie

— Цікава, што вы назвалі сферу біятэхналогій. Зараз у Беларусі шмат увагі да сферы IT, а ў Еўропе інтарэс выклікаюць менавіта біятэхналагічныя стартапы. Ці так гэта? І ці трэба Беларусі звярнуць увагу на біятэхналогіі?

— Цяжка сказаць. Мая экспертыза ў гэтай тэме больш сканцэнтравана на грунтоўных даследаваннях. Больш глыбока мы пачалі вывучаць гэтую тэму два гады таму, калі распрацавалі нашу методыку.

Але гэта праўда, што Францыя спрабуе распрацаваць вялікую платформу для біятэхналагічных стартапаў, бо бачыць за гэтым вялікую будучыню і развіццё.

Гэта цяжка параўнаць з ІТ і ўзроўнем інвестыцый. Тут, у Францыі, ахвотна даюць гранты на развіццё такіх стартапаў. Але я магу сказаць, што развіццё біятэхналогій вельмі важна, тым больш што за апошнія гады адбыўся велізарны рывок, напрыклад была распрацавана новая тэхналогія рэдагавання генома CRISPR-Cas9.

— Рэдагаванне чалавечага генома — цікавая тэма, але, як я ведаю, гэта забаронена амаль ва ўсіх краінах. Як вы ставіцеся да гэтага?

— Гэта вялікае пытанне, і яно больш прававое. Але з пункту гледжання навукоўца магу сказаць так: навука развіваецца хутчэй за этычныя нормы і рамкі чалавека. Еўрапейскія краіны і ЗША больш кансерватыўныя, чым, напрыклад, Кітай.

Мы не ведаем дакладных наступстваў такога ўмяшання — гэта абсалютна забаронена ў навуковым свеце. Мы яшчэ не на той стадыі, калі можам сабе дазволіць рабіць такія вопыты на людзях, не ведаючы магчымых вынікаў. Асабліва што тычыцца Germline — клетак зародкавай лініі. Прабачце, мне даволі цяжка знайсці адмысловую тэрміналогію, каб гэта гучала не на ангельскай.

— Дарэчы, на якой мове вы працуеце?

— Уся камунікацыя вядзецца на ангельскай, Інстытут Кюры — вельмі інтэрнацыянальнае месца. Мова навукі — ангельская.

— Ці можаце вы назваць галоўныя трэнды сусветнай навукі зараз? Над чым усе хочуць працаваць, што самае «моднае»?

— Канешне, маніпуляцыя з геномам на ўсіх узроўнях — гэта самы-самы вялікі трэнд. Нікуды не зніклі і ствалавыя клеткі, мы зрабілі столькі поспехаў у мінулыя гады ў гэтым напрамку, каб лекаваць розныя захворванні.

Вялікае пытанне — антыбіётыкі і рэзістэнцыя: пошукі альтэрнатывы антыбіётыкам вядуцца пастаянна. Таксама імунатэрапія — вельмі важны і вялікі крок да лекавання, напрыклад, рака.

Таксама трэнд — тое, чым я займаюся, некадзіруючая РНК, каб маніпуляваць хваробай.

«Гэта як эндарфіны ад заняткаў спортам, толькі тут залежнасць ад адкрыцця»

Фото: из личного архива Алены Шкуматовой

Фота з асабістага архіву Алёны Шкуматовой

— Яшчэ пытанне — ці глядзіце вы серыялы пра навуку, дзе гаворка ідзе пра сучасныя трэнды? Ці маюць яны адносіны да рэальнасці?

— У большасці выпадкаў мы не пагаджаемся з так званай навукай у фільмах ці серыялах. Там шмат злоўжыванняў клішэ. Навуковыя вобразы, як нехта сядзіць у лабараторыі і за дзве хвіліны высвятляе, што гэта нейкі вірус… Не, так не бывае. Гэта доўгі і руплівы працэс і вельмі часта марудная праца, якая не дае вынікі адразу. Па гэтым шляху трэба ісці ўважліва і разумець, якога дакладна выніка ты чакаеш.

— Тады адразу ж узнікае пытанне: калі вы абіралі гэтую сферу, ці разумелі, што гэта будзе даволі цяжка? Ці не шкадуеце, што не абралі больш просты шлях, можа, камерцыйны?

— Вы сапраўды маеце рацыю, гэта патрабуе значна большай увагі і канцэнтрацыі, чым нехта жадае ахвяраваць. Ці шкадавала я? Не. Мяне заўсёды цікавіла адкрыццё, так бы мовіць. Гэта навуковы чэллендж, які робіць цябе залежным. Гэта як эндарфіны ад заняткаў спортам, толькі тут залежнасць ад адкрыцця.

Гэта не так лёгка, але гэта і прывілеі: я працую з такімі людзьмі, з якімі працаваць проста неверагодна. Таксама ў мяне ёсць свабода і магчымасць рэалізоўваць свае ідэі, не кажучы пра абмены вопытам з людзьмі, якія натхняюць.

Ёсць і мінусы, але я такі чалавек, што заўсёды аддаю перавагу плюсам. Што тычыцца камерцыі, то і ў гэтым напрамку ёсць развіццё, усё больш інвестыцый у гэтай галіне. Падаецца, усе пачынаюць разумець, што ад развіцця навукі залежыць наша агульная будучыня. Я асабіста яшчэ не так даўно не магла ўявіць, што буду думаць пра ўласны навуковы стартап, але ўжо думкі ёсць, што таксама крок да камерцыйнага працэсу.

— Вы маладая жанчына, ці ўплывае гэта на вашу кар’еру або адносіны да вас як спецыяліста?

— Не, я ні разу не сутыкалася з дыскрымінацыяй або абмежаваннямі. Але ёсць пазіцыі, дзе патрэбна быць крыху сталейшым чалавекам. І наадварот — дзесьці чакаюць больш маладых спецыялістаў.

Але такое можа адбыцца ў працэсе публікацыі: бывае, што праца, якая зроблена больш сталым спецыялістам, можа быць лепш адзначана. Але глабальна гэта не ўплывае на поспех.

— Галоўнае пытанне: што трэба зрабіць у Беларусі, каб яе навука адпавядала ўсім навуковым сучасным трэндам?

— Скажам так, мне падаецца, што асноўнае пытанне, якое ёсць не толькі ў Беларусі, — гэта фінансаванне навукі. Яна дарагая і не прыносіць дывідэндаў «ужо заўтра», гэта больш пра будучыню.

Таму атрымліваецца так, што наперадзе краіны, якія зразумелі, што навука — інвестыцыя на доўгатэрміновую перспектыву. Павінна быць вельмі моцная падтрымка дзяржавы і разуменне, што навука не прынясе грошы адразу. Але, тым не менш, гэта вельмі важна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?