18.11.2019 / 01:20

У Мінску інваліда за скаргу на арганізацыю галасавання забралі ў міліцыю 5

Калі інвалід 3-й групы, які прыехаў да ўчастку галасаваць, пачаў скардзіцца, што вакол зачыненыя ўсе брамы і немагчыма пад’ехаць, на яго выклікалі нарад міліцыі, піша «Радыё Свабода».

Інцыдэнт здарыўся на 543-м выбарчым участку, што ў будынку менскай гімназіі № 15 на тэрыторыі Савецкага раёну.

Інвалід Сяргей Сумараў прыехаў на сваім адмыслова прыстасаваным аўтамабілі да будынка гімназіі, каб прагаласаваць, але ня змог заехаць у двор. Мусіў шукаць паркоўку ў дварах і больш за сто мэтраў пешшу ісьці на ўчастак.

Пасьля галасаваньня Сяргей выказаў заўвагі старшыні ўчастковай камісіі ды іншым адказным за выбары. У выніку тры гадзіны правёў у міліцыі — бо сябры камісіі націснулі «трывожную кнопку».

У спадара Сумарава цэлы пакет прапаноў. Яны тычацца як працы выбарчага ўчастку, гэтак і гімназіі, на тэрыторыі якой праходзяць выбары. Выслухалі яго, як ён сам кажа, без інтарэсу і адрэагавалі неадэкватна.

«Казаў, што разумею, навучальная ўстанова, пытаньні бясьпекі, але сёньня ж выбары, а ў іх бяруць удзел і інваліды. Мне запярэчылі, што вы б пазванілі, мы б да вас самі прыйшлі са скрыняй. Толькі мне прывілеяў ня трэба, я хачу на роўных зь іншымі жыць і галасаваць.

Пытаўся: хіба ў такі дзень нельга адчыніць браму, каб можна было бліжэй пад’ехаць? Ня толькі мне, а і іншым людзям на інвалідных і спэцыяльных аўтамабілях. Плюс ідуць людзі са слабым здароўем, сталага веку. Раптам што здарыцца, дык хуткая дапамога таксама ня зможа лёгка пад’ехаць. Мне ж у адказ, што я не павінен умешвацца, ідуць выбары.

Побач аказаўся супрацоўнік МНС, дык яму казаў, што адчыненая брама патрэбная і для праезду машын спэцыяльнага прызначэньня. У выніку мне паўтарылі, каб не вучыў іх, ды паклікалі міліцыянта. А той параіў націснуць кнопку экстранага выкліку, і па мяне прыехаў нарад. Адвезьлі ў Савецкі РУУС, дзе пратрымалі тры гадзіны», — кажа Сяргей Сумараў.

Паводле спадара Сумарава, на яго ў міліцыі афармлялі нейкі дакумэнт, а потым адпусьцілі і не паказалі, што гэта была за папера.

У Савецкім РУУС пацьвердзілі, што такі інцыдэнт быў.

«Так, быў дастаўлены грамадзянін. Пагаварылі зь ім і адпусьцілі. А зь якой прычыны прывозілі, ня ведаю, я толькі што заступіў», — адказаў карэспандэнту Свабоды дзяжурны Савецкага райаддзелу міліцыі.

Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 543 Кацярына Чэнкус адмовілася размаўляць пра тое, чаму яны выклікалі міліцыю на выбарца Сяргея Сумарава. Сказала, што праз тэлефон пра такое не гаворыць. Больш кантактным аказаўся старшыня выбарчай камісіі 106-й Якубаколасаўскай акругі Пётар Салаўёў. Ён ужо размаўляў зь Сяргеем Сумаравым і зь некаторымі яго прапановамі згодны.

«Ёсьць у яго і слушныя прапановы. Прыкладам, каб на брамах вакол школ былі пазначаныя нумары тэлефонаў, каб можна было пазваніць у нейкім экстраным выпадку», — сказаў карэспандэнту Свабоды старшыня камісіі.

Тое, што на выбарца была выкліканая міліцыя, старшыня камісіі не пракамэнтаваў.

1
Трактарыст-максімаліст / Адказаць
18.11.2019 / 04:32
Зазеркалле. Дзікі, дзікі сюр. Назіральнік ловіць выбаршчыцу на спробе падазронага ўкіда - і яму абяцаюць адкруціць галаву за гэта. Інвалід дае участковай каміссіі парады і заўвагі наконт пад'езду да участка, і яго адпраўляюць у пастарунак на 3 гадзіны. І гэта прававая дзяржава? І яны чакаюць інвестараў?
1
Ізя Кацман / Адказаць
18.11.2019 / 06:19
Цепными псами быть не бросим,
один-четыре-восемь-восемь.

Ходзюць тут всякія, РАБотаць мяшаюць...
10
Алег С. / Адказаць
18.11.2019 / 09:36
Чаго ён не выклікаў гадласаванне на дом?
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру