Кіраўнікі Беларусі пакараныя за тое, што прызвычаіліся жыць не па сродках. Піша Ігар Драко.

Усё‑ткі не забываецца Бог на Беларусь. Паглядзеў на свет, калісьці ім створаны, пасміхнуўся з дурняў, якія глабалізаваліся нягледзячы на моўныя перашкоды, і вырашыў: досыць ужо ліхвярскіх грошай, бязглуздага спажывання і пошлага гламуру. І ляснуў цуд глабальнай эканомікі! Напісана ж было: каб зарабіць сабе на хлеб, трэба добра папацець. А яны тут са сваімі фондавымі спекуляцыямі, ф’ючэрсамі на нафту, рыэлтарскімі і кансультацыйнымі паслугамі – не пацеюць, дык прыдумалі, як выкруціцца: сталі карыстацца антыперспірантамі: «для Яго», «для Яе», «для Іх Абаіх». Захацелі быць хітрэйшымі за Бога, ёлупні постіндустрыяльныя.

Мо й добры намер меў Усёмагутны, ладзячы выпрабаванне:

офісны планктон, фінансісты, эканамісты і банкаўскія лайдакі першымі адчулі на сабе яго раз’юшанасць.
Але за імі й тыя, што пацелі на заводах і фабрыках, таксама са словам «крызіс» на вуснах пайшлі здымаць з рахункаў свае ашчаджэнні. Толькі хто не ведае, не кажыце, што пралетары на беларускай зямлі не асабліва запрацаваліся. Сам не так даўно быў зваршчыкам на «Амкадоры»: і бруду наглытаўся, і пазграбнеў, поту на споднім багата пакінуўшы. Тады, выходзіць, не вылучыў нас Бог сярод астатніх? Не, вылучыў. І свой мудрагелісты фінт ён патлумачыў праз Аляксандра Лукашэнку: маўляў,
дапніце вы, лагодныя беларусы, што гэта не ваш крызіс, а іхні, тых, хто цяпер не можа купляць вашу шыкоўную прадукцыю. То бок церпім мы за чужыя грахі.
І за такія пакуты – хоць усю адміністрацыю, урад і гераічнага святога будаўніка Храму Нацбанку прывялебнага Пятра Пракаповіча на іконы і ў покуць кожнай хаты – мы маем права браць крэдыты ва ўсіх краінах хрысціянскага свету.

Вядома ж! Хто стварыў крызіс? Амерыканцы. Хрысціяне? Так. Няхай плацяць, не непасрэдна, дык праз МВФ ці Сусветны банк.

Дзе апасля крызіс не утаймавалі? У Еўропе. Таксама хрысціянская тэрыторыя. Краіны там багатыя, і Банк рэканструкцыя і развіцця ёсць – трэба дзяліцца.

А што гэта за жабракі, якія не маюць грошай, каб набываць нашыя трактары, МАЗы, шкарпэткі, кілбасу і кафлю, і яшчэ просяць нас плаціць за іхні газ? Рускія, канечне. Мы не супраць таго, каб заплаціць вам, браты праваслаўныя, але вы спярша дайце нам мільярдаў сто вашых рублёў, тады акурат іх жа атрымаеце за свой газ.

Найвышэйшы закон сумлення, якім карыстаецца наша беззаганнае, нібы дзяця падчас хрышчэнне, кіраўніцтва, гучыць наступным чынам: усе страты працавітага беларускага народа павінны кампенсаваць тыя, хто вінаваты ў крызісе і не здолеў зацугляць яго.

Шкада, не дачакаўся летуценнік Платон стварэння на мапе свету незалежнай Беларусі. Тое, што не пажадаў рабіць сіракузскі тыран, амаль праз 2,5 тысячы гадоў зрабіў іншы.

Хто, паводле Платона, мае права кіраваць ідэальнай дзяржавай? Напаўбог, напаўчалавек, які дакладна ведае, што такое Дабро само па сабе, Ісціна сама па сабе, Справядлівасць сама па сабе. І народу, якім валодаюць на падставе такіх ведаў і калі ён не сапсаваны прыкладам недасканалых плямёнаў, сорамна бедаваць ад таго, што неўзабаве будзе харчавацца праз два дні на трэці. Бо не толькі хлебам... Так, тут яму і ўсебеларуская лыжня, і конкурсы прагажунь ды спявакоў з музыкамі, а таксама ток‑шоў, на якім эксперты недвухсэнсоўна давядуць, як беларусам лепей хадзіць да ветру: трымаючы свежы нумар «СБ» у руцэ ці квіток «Супертлато» ў зубах. А пасля і мітрапаліт, пасвянціўшы цэхі завода «Крышталь», раптам ачомаецца і пакліча нас не адступацца ад вялікай дабрадзейнасці ўсіх вернікаў – пакоры.

Там, дзе крызіс ёсць, усё робіцца так, як і павінна рабіцца: чарнаскуры self‑made man з имем Барак тлумачыць выбаршчыкам сваю эканамічную праграму, якая разам выступае і праектам кардынальнага абнаўлення Амерыкі; палкі аматар жанчын Сарказі прапаноўвае сістэму адраснай дапамогі і новы падыход да размеркавання прыбыткаў кампаній; тандэм Мядзведзеў‑Пуцін усялякімі сродкамі стараюцца прадухіліць сацыяльны выбух; прыбалты, бельгійцы, ісландцы мяняюць урады; Цімашэнка насуперак Юшчанку і Януковічу не дае скаціць краіну да дэфолту.

Нам жа ўся гэта мітусня недаспадобы, таму што Бог, сапраўды, не забыўся на Беларусь. Так, гэта не наш крызіс. Мы маем уласны: крызіс маральнасці. І доўжыцца ён без малога пятнаццаць гадоў. Між тым, Адам Сміт, першы эканаміст‑тэарэтык, пісаў сваю вядомую кнігу як даследаванне па этычнай праблематыцы. У XVIII стагоддзі не было такога дробнага падзялення навукі на дысцыпліны і спецыялізацыі, таму «Багацце народаў» пайшло «пад грыфам» практычнай філасофіі, іншая тагачасная назва якой – этыка. А пратэстантызм яшчэ раней неразрыўна звязаў мараль і гаспадарчую дзейнасць. Беларускае ж know‑how заключалася ў пагарджэнні гэтай узаемазалежнасцю, і увесь наш дабрабыт, якім мы пахваляліся яшчэ паўгоду таму, быў насамрэч не зароблены, а выкленчаны.

Крызіс не наш, а іхні, але чамусьці ўжо цяпер кожны беларус, улічваючы немаўлят, дзяцей, пенсіянераў і астатніх непрацаздольных, вінаваты замежным крэдыторам каля 1800$. А кіраўніцтва краіны працягвае пазычаць грошы.

А крызіс то і пачаўся ад таго, што зашмат людзей у свеце пачало жыць не па сродках. У тым ліку і беларускае кіраўніцтва прызвычаіліся жыць не па сродках.

Простыя людзі маглі не ведаць, на якой схеме грунтуецца «беларуская эканамічная мадэль», але вышэйшая чынавенства не саромелася раней і не саромеецца цяпер трымаць у руках уладу дзякуючы чужым грошам. Разбэшчаная халявай і нашым рабскім запабяганнем перад ёй, улада, персаніфікаваўшыся, скараціла платонаўскія паняцці праз словазлучэнне «для мяне», і выйшла: Дабро для Мяне, Ісціна для Мяне, Справядлівасць для Мяне. У гнасеалогіі (яшчэ адно адгалінаванне філасофіі) такі давер самому сабе носіць назву «саліпсізму» (ад лацінскага «solo» – адзін), а ў міжасабовых дачыненнях – хамствам.

Хрысціянскія мысляры прадказвалі надыход Царства Хама. І хто мог падумаць, што адразу адбудзецца яго парадыйная прэзентацыя на беларускай зямлі. Вось яна – расплата за талерантнаць і памяркоўнасць! А яшчэ ж калі было абвешчана: не мір я вам прынес, але меч. Таму што хам разумее толькі сілу. Праўда, трэба памятаць, што адвага, як адзначыў яшчэ Арыстоцель, палягае паміж баязлівасцю і безразважнасцю. Галавой налажыць мы заўсёды паспеем, а вось, не ператвараючыся ў экстрэмістаў, заняць усю даступную нам інфармацыйную прастору клічам «Адстаўка!» мы можам.

Нам трэба развітацца з пошасцю, непраціўленне якой неўзабаве можа прывесці нацыю да скону. Выбар сродкаў небагаты: сарафаннае радыё (цяпер ужо і ў выглядзе Інтэрнету) і плошча, – але яны дзейныя, праверана на іншых, здавалася б, невылечна хворых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?