Сітуацыя з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі ў 2008 годзе была вельмі дрэннай.Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе аб правах чалавека, падрыхтаваным Дзярждэпартаментам ЗША. У дакуменце пададзены агляд сітуацыі ў 190 краінах.
Зазначана, што ў 2008 годзе беларускія ўлады па‑ранейшаму дапускалі «частыя сур’ёзныя злоўжыванні», у прыватнасці абмяжоўваліся грамадзянскія правы і свабоды, у тым ліку свабода прэсы, правы на свабоду слова, сходаў, асацыяцый і рэлігіі.
«Сур’ёзна абмежавана права грамадзян на змену ўрада, — падкрэсліваецца ў дакуменце.— Улады не здолелі расследаваць палітычна матываваныя знікненні, што здарыліся раней. Умовы ўтрымання ў турмах заставаліся надзвычай кепскімі».
Апрача таго, гаворыцца ў дакладзе, у 2008 годзе ў Беларусі працягваліся затрыманні і зняволенне тых грамадзян, якія выступалі з крытыкай афіцыйных уладаў. Некаторыя судовыя працэсы праводзіліся ў закрытым рэжыме пры адсутнасці незалежных назіральнікаў. Паколькі беларускія суды «адчуваюць недахоп у незалежнасці, вынікі такіх пасяджэнняў былі загадзя прадвызначаныя», лічаць у Дзярждэпе ЗША.
Аўтары даклада зазначаюць, што ў 2008 годзе працягвалася канфіскацыя матэрыялаў, выданых актывістамі грамадзянскай супольнасці, а таксама былі закрытыя некалькі незалежных выданняў.
«Беларускія органы правапарадку ўжывалі неабгрунтаваную сілу пры разгоне мірных акцый пратэсту; карупцыя працягвае заставацца праблемай; няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі зазнавалі пераслед, атрымлівалі штрафы або былі закрыты», — гаворыцца ў дакладзе.
Дзярждэпартамент канстатуе, што ў 2008 годзе ў Беларусі працягвалася дыскрымінацыя па рэлігійных, нацыянальных, этнічных, сексуальных і моўных прыкметах. «Назіралася дыскрымінацыя ў дачыненні да цыган, этнічных і сексуальных меншасцей, а таксама тых, хто размаўляе па‑беларуску», — падкрэсліваецца ў дакуменце. Эксперты таксама звяртаюць увагу на пераследы членаў незалежных прафсаюзаў, абмежаванне магчымасці стварэння і ўдзелу ў дзейнасці незалежных прафсаюзных арганізацый.
У той жа час, зазначана ў дакладзе, у 2008 годзе ў Беларусі адбыліся «некаторыя характэрныя змены».У прыватнасці, былі адпушчаны на волю апошнія з шасці міжнародна прызнаных палітычных зняволеных, вярнуліся ў дзяржаўную сістэму падпіскі і распаўсюджвання незалежныя газеты «Народная воля» і «Наша ніва», зарэгістравана грамадскае аб’яднанне «Рух «За Свабоду».