Пра гэта «Нашай Ніве» расказаў яе дырэктар Мікалай Кендысь.

«Зараз у школе вучыцца 50 дзяцей, у класе ў сярэднім па чатыры чалавекі. Працуюць 14 настаўнікаў. Я разумею, што школа неперспектыўная, але вельмі шкада, што беларускамоўная школа закрыецца… — прызнаецца Мікалай Кендысь. — Перажываюць і бацькі, і дзеці. Нехта нават петыцыю склаў, я не ведаю, ці будзе з гэтага толк, але спрабаваць выратаваць школу трэба».

Амелянецкая школа лічацца неперспектыўнай зусім не таму, што яна месціцца ў драўляным будынку ці што ў ёй адсутнічае тая ж спартыўная зала.

«За апошнія гады ў мікрараёне, які адносіцца да нашай школы, нарадзілася ўсяго двое дзяцей. Як бачыце, хутка тут не будзе каму выкладаць», — наракае Мікалай Кендысь.

Што будзе з настаўнікамі і дзецьмі?

«Не так далёка ёсць базавая школа, частку дзяцей перавядуць туды. Мы палічылі, што з некаторых вёсак дарога будзе займаць амаль паўгадзіны замест цяперашніх 10 хвілін. Настаўнікаў-пенсіянераў звольняць. Астатніх перавядуць у іншыя школы», — працягвае Мікалай Кендысь.

Закрыццё школы, лічыць яе дырэктар, адаб’ецца і на жыцці вёсак агулам.

«Ужо сёння маладыя сем’і атрымліваюць жыллё бліжэй да горада, так што з закрыццём школы прыйдуць у заняпад і вёскі Амелянец, Дубраўцы, Ваўкаставец. А школа ў нас харошая. У нас свая кацельная, зімой у нас цёпла, утульна, на падлогах ляжаць дываны», — расказвае Мікалай Кендысь.

Намеснік начальніка аддзела па адукацыі Камянецкага райвыканкама Уладзімір Шпак адмовіўся тлумачыць сітуацыю з закрыццём школы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?