Лідзія Ярмошына лічыць, што затрыманне кандыдата ў дэпутаты Станіслава Шашка было законным, а ён у сваю чаргу незаконна патрабаваў пераліку галасоў у выбарчай камісіі, піша tut.by.
Так кіраўнік ЦВК пракаментавала інцыдэнт на адным з выбарчых участкаў, адкуль кандыдата ў дэпутаты і яго назіральніка павезлі ў РУУС Маскоўскага раёна.
— Вядома, ніякай недатыкальнасці ў яго [кандыдата ў дэпутаты] няма, — адказала Ярмошына на пытанне пра тое, ці магла міліцыя затрымліваць Станіслава Шашка. — Больш за тое, яго кандыдацтва ўжо скончылася, вынікі галасавання падведзены. Але не ў гэтым справа.
Разумееце, Шашок патрабаваў паўторнага пераліку галасоў, а ўчастковая выбарчая камісія пазбаўленая права рабіць паўторны падлік галасоў. Паўторны падлік нават акруговая не можа прызначыць, можа прызначыць Мінская гарадская камісія. Падаецца заява — гэта тое, што яму [Шашку] распавядаў міліцыянт, — і падаюцца звесткі, але не «ўвесь інтэрнат за мяне прагаласаваў», а менавіта прадастаўляюцца доказы таго, што, магчыма, адбылася падмена: быў укід, скажэнне звестак і гэтак далей, і тады Мінская гарадская камісія разглядае пытанне.
Па словах кіраўніка ЦВК, дзеянні кандыдата і яго даверанай асобы Пятра Маркелава былі незаконныя.
— Але адказ міліцыянта — проста цуд, мы смяемся ўвесь вечар: «Я што вам, Канстытуцыйны суд?» Во добрую адукацыю даюць у нас цяпер у нашых навучальных установах, правільна вучаць, — лічыць кіраўнік ЦВК.