У медыйнай прасторы кулуарна ідуць абмеркаванні рэформаў, якія цяпер перажывае Еўрапейскае радыё для Беларусі. Неафіцыйна можна было пачуць пра тое, што Еўрарадыё амаль цалкам закрыла варшаўскі офіс, а з мінскай рэдакцыі былі скарочаныя супрацоўнікі.

Павел Свярдлоў. Фота euroradio.fm.

Павел Свярдлоў. Фота euroradio.fm.

«НН» звярнулася па каментар да галоўнага рэдактара Еўрарадыё Паўла Свярдлова. Ён патлумачыў сітуацыю наступным чынам: «Як вы ведаеце, Еўрарадыё зарэгістравана ў Еўрасаюзе і мае афіцыйны ньюсрум у Мінску. Цяпер адбываецца рэструктурызацыя, звязаная з творчымі пытаннямі.

Мы аптымізуем працэсы і штат супрацоўнікаў. Але, безумоўна, у нашых рэдакцыях засталося не па два чалавекі». Дастаткова канцылярскі і сухі адказ, за якім зусім незразумела, што ж за працэсы праходзяць у СМІ.

На пытанне, што на сёння ўяўляе з сябе варшаўскі офіс Еўрарадыё, Свярдлоў адмовіўся адказваць. Па тлумачэнне сітуацыі «НН» звярнулася да чалавека, які добра абазнаны ў працы выдання.

«Усё празаічна і вельмі проста: зменшылася фінансаванне. Вельмі істотна. Пайшлі на лагічныя крокі, якія варта было зрабіць яшчэ сем гадоў таму. Бо няма сэнсу гуляцца ў радыё, калі няма хваляў», — патлумачыла нам крыніца, якая захацела застацца ананімнай.

Скарачэнні ў варшаўскім офісе Еўрарадыё сапраўды адбыліся. Фактычна там засталося толькі кіраўніцтва СМІ, а таксама бухгалтэрыя. Скарочанай аказалася журналістка і пісьменніца Святлана Курс.

«Я атрымала паведамленне аб скасаванні дамовы з Еўрарадыё ў сувязі з ліквідацыяй майго працоўнага месца ў выніку рэструктурызацыі», — сказала нам Святлана Курс. Пакуль яна дапрацоўвае да 30 лістапада, а што будзе пасля, сказаць цяжка.

Агулам з варшаўскага офісу было скарочана пяцёра чалавек. Адбыліся скарачэнні і ў мінскім офісе Еўрарадыё.

Еўрапейскае радыё для Беларусі працуе ад лютага 2006 года. Галоўны офіс СМІ знаходзіцца ў Варшаве. Ад 2009 года мае акрэдытацыю на працу ў Беларусі. Кіраўніком праекта з’яўляецца Зміцер Новікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?