У Магілёве старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 32 і дырэктар дзіцячага сада — сярэдняй школы № 12 Марына Зубарэнка (тая самая, пра якую казаў Аляксандр Лукашэнка) падала заяву ў міліцыю на невядомых хуліганаў. Хтосьці даведаўся пра яе хатні адрас і наклеіў улёткі ў кожным з пад'ездаў шматпавярховіка, дзе жыве жанчына. На іх — заклік пры сустрэчы сказаць ёй як старшыні ўчастковага выбаркама, што фальсіфікацыя — «крымінальна каральная дзея». Ужо трэці дзень Марына Зубарэнка не начуе дома, яе суправаджае ахова, піша Tut.by.

Марына Зубарэнка распавяла, што сама тыя ўлёткі нават не бачыла. Калі сцісла, то было так: 13 лістапада ў СШ № 12 праходзіла сустрэча з кандыдатам у дэпутаты Ігарам Марзалюком. На сустрэчу прыйшлі выбаршчыкі, а таксама журналісты тэлеканала «Белсат». Іх на сустрэчу не пусцілі.

— Тэлеканал не акрэдытаваны на тэрыторыі Беларусі, а значыць, не можа асвятляць ход выбарчай кампаніі, — тлумачыць старшыня ўчастковага выбаркаму. — Журналісты не паказалі пасведчанні па маёй просьбе, таму іх ветліва папрасілі пакінуць залу. Яны — журналістка і хлопец-аператар — адмовіліся, паводзілі сябе па-хамску і адкрыта правакавалі на канфлікт. Дзяўчына здымала відэа на тэлефон і трымала яго проста ў мой твар. Мне гэта было непрыемна. Тады бацькі нашых вучняў, якія таксама прыйшлі на сустрэчу з дэпутатам і ўбачылі, у якім мы цяжкім становішчы, прапанавалі перанесці сустрэчу ў іншае памяшканне. Выбаршчыкі перайшлі, а журналістаў мы не пусцілі. Марзалюк прапанаваў ім пакінуць камеру за дзвярыма, а прысутнічаць як звычайным грамадзянам. Яны пагадзіліся, але з імі зайшлі ў залу яшчэ трое людзей, двух з якіх я ведаю — жывём з імі ў адным доме, але ў розных пад'ездах.

Па словах Марыны Зубарэнка, гэтыя трое яшчэ да прыезду кандыдата ў дэпутата і змены месца сустрэчы знаходзіліся ў зале і гучна казалі «як бы між сабой». Сутнасць фраз зводзілася да таго, што выбары несумленныя, што ўсё сфальсіфікавана, дэпутаты — марыянеткі і нічога не вырашаюць.

— Я зразумела, што яны проста робяць правакацыю і распальваюць людзей, настройваюць іх негатыўна. Ды я і сама пасля ўсяго гэтага была трохі напружаная — сітуацыя ўсё ж такі непрыемная выйшла, хоць мы як школа проста давалі памяшканне і як выбарчая камісія дзейнічалі па законе, — кажа Марына Зубарэнка.

У той вечар яна не паехала дадому — было позна, і яна адправілася начаваць да дачкі, якая жыве недалёка ад школы. А раніцай ёй родныя паведамілі, што ўвесь пад'езд і дзверы кватэры абклееныя ўлёткамі. На кожнай — фота Марыны Эдуардаўны ў тым адзенні, у якім яна была падчас сустрэчы Ігара Марзалюка з выбаршчыкамі ў СШ № 12.

— Трэба сказаць, што прамых абраз у словах на ўлётцы няма — тэкст пісаў нехта юрыдычна падкаваны. Але там разгалошаны мае асабістыя даныя. Гэта значыць хтосьці ведае нумар маёй кватэры, пракраўся туды, дзе я жыву, і заклікае пры сустрэчы казаць мне пра крымінальную адказнасць, разумееце? — усхваляваная дырэктар.

Марына Зубарэнка кажа, што адразу згадала выпадак з Яўгенам Мікалуцкім, які здарыўся 22 гады таму. І зараз баіцца не столькі за свае жыццё і бяспеку, колькі за сваіх родных.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Яўген Мікалуцкі загінуў 6 кастрычніка 1997 года ў выніку замаху. Выбуховае прыстасаванне спрацавала, калі Мікалуцкі адкрываў дзверы сваёй кватэры. Яго жонка з цяжкімі раненнямі была дастаўлена ў бальніцу.

— Я дома з таго дня не начую — баюся. Хаджу зараз з аховай. Навошта камусьці спатрэбілася так рабіць? Чаму менавіта са мной? Таму што ў нас на ўчастку галасуюць кіраўнікі вобласці і горада? Я падазраю, хто мог гэта зрабіць, бо ўлёткі расклеілі ў ноч на 14 лістапада — напярэдадні а 10-й вечара іх дакладна яшчэ не было. Але гэта толькі мае падазрэнні — хай разбіраецца міліцыя, — кажа старшыня участковай выбарчай камісіі.

Паводле Марыны Зубарэнка, вядзецца праверка і, хутчэй за ўсё, будзе распачата крымінальная справа за хуліганства. Жанчына кажа, што калі справа дойдзе да суда, то яна запатрабуе кампенсацыі маральнай шкоды:

— Мне гэтыя грошы не патрэбныя — хай на рахунак школы пералічаць: хоць рамонт даробім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?