18.11.2019 / 11:21

Віктар Марціновіч пра вынік выбараў: Паняцце законнасці канчаткова сышло ў нябыт 19

Фота Надзеі Бужан

Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра тое, чаму сёлетнія парламентскія выбары самыя кафкіянскія за апошнія 25 гадоў.

Я сачу за тым, як гладкія дзядзі і цёці атрымліваюць права галасаваць за напісаныя не імі законы, ужо 25 гадоў. Нягледзячы на замірэнне з Еўропай, на прарывы ў заходнім кірунку, гэтыя выбары былі самымі кафкіянскімі на маёй памяці.

Не тое каб я верыў, што розум (тым болей мой!) тут можа на нешта паўплываць. Але сія-тыя падсумаванні выказаць усё ж хочацца.

Відавочна, што настрой кампаніі вызначаўся тым, што сістэма нарэшце адчула сапраўдны, а не ўзяты з галавы аўтараў ТБ-страшылак, ціск. Прычым крыніцай гэтага ціску была не Еўропа, на якую можна традыцыйна не зважаць, а няпэўныя стасункі з Расіяй, а таксама скасаванне былога сацыяльнага кантракту: мы вам папіццот, вы нам не суяцеся ў дзяржаўныя справы.

Студэнцтва пачало паводзіць сябе няправільна.

Яшчэ на мінулых выбарах, у 2015-м, моладзі як чынніка не было ў прынцыпе, яна баялася адлічэння/размеркавання/за кантракты бацькоў, а тут, нагледзеўшыся, як «качае» Маскву, як і што кажа Oxxximiron у інтэрв’ю, пачала пераймаць суседзяў. Ролевая мадэль была ўспрынятая тым больш лёгка, што нават і свой «Навальны» з парай сотак тысяч фаловераў у «Тэлезе» ў наяўнасці. Што да бацькоў, дык тыя, здаецца, не ведаюць, што і казаць: сумы ў разліковых лістках не даюць ім адчування, што стабільнасць пратрывае і за свае кантракты трэба трымацца.

Я б скалануўся ад замілавання, калі б у адказ на новыя варункі і выклікі наменклатура пачала паводзіць сябе па-новаму. З IT кропкава перабудавацца ж атрымалася, прычым як хутка! Тут жа можна было б хаця б прыкруціць звычайныя прыколы з датэрміноўкай, але паказчык працягваў па-старому расці і ўжо ў сераду люта злаваў краіну.

У нулявыя тое, што галасы не лічацца, а лёс «галасавання» вызначаецца ўначы вакол не надта надзейна закрытых скрыняў, было вялікай таямніцай, ведалі якую нават не ўсе журналісты.

Я памятаю, як маладым і наіўным журналістам слухаў, што кажа Статкевіч пра сапраўдны сэнс «датэрміновага галасавання», і дапускаў, што ў былога палітвязня проста развілася параноя. Сёння сутнасць працэдуры, мяркуючы па каментах на буйных парталах, дайшла да кожнага грамадзяніна. Той факт, што краіна не ўстала на дыбкі пасля двух пераканаўчых відосаў і адной фотачкі (з цудоўнымі ператварэннямі дзяржаўнага сцяга на апячатаным участку), азначае, што ўсе раззлаваныя прынялі гэтае спасціжэнне ў якасці новай нармальнасці.

Паняцце законнасці канчаткова сышло ў нябыт.

Гэтаксама як паняцце здаровага сэнсу.

І сумлення.

Калі назіральнікаў пазбаўляюць пасведчанняў пры маўклівай прысутнасці прадстаўнікоў АБСЕ, прычым пазбаўляюць роўна за тое, што тыя сумленна рабілі сваю працу — назіралі і імкнуліся прадухіліць парушэнні, — дык чальцоў ППНС, як і прэзідэнта, можна пачынаць прызначаць на сумесных паседжаннях райсаветаў і выканкамаў, і ніхто не палічыць гэта перагінам.

Калі галасы не лічацца, асноўнымі крыніцамі дэстабілізацыі, адзінымі істотнымі гульцамі робяцца назіральнікі. Бо важна не тое, за каго і як галасуюць, але як менавіта выніковыя лічбы з’яўляюцца ў пратаколах. Выглядае, што вертыкаль гэтую небяспеку ўсвядоміла, і перад асноўнай кампаніяй я б чакаў масавых рэпрэсій для тых, хто мог бы зафіксаваць парушэнні ўлетку.

Відавочна, што гэтая парламенцкая кампанія не была элегантнай: слова «мудак», напрыклад, дагэтуль не гучала ні разу.

Істотна ўжо цяпер зразумець, якой будзе наступная кампанія.

Ёсць дзве стратэгіі правядзення прэзідэнцкіх выбараў: «як у 2001 годзе», з мінімумам кандыдатаў, максімальным нядопускам канкурэнтаў на фармальных падставах, выбарам паміж Ганчарыкам і Лукашэнкам, і «максімальна дэмакратычны» варыянт 2010 года, калі кандыдатаў было шмат і стаўка была на тое, што яны перасварацца міжсобку. Кампанія 2010 года была выбарамі ўпэўненых у сабе ўладаўзяўцаў. Кампанія 2001 года — вынікам знерваванасці і ўсеагульнай параноі (чаму так адбылося, зразумее любы, хто памятае, што адбывалася ў 1999 годзе).

Зыходзячы з гэтага я б прадказваў максімальна «некрасівы» варыянт на лета 2020-га. Альтэрнатывы ў бюлетэнях не будзе. Па ўсіх магчымых кандыдатах, палітычна ангажаваных медыях, штабах і (асабліва!) назіральніках прас пачне хадзіць непасрэдна вось цяпер.

Адна з асноўных ідэйных заманух, прыдуманая як замяняльнік сацыяльнага кантракту (бо папіццот няма адкуль узяць), ідэя кансалідаваць пратэстную грамаду вакол моцнай улады, што супрацьстаіць спробам скрасці суверэнітэт, не спрацавала. Па-першае, дзякуючы своечасовым «злівам» з усходу, па-другое, таму, што Зянона не пераплюнеш, па-трэцяе, таму, што веры ўжо проста няма, ні ў кога.

То, не могучы заставіць сябе палюбіць, будуць вымушаць сябе баяцца. Магу толькі паўтарыць слоган «Гульні тронаў»: «Winter is coming».

Ці магчыма нешта супрацьпаставіць таму, што адбываецца і яшчэ будзе адбывацца (асноўнае — наперадзе)?

Як на мяне, асноўная думка, якую трэба засвоіць тым, хто чакае перамен: у гульні, правілы якой увесь час адвольна змяняе адзін з бакоў, перамагчы немагчыма.

Калі за сістэмай застаецца права называць надта старанных назіральнікаў злачынцамі, а потым яшчэ і караць іх згодна з уласнаручна напісанымі кодэксамі, выбары жніўня 2020га ўжо цяпер можна лічыць праведзенымі «як заўсёды».

І пакаваць валізы, не чакаючы пафасу і трагізму чарговай плошчы.

«На што спадзявацца? — спытаецеся вы. — Чым грэць сэрца?»

СССР у 1986 годзе здаваўся такім жа натуральным і трывалым, як прырода, як закон, па якім дрэвы растуць у лесе. Зрынуць камуністаў не было магчымым ні на выбарах, ні падчас пратэстаў пасля. Хай сабе нешта такое і лунала ў паветры (як і цяпер).

І менавіта чыгунная ўпэўненасць у тым, што ўсё можна і ўсё будзе маўкліва з’ездзенае, і прывяла камуністаў да скону, а людзей — да цуду. Магчыма, гэты цуд аднойчы адбудзецца і ў нас. Не магу выключаць, што мы з вамі паспеем яго пабачыць.

66
Максим / Адказаць
18.11.2019 / 11:39
Человек, который оправдывает вторжение советских войск в Речь Посполитую, заикается что-то про законность?
54
ooo / Адказаць
18.11.2019 / 11:58
Все зависит от перемен в России.
7
Скураныя крылы / Адказаць
18.11.2019 / 12:28
Больш за сто гадоў таму ўсё пачыналася з палітычных гурткоў, па сутнасці з палітычнай адукацыі мас. І атрымалася. Высновы Марціновіча больш  блізкія да "трывай пачакун".

Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру