Мы з фатографам Надзеяй Бужан прыйшлі на ўчастак №415 на вуліцы Данілы Сердзіча ў Мінску.

Чаму менавіта сюды?

Па-першае, участак знаходзіцца на Пушкінскай акрузе № 103. Гэта адна з дзвюх акруг у Мінску, дзе апазіцыя здолела арганізаваць паўнавартаснае назіранне. Прадстаўніцы кампаніі «Права выбару» знаходзіліся на кожным участку на працягу ўсяго часу датэрміновага галасавання. У такой сітуацыі нахабна фальсіфікаваць складаней.

Па-другое, гэта адзін з некалькіх участкаў, дзе лічбы яўкі камісіі і незалежных назіральнікаў амаль супадалі. Няўжо яшчэ і палічаць сумленна?

Давайце глядзець на працэс.

Спачатку пазнаёмімся са старшынёй камісіі. 

Іна Пятыга вылучаная ад Камуністычнай партыі. Гугл кажа, што яна настаўніца-дэфектолаг у гэтай школе, а яшчэ ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю. Ну і тры разы выйгравала нешта ў латарэі «Еўраопта».

Так супала, што для Іны Пятыга гэта першыя выбары на пасадзе старшыні камісіі. Яна шчыра хвалюецца, як бы чаго не выйшла. А тут ўвечары на яе ўчастак зваліліся два журналісты, ды яшчэ і псеўданазіральнікі ад СНД. Канечне, яны бяскрыўдныя, і ім усё абыякава, але тым не менш.

У выніку лічбы ў Пятыгі не сыдуцца, але пра гэта пазней.

Усе члены камісіі — жанчыны. У прынцыпе, і сярод назіральнікаў толькі адзін мужчына, з выгляду трудавік ці фізрук.

Члены камісіі не хочуць, каб іх фатаграфавалі. Асабліва абураецца Ірына Асташэвіч, на здымку яна другая злева. Раней яна была дырэктаркай гэтай школы, але нешта пайшло не так.

20:00, участак закрываецца. Дамы з камісіі пачынаюць лічыць, колькі чалавек у іх атрымалі бюлетэні. А мы старанна фатаграфуем узмахі аркушаў. 

У левай прадстаўніцы камісіі атрымаў бюлетэнь адзін чалавек з васьмі, у правай — два з дзевяці:

Тут — адзін з сямі:

Адзін з васьмі:

Э-э-э, увогуле ніхто з сямі…

Карацей, наш экспрэс-тэст паказвае 5 подпісаў з 31 магчымага. Выбарка так сабе, але гэта каля 16%.

Цяпер кароткая таблічка афіцыйных звестак. 

Галасаванне на ўчастку №415 датэрмінова дома асноўны дзень агулам
назіральнікі 374  11  347 732 (54%)
камісія 378 11 413 798 (59%)

Вось столькі чалавек прагаласавалі на ўчастку. Розніца — 66 галасоў.

Пры гэтым старшыня камісіі пры першым знаёмстве ў 17:30 шчыра прызналася мне: пакуль прагаласавалі 328 чалавек. То бок за апошнія пустыя гадзіны аднекуль нібыта набегла амаль сотня выбарцаў. Цырк на дроце.

Дарэчы, прыблізна ў гэты час нейкі дурань уключыў пажарную сігналізацыю, якая раўла хвілін 20. Ніхто з членаў камісіі нават не зварухнуўся, цішком абуралася толькі жанчына, якая суправаджала назіральнікаў ад СНД.

Тым часам невыкарыстаныя бюлетэні пагашаюцца, ад іх адразаецца вугалок.

Старшыня камісіі з намесніцай цягнуць скрынку датэрміновага галасавання да сталоў. Відаць, абяцаныя тры метры ад назіральнікаў якраз і ёсць. Але што адбываецца на сталах, не відаць ні халеры. Адзінае выратаванне — аб'ектыў камеры.

Паспяваем заўважыць, як са скрынкі элегантна вывальваецца стосік складзеных паперак. Гэта несартаваныя бюлетэні, складзеныя абсалютна аднолькава. Вы можаце навучыць з дзясятак чалавек закінуць іх адзін за адным так, каб ляглі настолькі роўна?

Бюлетэні выкідаюцца на стол і адвольна дзеляцца паміж правай і левай групамі членаў камісіі, у кожнай па чатыры чалавекі. Расклаўшы бюлетэні па стосіках, яны пішуць на паперцы атрыманыя лічбы. Пасля старшыня заходзіць у глыбіню залы, разварочваецца спінай і нешта з імі робіць. Што робіць? Спытайце ў яе.

Яшчэ раз акцэнтую ўвагу: праверыць, што і чаму кладзецца ў той ці іншы слупок, немагчыма.

Вось у кадр трапіў бюлетэнь за Кавалькову. Але шмат такіх яшчэ? Назіральнікі не ведаюць.

А вось ідзе падлік галасоў за Васіля Панасюка, гэта старшыня Мінгарсавета.

Але адзін фэйл злавіць усё ж удаецца: гэта стосік бюлетэняў, сапсаваных падчас датэрміновага галасавання. Нехта паставіў птушкі ўсім кандыдатам. У руках у жанчыны такіх бюлетэняў сем. Прычым гэта толькі левая частка стала, у правай лічаць асобна. Пасля падліку старшыня камісіі агучыла: агулам у скрынцы для датэрміновага галасавання было 5 сапсаваных бюлетэняў.

Нам агучваюць афіцыйныя вынікі датэрміновага галасавання.

  1. Васіль Панасюк (праўладны кандыдат, старшыня Мінгарсавета) — 124 (33%)
  2. Аляксей Алянцэвіч (работнік «Мінскдаведкі», ідзе ад Партыі працы і справядлівасці) — 73 (19%).
  3. Аляксандр Шмацін (камуніст з ваеннай кафедры БНТУ) — 65 (17%)
  4. Супраць усіх — 51 (13%)
  5. Вольга Кавалькова з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі — 30 (8%)
  6. Дзяніс Тушынскі (выкладчык БДУ, намеснік старшыні ТБМ, ад Зялёных) — 30 (8%).
  7. Сапсавана — 5 бюлетэняў.

Сапсаваныя бюлетэні — тыя, дзе пазначана больш за адну птушку, альбо ёсць нейкі дадатковы надпіс.

Наступнае — надомнае галасаванне. Тут усяго 11 бюлетэняў. Гэта галасы людзей, якія пазванілі ў камісію і папрасілі прыйсці да іх дахаты.

Панасюк атрымлівае 5 галасоў, Шмацін, Кавалькова і Алянцэвіч — па 1 голасе, Тушынскі — нуль. Пры гэтым аказваецца, што тры чалавекі запрасілі членаў камісіі, каб прагаласаваць супраць усіх. Вось гэта пазіцыя!

Нарэшце даходзіць чарга да галасавання ў галоўны дзень выбараў. Тут, нагадаю, паміж камісіяй і назіраннем ёсць разбежка на 66 галасоў. Дзе яны ўсплывуць?

Вынікі ў дзень галасавання:

  1. Васіль Панасюк (праўладны кандыдат, старшыня Мінгарсавета) — 180 (45%)
  2. Аляксандр Шмацін (камуніст з ваеннай кафедры БНТУ) — 75 (19%)
  3. Аляксей Алянцэвіч (работнік «Мінскдаведкі», ідзе ад Партыі працы і справядлівасці) — 61 (15%).
  4. Супраць усіх — 38 (10%)
  5. Вольга Кавалькова — лідарка БХД — 28 (7%)
  6. Дзяніс Тушынскі (выкладчык БДУ, намеснік старшыні ТБМ, ад Зялёных) — 15 (4%).
  7. Сапсавана — 4 бюлетэні.

Што кідаецца ў вочы?

За прадстаўнікоў апазіцыі, якія заклікаюць выбарцаў не хадзіць на датэрміновае галасаванне, датэрмінова нібыта прагаласавалі больш, чым у асноўны дзень. У Дзяніса Тушынскага — ажно ўдвая больш.

Камуніст абагнаў работніка «Мінскдаведкі», але гэта мала каму цікава.

Ну і Васіль Панасюк ўсё ж атрымаў трохі больш салідную лічбу, чым датэрмінова.

Але тут пачынаецца самае смешнае. Падбіваючы канчатковыя лічбы, «згубілі» 12 бюлетэняў. Іх нібыта выдалі выбарцам у дзень галасавання — але паперак не знайшлося ні ў адной скрынцы. 

Старшыня і яе намесніца засядалі хвілін 15. Што рабіць, што рабіць? Пералічваць бюлетэні не хочацца, проста накінуць на рахунак Панасюка страшнавата.

Карацей, было прынята саламонава рашэнне — зрабіць выгляд, што так і трэба.

На маё пытанне, дзе ж 12 бюлетэняў, старшыня камісіі зрабіла здагадку, што іх маглі вынесці выбарцы. То бок за ўсе дні датэрміновага галасавання ніводная пачвара не здзейсніла такую правакацыю, а тут проста ламануліся.

У пратакол так і запісалі: выдалі 802 бюлетэні, знайшлі 790 бюлетэняў. Дзе астатнія, шукайце самі.

Такім чынам, вынік галасавання па ўчастку №425 Пушкінскай акругі №103.

  1. Васіль Панасюк (праўладны кандыдат, старшыня Мінгарсавета) — 39%.
  2. Аляксандр Шмацін (камуніст з ваеннай кафедры БНТУ) — 18%.
  3. Аляксей Алянцэвіч (работнік «Мінскдаведкі», ідзе ад Партыі працы і справядлівасці) — 17%.
  4. Супраць усіх — 12%.
  5. Вольга Кавалькова з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі — 7%.
  6. Дзяніс Тушынскі (выкладчык БДУ, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы, ад Зялёных) — 6%.
Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?