21.11.2019 / 17:17

Канферэнцыя «Стартап года» ўжо ў снежні — інвестары будуць шукаць каманды з патэнцыялам выбуховага росту

14 снежня 2019 года ў Мінску адбудзецца юбілейная канферэнцыя «Стартап года», дзе будуць падведзены вынікі 10 гадоў стартап-руху ў Беларусі. Арганізатар канферэнцыі — цэнтр «Стартап Тэхналогіі». Афіцыйным партнёрам мерапрыемства выступае МТБанк.

«Стартап года» — штогадовая міжнародная канферэнцыя для тэхналагічных прадпрымальнікаў і інвестараў. Гэта ўнікальная пляцоўка, дзе стартапы сустракаюцца з інвестарамі, пераймаюць практыкі паспяховых прадпрымальнікаў з розных краін, прэзентуюць свае праекты на вялікай сцэне прэстыжнага конкурсу стартапаў.

Найбольш чаканая частка мерапрыемства — міжнародны конкурс стартапаў «Стартап года». Дадзены фармат быў «падгледжаны» ў Сіліконавай даліне і прывезены ў Беларусь цэнтрам «Стартап Тэхналогіі» ў 2009 годзе. Мерапрыемствы цэнтра Startup Weekend, Invest weekend, якія сталі ўжо культавымі, дапамаглі рэалізаваць праекты сотням ІТ-прадпрымальнікаў ва ўсіх кутках нашай краіны. З тых часоў фармат выступленняў стартапаў перад журы, у склад якога ўваходзяць патэнцыйныя інвестары і эксперты рынку, стаў неад'емнай часткай усіх стартап-канферэнцый, якія праходзяць у нашай краіне.

Аўтары праектаў чакаюць «Стартап года», таму што для іх гэта месца сілы. На пляцоўках цэнтра «Стартап Тэхналогіі» зарадзіліся вядомыя беларускія стартапы, сярод якіх Maps.me, PandaDoc, RocketBody і многія іншыя. Тут знайшлі інвестараў дзясяткі стартапаў. Не дзіўна, што на мерапрыемствах цэнтра «Стартап Тэхналогіі» нараджаюцца зорныя каманды, бо экспертамі мерапрыемстваў выступаюць многія таленавітыя тэхналагічныя прадпрымальнікі, такія як Зміцер Гурскі, Цімафей Ліпскі, Уладзімір Халязнікаў і іншыя.

На канферэнцыі «Стартап года» можна сустрэць інвестараў з Сіліконавай даліны, Ізраіля, Германіі, Кітая, Украіны, Польшчы, Расіі і іншых краін. Гэта прафесійныя інвестары, якія шукаюць стартапы для інвеставання.

Арганізатары канферэнцыі паклапаціліся аб тым, каб кожны ўдзельнік знайшоў тут партнёраў. Для гэтага прадугледжана 5 фарматаў нэтворкінгу. І толькі на канферэнцыі «Стартап года» за адзін дзень можна знайсці для сябе адказ: ці стане новы бізнэс паспяховым стартапам ці не?

У аснове тэхналагічнага прадпрымальніцтва ляжыць інавацыйная ідэя, якая дае бізнэсу ўстойлівую канкурэнтную перавагу, таму на канферэнцыі «Стартап года» эксперты падрабязна абмяркуюць глабальныя трэнды 2020 года, якія ў хуткім часе зменяць бізнэс-асяроддзе і спажывецкі попыт да непазнавальнасці. Спікеры канферэнцыі падзеляцца спосабамі аналізу трэндаў і прымянення атрыманых дадзеных у бізнэсе.

«Калі мы прымалі рашэнне выступіць партнёрам канферэнцыі «Стартап года», мы звярнулі ўвагу на падабенства нашага падыходу і памкненняў тэхналагічных прадпрымальнікаў. Жаданне развівацца, ствараць паспяховыя прадукты і адказваць на выклікі рынку — усё гэта дазваляе дасягаць поспеху. Перамагае той, хто не баіцца рухацца наперад», — адзначыла дырэктар па малым і сярэднім бізнэсе ЗАТ «МТБанк» Вольга Цура.

Па словах заснавальніка канферэнцыі «Стартап года», дырэктара цэнтра «Стартап Тэхналогіі», інвестара Аляксея Шаблоўскага на стыку традыцыйнага прадпрымальніцтва і сферы інфармацыйных тэхналогій крыецца залатая жыла. У працэсе падрыхтоўкі да выступлення на сцэне канферэнцыі «Стартап года» з прадпрымальнікамі адбываюцца метамарфозы: нязладжаныя і няпоўныя каманды стартапаў пераўтворацца ў кампаніі з патэнцыялам выбуховага росту — лідараў заўтрашняга дня, якія рэальна развіваюць эканоміку, спрыяючы выхаду краіны на новы віток тэхналагічнага развіцця.

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру