21.11.2019 / 01:03

«С родиной я связан не нитью, а тугим мощным тросом». Интервью с режиссером «Озера радости» Алексеем Полуяном 2

Неделю назад фильм с аншлагом презентовали в столичном кинотеатре «Москва», сейчас «Озеро радости» и «Край женщин» показывают минские «Пионер» и «Беларусь», Falcon Club Бутик Кино и Silver Screen в «Галилео». 16 ноября состоялся показ в Барановичах, впереди — Брест (21—24 ноября), Могилев и Ляховичи.

Фота з архіва Аляксея Палуяна

— Аляксей, віншую цябе з прэм’ерай «Возера радасці» на радзіме! Гэта першы беларускамоўны кароткаметражны незалежны фільм, які сабраў бадай самы вялікі мінскі к-р «Масква». Чым можна растлумачыць такі поспех?

— Поспех любога добрага праекту — каманда. Менавіта дзякуючы камандзе, якая працавала над беларускім пракатам «Возера радасці», усё так добра сталася. Вельмі важна, каб было паразуменне, адсутнасць нейкіх эгаістычных амбіцый і вера ў тое, што ты робіш нешта добрае і цікавае, разуменне вартасці праекта — тады ўсё складваецца як мае быць. Гэта па-першае. А па-другое — непасрэдна фільм, які захацелі ўбачыць беларусы. Фільм атрымаў шэраг узнагарод на замежных кінафестывалях, пра яго пачалі шмат пісаць у Беларусі, таму і ўзнік інтарэс. Калісьці мне нехта з сяброў сказаў, што ў Беларусі цябе пачынаюць заўважаць свае, калі цябе прызнаюць за мяжой. Я доўга не хацеў з гэтым пагаджацца, але зараз разумею, што, мабыць, так і ёсць.

— «Возера радасці» знята па матывах аднайменнага рамана Віктара Марціновіча, але ты неаднойчы казаў, што гэта вольная адаптацыя эпізода з рамана і ў аснову фільма пакладзена асабістая гісторыя твайго бацькі, то-бок гэта больш уласная сямейная гісторыя. Што тата сказаў, калі ўбачыў фільм упершыню?

— Так, гэта сапраўды вельмі вольная адаптацыя эпізода з рамана Віктара. Зняць фільм па кнізе гэта не рабіць ілюстрацыю да кнігі альбо яе копію, гэта зрабіць нешта новае. Што я разумею пад вольнай адаптацыяй? Па-сапраўднаму ты пакідаеш толькі тое зерне, што зацікавіла цябе як аўтара, і будуеш свой новы свет. Уласнае бачанне гэта і ёсць аўтарскае кіно.

Калі тата глядзеў фільм першы раз, мяне не было побач. Мая дзяўчына глядзела фільм разам з ім і потым мне распавяла, што ў яго тры разы былі чырвоныя вочы, то-бок напоўненыя слязьмі. Потым ён мне сказаў, што фільм атрымаўся цудоўным.

— Бацька таксама быў на прэм’еры стужкі ў «Маскве», бачыў гэты натоўп людзей, што прыйшлі паглядзець твой фільм, як ён на гэта адрэагаваў?

— Калі я запрасіў яго на прэм’еру фільма, ён адразу адмовіўся і сказаў, што не паедзе, бо я паклічу яго на сцэну, а ён не любіць ніякай публічнай увагі. Ну вось ён такі… Усё намагаецца ўцячы ад увагі, мне здаецца, гэта характэрная беларуская рыса схавацца, не прыцягваць увагі, быць у цені, жыць па-хутарскому… Хаця я з такой пазіцыяй не згодны.

— Ты казаў, што гэтым фільмам спрабаваў знайсці адказ на пытанне, як бацькі могуць пакідаць сваіх дзяцей. Знайшоў адказ для сябе?

— Не, не знайшоў і думаю, што адказу на гэта пытанне няма. Пасля паказу ў «Маскве» адбылася цікавая сітуацыя. Да мяне падышла дзяўчына, на выгляд ёй было крыху больш за 30 год. І вось падыходзіць яна да мяне ды кажа: «Ведаеце, я аддала сваё дзіця ў інтэрнат. І калі аддавала, я не разумела, што гэта будзе так балюча і што ўсё сваё жыццё я буду шкадаваць». Я не знайшоўся, што ёй адказаць, проста глядзеў на яе і разумеў, наколькі яна аб гэтым шкадуе.

— Гэта звычайная глядачка, якая выпадкова апынулася на паказе?

— Так. І вось я стаю, пазіраю на яе і не ведаю, што адказаць. Яна ўсміхаецца, але адразу зразумела, які вялікі боль хаваецца за гэтай усмешкай. Не ведаю, у мяне няма адказу на пытанне, чаму яна так зрабіла. Я цяпер думаю, як бы мне знайсці гэтую дзяўчыну.

— А што б ты хацеў у яе запытаць?

— Я проста хацеў бы з ёй пагутарыць. Разам памаўчаць… Магчыма, што з гэтага атрымалася б цікавая гісторыя.

— То-бок у цябе такі прафесійны інтарэс узнікае…

— Ведаеш, так заўсёды адбываецца, рэжысёр не існуе без інтарэсу, ён паўсюль. Рэжысёр працуе ўвесь час — нават калі едзеш у тралейбусе, не проста едзеш, а назіраеш. Назіранне — фундамент любога фільма. І ў гэтым сэнсе ты ніколі не перастаеш працаваць. Ты знаходзіш нейкі іншы модус, але ўсё адно працягваеш працаваць — ты назіраеш за гэтым жыццём.

— «Возера радасці» ў гэтым годзе трапіла ў Нацыянальны конкурс «Лістапада», дзе старшынёй журы быў Кшыштаф Занусі. У адным з інтэрв’ю ён казаў, што яго вельмі ўразіў вобраз вёскі, які паўтараецца з фільма ў фільм, вельмі драматычны на яго думку. У тваім фільме дзеянне таксама адбываецца ў вёсцы. Як ты думаеш, чаму гэта так актуалізавалася зараз у беларускім кіно і чаму ты абраў такое месца дзеяння?

— Па-першае, таму што ўсе мы выйшлі з вёскі. У беларускім кіно, мне здаецца, гэта не проста акалічнасць і месца дзеяння, гэта ўнутраны стан, вёска, як і дзяцінства, у кожным з нас, у гэтым Беларусь. Гэта наша адметнасць і тут няма чаго цурацца. Мне вельмі цікавая вёска, бо там людзі жывуць без масак, яны такія, якія ёсць. У вясковых людзей ёсць сапраўдная шчырасць, няштучная. І ўсе гэтай шчырасці шукаюць. Па меншай меры мяне, як рэжысёра, менавіта гэта цікавіць.

— «Возера радасці» пачынаецца з песні. А твой папярэдні фільм — «Край жанчын» — увогуле амаль што напалову напоўнены кадрамі з традыцыйнымі беларускімі спевамі. Гэта такая твая асабістая любоў да беларускага фальклору альбо мэтанакіраванае жаданне праз фільма захаваць культурныя традыцыі Беларусі, якія знікаюць?

— І першае, і другое… Мне здаецца, што наша ідэнтычнасць вельмі звязаная са спевамі, праз музыку, праз гэтыя традыцыйныя спевы, выказваюцца пачуцці. Я, па праўдзе кажучы, не люблю музыку ў кіно, бо цяжка знайсці такі фільм, дзе музыка не ілюструе штосьці, а будуе новы сэнс. Гэта, канешне, тычыцца мантажу, бо што такое мантаж? Гэта 1+1=3 альбо =4, альбо =5 і г.д., то-бок гэта пра зусім новую думку, непадпарадкаваную логіцы.

Па Эйзенштэйне

— Так! Добры мантаж — гэта калі два кадры ў сутыкненні даюць не суму двух сэнсаў, а новы кадр і новы сэнс. Калі ты выкарыстоўваеш музыку ў фільме, то яна павінна будаваць новую, зусім іншую думку. То-бок кадр дае адну думку, гук у кадры будуе другую думку, а музыка — трэцюю. А вось калі ты працуеш са спевамі… Тут ужо шмат чаго ўзнікае. Па-першае, хто і як спявае — у гэтым ужо асабісты характар і моц. Па-другое, што тычыцца менавіта беларускіх спеваў, для мяне гэта не проста музыка, а характар героя і ягоная гісторыя, якую ён распавядае праз свой спеў. Беларускія спевы — гэта не проста экзотыка нейкая, але асаблівы від культуры і ён вельмі візуальны, як бы парадаксальна гэта ні гучала. Нашыя спевы вельмі візуальныя, яны пра вобразы. Беларусы — вельмі меланхалічны народ, і нашыя спевы такія ж, у іх шмат паэтычнай меланхоліі. Гэта мяне і цікавіць. 

— У «Возеры радасці» напрыканцы фільма ёсць эпізод, у якім Яся з хлопчыкам прыносяць з бібліятэкі кніжкі, расстаўляюць на тэнісным стале і пачынаюць праз іх гуляць. А кнігі — «Архіпелаг ГУЛАГ», зборнік Быкава і «Атланты і карыятыды» Шамякіна. Гэты набор, на маю думку, вельмі дакладна ілюструе наша нядаўняе мінулае: ад сталінскіх лагераў, праз сусветную вайну да будовы новага свету новым чалавекам. І вось гэтыя малыя пакінутыя дзеці, якія апынуліся ў нявызначаным месцы ў нявызначаны час, проста пачынаюць сваю ўласную гульню праз усё гэта, для іх гэта глабальная гісторыя з яе катастрофамі і зрухамі не мае значэння, іх уласная маленькая гісторыя шмат важнейшая, бо яна таксама — гісторыя краіны. Выбар кніжак жа не быў выпадковым? Ці гэта ўсё маё сімвалічнае дабудоўванне?

— Так, канешне, кнігі былі не выпадковымі. Вельмі цікава, што ты гэта заўважыла, і вельмі ўсцешаны, што гэтая дэталь будуе так шмат новых думак. Але ў мяне другі пасыл быў: мы ўзялі кнігі з розных культур, што ў пэўны час былі забароненыя ў сябе на радзіме. Ад рускай культуры Салжаніцын, ад беларускай Быкаў, там яшчэ ёсць кніжка Гётэ ад немцаў і з грузінскай культуры Руставелі. Сэнс у тым, што гэтыя дзеці не зважаюць на ўсе гэтыя забароны, на дурасць сістэм у вобразе дарослых, яны вышэйшыя за гэта і разумнейшыя. Але мне так прыемна, што ты менавіта свой сэнс пабудавала.

— Мне здаецца, што кіно, як і любое мастацтва, так працуе: ты робіш свой фільм, выпускаеш, а далей ён жыве ўжо сам па сабе і кожны знаходзіць у ім свае сэнсы. Дарэчы, пра беларускае кінамастацтва. Ты на «Лістападзе» паглядзеў усе фільмы з Нацыянальнага конкурсу? Увогуле, сочыш за беларускім кіно? Што з апошняга цябе больш за ўсё ўразіла?

— Вельмі пільна сачу за беларускім кіно, вельмі ўважліва і актыўна, таму што хоць я і жыву ў Германіі, але ментальна я ўвесь час тут. Няма дня, каб я не быў «галавой» на радзіме, навіны беларускія чытаю кожныя дзве гадзіны.

Мне не вельмі падабаецца, што ў сучасным беларускім кіно шмат зацягнутасці. У мяне столькі матэрыялу было, калі я здымаў «Возера радасці», я б мог зрабіць поўны метр, але навошта? У кіно вельмі важна трымаць інтэнсіўнасць. У «Аўстэрліцы» Лазніцы сем мантажных склеек, але ты ўсё роўна сочыш, кожны момант ёсць здзіўленне, кожны раз ты нейкае адкрыццё для сябе робіш. Калі няма гэтай інтэнсіўнасці трэба манціраваць, каб яна з’явілася, бо так ты не паважаеш час гледача.

На «Лістападзе» я амаль што ўвесь Нацыянальны конкурс паглядзеў. Асабліва ўразілі фільмы Андрэя Куцілы і Максіма Шведа, вельмі добрае кіно. Бачыў «Бабулю на марсе» таксама цікавы фільм. «Summa» Андруся Куцілы вельмі цудоўны фільм, але, на маю думку, ён не для маладых. Гэта такое разважлівае кіно, троху філасофскае, экзістэнцыяльнае, што не ўсе могуць зразумеюць. «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа на мяжы цэнзуры, у ім адчуваецца крытычная інтанацыя, але тонка зробленая. Уразіла смеласць Улады Сяньковай у яе працы «II», асабліва калі я даведаўся, у якіх ўмовах яны здымалі фільм гэта смела. Вельмі рады за маіх калегаў і каляжанак.

— Ты жывеш і працуеш у Германіі, а дома часта бываеш?

— Я жыву на дзве краіны, то-бок вельмі часта.

— Ты ў штодзённым жыцці размаўляеш па-беларуску, фільмы здымаеш пра Беларусь, і, як кажаш, вельмі часта бываеш дома, то-бок нітка сувязі з радзімай у цябе даволі моцная?

— Сапраўды, гэта нават не нітка, а тугі вялізны трос. Я сябе бачу беларускім рэжысёрам, які зараз проста часова жыве ў іншай краіне, каб скарыстацца магчымасцю атрымаць якасную адукацыю, ну і, канешне, з-за магчымасці ў Германіі атрымаць фінансаванне на свае фільмы, якія я здымаю на радзіме.

— Ты яшчэ вучышся?

— Так, у лютым скончу Касэльскую мастацкую акадэмію. Я вучуся ўжо восьмы год. У Беларусі людзі не разумеюць, як гэта вучыцца столькі часу. А ў Германіі рэжысёры вучацца па дзесяць гадоў. У цябе можа быць ўжо шэраг фільмаў, за гэты час можа з’явіцца сям’я і дзеці, а фактычна ты яшчэ студэнт. Крыху іншая сістэма. Адзін фільм робіцца два-тры гады, таму, калі падлічыць, так і атрымліваецца.

— Ты плануеш вярнуцца на радзіму пасля вучобы?

— Я хоць зараз вярнуўся б. Але ж у Беларусі немагчыма знайсці фінансаванне на здымкі фільмаў, а без гэтага я не бачу сэнсу існавання.

— У нас цяжка здымаць кіно, але нават калі ты зняў добры фільм, то паказаць яго не лягчэй. Я пра тое, што пракатваць беларускае кіно ў нас цяжка, кінатэатры не вельмі ахвотна яго бяруць, бо яно прадаецца не так добра, як абстрактны «Джокер». Таму гэта, канешне, вялікі поспех, што «Возера радасці» сабрала «Маскву», а пракат будзе яшчэ ў чатырох сталічных кінатэатрах, але самае адметнае — паказы ў рэгіёнах (Баранавічы, Берасце, Магілёў і Ляхавічы), гэта ўвогуле нонсэнс. Як так сталася? Як вам удалося дамовіцца з кінатэатрамі? Ці поспех фільма зрабіў усю працу за вас?

— Я вельмі ўсцешаны, што столькі зацікаўленасці ў беларускага гледача. Гэты факт кажа пра тое, што патрэба ў незалежным беларускім кіно ёсць і яна не малая. Тое, што мы зрабілі цудоўную прэм’еру фільма ў кінатэатры «Масква», адна справа, але нам таксама працягнулі пракат і на другі тыдзень у трох кінатэатрах: «Піянер», Silver Screen «Галілеа», Falcon Club Буцік Кіно. Вось гэта я лічу неверагодным. За тры дні (разам з прым’ерным паказам) фільм паглядзела ўжо больш за 1500 гледачоў.

У рэгіёнах трэба дамаўляцца з мясцовай уладай. Усё залежыць ад людзей, то-бок трэба проста размаўляць, шукаць кампрамісы. У Баранавічах, маім родным горадзе, нам проста пашанцавала, бо ў мясцовым гарвыканкаме працуе мой былы настаўнік. Вельмі прыемны і інтэлігентны чалавек. І ён так натхнёна прыняў ідэю паказаць «Возера радасці» і «Край жанчын», а потым мы ўвогуле дамовіліся зрабіць такі шэраг паказаў фільмаў баранавіцкіх рэжысёраў. Так што мы з Андрусём Куцілам, спадзяёмся, будзем мець магчымасць паказаць свае фільмы землякам. З астатнімі гарадамі дамаўляўся Мікола Лаўрынюк, які кіраваў перамовамі з кінатэатрамі.

— Як прайшоў паказ у родным горадзе?

— Вельмі добра, я быў прыемна здзіўлены. Мы ўвогуле не чакалі такога поспеху: прыходзім у кінатэатр (зала на 330 чалавек, якая, зразумела, ніколі не запаўняецца), а там чарга стаіць і зал болей чым на палову быў запоўнены. І людзі такія культурныя, на роднай мове пытанні задавалі, людзі з вёсак суседніх папрыязджалі. Проста цуд! А аддзел культуры як падрыхтаваўся! Столік паставілі ля сцэны, ручніком накрылі, крэсла, мікрафоны два паставілі, нават вядучага запрасілі. Гэта так кранальна! З аднаго боку, так па-дзяржаўнаму ўсё, а з другога з сэрцам зроблена, вельмі ўдзячны за такі прыём. Вялікі дзякуй, канешне, мясцовым СМІ «Intex-press» і «Наш Край», дзякуючы артыкулам, зробленым з іх дапамогай, людзі даведаліся пра паказ у горадзе.

— У пракаце «Возера радасці» паказваюць сумесна з тваім дакументальным фільмам «Край жанчын». Апошні, на маю думку, — абсалютна феміністычнае кіно. Жанчыны, што ў ім зняліся, транслююць гэты феміністычны дыскурс не толькі сваімі расказамі пра ўласнае жыццё і здольнасцю весці гаспадарку самастойна, але і настроем. Адна з жанчын на тваё пытанне адказвае, што марыць аб дзвюх рэчах у жыцці: каб хапала здароўя і каб людзі адзін аднаго паважалі. Ты калі задумваў фільм, закладваў гэту ідэю ці гэта дадатковыя сэнсы, якія ўзніклі самастойна?

— Так, я і кажу ўвесь час, што гэта фільм пра нашых жанчын бабуль, маці, сясцёр (у залежнасці ад кантэксту). Я не лічу сябе актывістам фемінізму, у мяне проста ёсць вялікая павага да жанчын. Мужчыны могуць бясконца гуляць у свае войны і мерацца ўладай, але усё і надалей будзе трымацца на жанчынах. Мужчыну моцным робіць моцная жанчына побач.

— Ты назваў фільм «Край жанчын», атрымліваецца, што Беларусь — краіна жанчын?

— Сто адсоткаў. Лепшае, што робіцца ў нашай краіне, робіцца жанчынамі. Мне ўвогуле вельмі цікава працаваць з жанчынамі. У «Возеры радасці» галоўная гераіня таксама ж дзяўчынка. Зараз я пішу сцэнар новага фільма, там таксама галоўная роля жаночая. Мне яны цікавейшыя, не ведаю чаму. Франсуа Труфо таксама здымаў выключна пра жанчын. Не толькі Труфо, дарэчы, Клапіш таксама, ды і ўся французская новая хваля. У ёй былі адны мужчыны, а мужчыну цяжка зразумець жаночае, таму яны ўсё жыццё паклалі, каб зразумець жанчыну, на даследаванне гэтага іншага свету. Ці зразумелі? Напэўна, не.

— «Край жанчын» два гады таму атрымаў прыз у Нацыянальным конкурсе «Лістапада» з фармулёўкай «За вернасць маральным ідэалам у кінамастацтве», што для цябе гэтыя ідэалы? І што ўвогуле галоўнае ў кінамастацтве?

— Не даваць ацэнак і не вешаць чорна-белых ярлыкоў. Важна, каб глядач сам будаваў сваё стаўленне да сітуацыі ці да героя, для мяне гэта галоўнае.

— Ты зараз здымаеш новы дакументальны фільм і працуеш над сцэнаром для дэбютнага мастацкага поўнаметражнага фільма. І абодва ізноў пра Беларусь. Можаш расказаць, пра што яны будуць?

— Гэтыя фільмы будуць не толькі пра Беларусь, але, як і ўсе мае працы, пра ўвесь свет. Я лічу, што трэба шукаць гісторыю, якая будзе зразумелай і цікавай гледачу любой краіны і любой культуры. Я пакуль не магу дакладна распавесці пра ідэю дэбюту, бо цяпер я знаходжуся ў стане будавання ідэі. Магу толькі сказаць, што мяне зараз цікавіць знакавы гістарычны перыяд, калі руйнаваліся адны сістэмы і ўзнікалі новыя.

Адзінае, што магу сказаць пра дакументальны фільм, які я здымаю ўжо год, гэта будзе трохі «балючая» тэма, у ім я задаю не вельмі прыемнае пытанне і да сябе, і да нашага грамадства. Мне проста падаецца, што для мяне ўжо прыйшоў такі час, калі я магу на гэтую тэму гаварыць і маю права задаваць такія пытанні. Фільм не пра палітыку, але крытычнага характару.

— Калі ў Беларусі чакаць твае новыя фільмы?

— Цяжка сказаць. Для мастацкай стужкі я толькі пачынаю пісаць сцэнар, калі ўсё будзе добра праз год ці праз два сцэнар будзе гатовы, а потым як знайду фінансаванне. Я буду вельмі шчаслівы, калі праз тры гады пачну здымаць. А дакументальны фільм, які я раблю ўдваіх з нямецкім аператарам Есэ Мазухам (ён, дарэчы, здымаў дзве дакументальныя стужкі Сяргея Лазніцы «Аўстэрліц» і «Дзень Перамогі»), спадзяюся, у наступным годзе будзе зроблены.

Гутарыла Дар'я Шакуля

1
спадар Стась. Сaюз ПравЫх Сiлay Беларусi (CПСБ) / Ответить
21.11.2019 / 03:39
Цi то не нашчадак часам спадар роду Палуянау да якога належыу анёл-ахоyнiк нашага Максiма Багдановiча, Сяргей Палуян?
1
Lisoid Kotov / Ответить
21.11.2019 / 09:50
Весь интерес к фильму выходит исключительно через интерес публики к Виктору Мартиновичу и его деятельности. Я, когда посмотрел фильм, был слегка разочарован такой "вольной адаптацией", потому что от озера радости осталось одно название.

Я так и не смог понять, почему Яся весь фильм говорит на беларусском языке кроме одной, но очень явной фразы на русском. В чем была задумка? Или задумки не было?

Первый фильм "Край жанчын" смотреть было сложно. Эти ракурсы, в которых лица старых женщин на весь экран - своеобразная эстетика. Но если это еще можно как-то объяснять задумкой автора, хотя мне так это и не удалось, то вот постоянно прыгающий фокус камеры я объяснить ничем не смог. 

В общем, я был разочарован. Надеюсь, что таких как я было меньшинство. 
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера