Некалькі дзён таму Мінск абляцела трывожная навіна: знікла 6-гадовая дзяўчынка, давайце дапаможам яе знайсці! Маленькая Дыяна выйшла са школы і растварылася на гарадскіх вуліцах, яе мама не ведала, што і думаць, да пошукаў далучыліся настаўнікі, міліцыя і добраахвотнікі з «Анёла», піша Еўрарадыё.

Дыяна / minsk.mvd.gov.by

Дыяна / minsk.mvd.gov.by

На шчасце, неўзабаве дзіця знайшлося. Яе мама распавяла Еўрарадыё, што дзяўчынка адна правяла на гарадскіх вуліцах больш за тры гадзіны, двойчы ездзіла ў аўтобусе і сама вярнулася дадому. Але пытанні засталіся: як атрымалася, што знікненне дзяўчынкі не заўважылі ў класе? Як яна выйшла са школы? Дзе была і чаму ніхто не звярнуў увагу на дзіця, якое ходзіць па вуліцы адно? І як выключыць такія здарэнні ў будучыні?

Адна сярод шэрых дамоў і абыякавых мінакоў

11 лістапада ў 9:36 Дыяна выйшла са школы. Яе мама Таццяна распавядае Еўрарадыё, што на запісах з камер відэаназірання бачна, як дзяўчынка праходзіць міма вахты. У школе жанчыне сказалі, што вахцёр спытаў Дыяну, куды яна ідзе, а яна адказала, што яе чакае мама. Але Таццяна кажа, што запіс няякасны, і па ім цяжка зразумець, ці была размова насамрэч.

Школа № 32 / тут і далей фота — Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Школа № 32 / тут і далей фота — Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Сярэдняя школа №32, дзе вучыцца Дыяна, месціцца па адрасе: Камайская, 18 — у мікрараёне «Лебядзіны» — гэта паўночна-заходняя ўскраіна Мінска. Дом, у якім жыве сям'я Дыяны, стаіць за 30 метраў ад школы. Спачатку дзяўчынка пайшла дадому, але, падняўшыся на паверх, убачыла замкнёныя дзверы тамбура. Тады школьніца вырашыла паехаць да мамы на працу — на Галоўпаштамт.

Каля 10:00 дзяўчынка прыйшла на прыпынак «Лебядзіны» і села ў 73-ці аўтобус, які ехаў у цэнтр горада. Раней Дыяна ездзіла на маміну працу разам з мамай. Яны выходзілі на прыпынку «Сяндайскі сквер» ці «Раманаўская Слабада». Дыяна не змагла прыгадаць, на якім з іх выйшла. Маме яна распавяла, што ўбачыла шэрыя дамы.

Дзяўчынка правяла ў аўтобусе паўгадзіны і праехала 14 або 15 прыпынкаў. Ніхто не звярнуў на яе ўвагі.

Каля дзвюх гадзін Дыяна правяла ў цэнтры Мінска ў пошуках мамінай працы. Ніхто з сотняў мінакоў, якія сустрэліся 6-гадовай дзяўчынцы ў тую раніцу, не падышоў і не спытаў, чаму яна ходзіць па вуліцах адна.

Не знайшоўшы будынак Галоўпаштамта, Дыяна села у 73-ці аўтобус на прыпынку праз дарогу ад таго, на які прыехала, і каля 13:30 вярнулася дадому. Калі мама спытала, чаму дзяўчынка не падышла да мінакоў і не сказала, што заблукала, тая ўпэўнена адказала: «А я не заблукала».

Дзяўчынка прайшла і праехала каля 20 кіламетраў. 

«Гэта перш за ўсё ўрок для сям'і і для мамы»

Таццяна кажа, што настаўніца Дыяны ведае сваіх вучняў і дакладна заўважыла б прапажу адразу. Але ў той дзень яе замяняла іншы педагог. Першым урокам была фізкультура, пасля якой дзеці вярнуліся ў клас. Праз нейкі час педагог па пакінутых на парце рэчах зразумела, што кагосьці не хапае.

Калі маме паведамілі, што здарылася, яна паехала ў школу і па дарозе патэлефанавала ў міліцыю. У гэты час настаўнікі шукалі Дыяну самастойна. Мама мяркуе, што адміністрацыя школы міліцыю не выклікала, каб не падымаць шум.

«Хто вам такое сказаў? — дзівяцца ў школе. — Вядома, мы міліцыю выклікалі».

«Гэта перш за ўсё ўрок для сям'і і для мамы. Першапачаткова ўсё пачынаецца ў сям'і і трэба шукаць корань там, — працягваюць у школе. — Мы, вядома, разбіраліся ў гэтай сітуацыі. Праблемы — у сям'і. Дзеці патрабуюць да сябе ўвагі. Хаця б такім чынам, каб нехта звярнуў на яе [Дыяну — Еўрарадыё] ўвагу».

Таццяну такая пазіцыя навучальнай установы здзіўляе. Дыяна — не адзінае дзіця ў сям'і. Старэйшыя дзеці выраслі і атрымліваюць адукацыю па міжнародных праграмах, таму ўвесь вольны час сваякоў належыць маленькай дзяўчынцы. Мама кажа, што Дыяна ўсюды ходзіць за ёй хвосцікам, і ніякіх праблем з адсутнасцю ўвагі ў сям'і няма.

Што рабіць, калі дзіця знікла

Вядома, сітуацыі бываюць розныя, і па-чалавечы зразумела, чаму прапажу Дыяны заўважылі не адразу. Але ўсё ж такі ў школе за дзяцей адказваюць настаўнікі. Як быць, каб пазбегнуць такіх гісторый, і як паводзіць сябе настаўнікам і сваякам, калі дзіця згубілася?

«У выпадку, калі вы страцілі сувязь з дзіцём ці настаўнік паведаміў, што яно сыйшло са школы, як мага хутчэй трэба звярнуцца ў міліцыю, — рэкамендуе афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава. — Важна разабрацца, чаму дзіця магло сысці: адна справа, калі яно проста захацела да бацькоў, іншая — калі падлетак збег з хаты.

Калі настаўнік заўважыў, што школьнік знік, ён павінен у першую чаргу тэлефанаваць не ў міліцыю, а бацькам ці законным прадстаўнікам дзіцяці, каб высветліць прычыну адсутнасці.

Важна інструктаваць дзяцей: казаць, каб дзіця абавязкова паведамляла блізкім, калі яно захацела сысці са школы. З сабой у яго заўсёды мусіць быць зараджаны мабільны тэлефон [у некаторых беларускіх школах вучні здаюць смартфоны на ўваходзе ў будынак. — Еўрарадыё]. Таксама можна навучыць дзіця карыстацца разумнымі гадзіннікамі. Трэба тлумачыць, што калі дзіця заблукала, трэба звяртацца да людзей у форме ці працаўнікоў установаў: крамаў, лякарняў, вакзалаў — у залежнасці ад таго, дзе яно апынуўся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?