22.11.2019 / 01:10

Што кажуць жыхары пад'езда, дзе ўлёткамі напалохалі старшыню выбаркама 21

Журналісты Mspring.online больш за гадзіну дзяжурылі каля ўвахода ў дом, куды баіцца вяртацца дырэктар школы №12 Марына Зубарэнка, і высветлілі агульныя настроі.

«Яна нібыта ужо начуе дома». Цёмнавалосы мужчына 35-ці гадоў разам з дзвюма дзяўчынамі вылез з шэрага «Сеат Таледа» побач з пад’ездам дома па вуліцы Жамчужная, 20а, калі да яго падскочылі два журналісты нашага часопіса. Дзяўчаты, пачуўшы пытанні пра расклееныя ўлёткі, не выказалі цікавасці да таго, што адбываецца і сышлі ўнутр дома.

Мужчына не захацеў называць свайго імя, але пацвердзіў, што жыве ў гэтым пад’ездзе і менавіта тут адбыўся інцыдэнт, які раззлаваў прэзідэнта Лукашэнку і напалохаў старшыню ўчастковай выбарчай камісіі №32 і дырэктара школы №12 Марыну Зубарэнка.

Ён сказаў, што яна ўжо начуе дома. Праўда, пачуўшы далейшыя роспыты, паспяшаўся выправіцца: па другой версіі, ён не ведае, з’яўляецца яна ў сваёй кватэры ці не. Саму Зубарэнка ён ацаніў як вельмі прыстойнага чалавека. Мужчына бачыў улёткі, у якіх жыхароў дома прасілі нагадваць старшыні ўчастковага выбаркама аб крымінальнай адказнасці за фальсіфікацыю выбараў:

— Паўсюль былі: на дошцы аб’яваў, на кожным паверсе расклеілі. Выходзіш з ліфта — і бачыш гэтую дрэнь.

Пра сам інцыдэнт з удзелам Зубарэнка і Марзалюка ў школе №12 ён даведаўся толькі з інтэрнэту:

— Гэта была правакацыя журналістаў тэлеканала Белсат. Шчыра кажучы, я дрэнна стаўлюся да іх. Хоць і не гляджу гэты канал. Я не веру, што Зубарэнка фальсіфікавала выбары.

На пытанне, чаго ж тады баіцца дырэктарка школы, мужчына абурыўся:

— Чаго яна баіцца? А вы пра 1997 год не чыталі? Пра Мікалуцкага? Яна баіцца, гэта нармальна. Чалавек, які расклеіў гэтую ганьбу, — проста падонак.

Пасля гэтых слоў ён папрасіў сфатаграфаваць дакументы журналістаў Mspring.online, зрабіў фота і сышоў у пад’езд. Хвілін праз дваццаць ён зноў выйшаў з дома разам з тымі ж дзяўчатамі, але ў машыну не сеў, а завярнуў за вугал дома і сышоў.

У гэты момант дахаты вярталася жанчына ў шэрым пухавіку і шапцы. Яна распавяла, што жыве на шостым паверсе. На ўспамін пра сітуацыю з улёткамі і Зубарэнка адрэагавала млява. Значна больш яе турбуе, што «бамжы сцягваюць агароджу з двара і здаюць у металалом».

Самі ўлёткі яна не бачыла, толькі чытала інфармацыю ў інтэрнэце:

— Ва ўлётках прасілі казаць Зубарэнка пры сустрэчы, што фальсіфікацыя выбараў — гэта крымінальнае злачынства. Але яна ж дырэктар школы, як яна можа фальсыфікацыямі займацца, глупства нейкае.

З самай Марынай Зубарэнка жанчына, па яе словах, амаль не перасякаецца — вітаецца, калі бачыць, але знаёмая з ёй слаба. Яна не ведае, ці то начуе дырэктарка ў сваёй кватэры, ці то не.

Маладая дзяўчына ў слухаўках, ухутаная ў шалік, падышла да пад’езда хвілін праз 10 і не адразу зразумела, што ў яе пытаюцца. Пра расклейку ўлётак яна даведалася ад бацькі, таму не ведае, як да гэтага ставіцца. Яшчэ яна чула, як яе бацькоў апытвала міліцыя: «Можа, некалькі дзён назад гэта было».

— Улёткі я не бачыла, можа, не звярнула ўвагі. Шчыра кажучы, я нават не ведаю, як выглядае гэтая жанчына [Зубарэнка].

Амаль у гэты ж момант у пад’езд сабралася заходзіць жанчына гадоў 50-ці з акуратным, але яркім макіяжам і вялікім сінім пакетам прадуктаў. Яна стомлена паведаміла журналістам, што ведае наглядна, як выглядае Марына Зубарэнка, але блізка з ёй незнаёмая:

— Бачыла яе, калі, напрыклад, сход жыхароў дома быў. Вось так пару разоў бачыла. Ці начуе яна дома? Не ведаю. Ці можа яна фальсіфікаваць выбары — я не ведаю, але моцна сумняваюся. У любым выпадку, чалавек, якія расклеіў улёткі з інфармацыяй пра яе, зрабіў непрыгожа. Усе мае суседзі пачыталі гэтыя кавалачкі паперы і проста выкінулі.

На пытанне, прыходзіў да яе хто-небудзь з міліцыі з нагоды ўлётак, жанчына здзіўлена адмоўна пакруціла галавой.

З пад’езда выскачыў мужчына ва ўзросце 55—60 гадоў, моцны і падцягнуты. Паводле яго слоў, ён толькі ўчора вярнуўся з лецішча, таму ўсю дзвіжуху з улёткамі прапусціў. Пра Зубарэнка ён адгукнуўся як пра «нармальную жанчыну», але блізка з ёй не размаўляў.

Жанчына з дзявятага паверха пра ўлёткі нічога сказаць не змагла і наогул вельмі спяшалася, але затое паспела паскардзіцца, што ў іх пад’ездзе дрэнна прыбіраюць лесвічныя пляцоўкі.

Наступных суседзяў нам прыйшлося чакаць больш за ўсё — каля 20 хвілін, але гэта таго каштавала. Мужчына і жанчына пенсійнага ўзросту прыехалі з лецішча разам з маленькай унучкай і ўжо заходзілі ў дзверы, калі мы іх спынілі. Па іх словах, яны ведаюць Марыну Зубарэнку — жывуць з ёй у суседняй кватэры.

У асноўным яны праводзяць час на дачы. Калі прыязджаюць, бачаць Зубарэнка рэдка. Яны выказалі здагадку, што яе кватэра можа здавацца ў арэнду, паколькі саму дырэктарку не бачылі вельмі даўно. Пры гэтым у кватэры хтосьці жыве: паводле іх сцвярджэння, яны перыядычна чуюць гук, падобны на чырыканне нейкай птушкі.

— Раней яны жылі тут ўсёй сям’ёй. [Нібыта] яна, дачка, сын, муж дачкі. Потым усе атрымалі кватэры. Сын Зубарэнка — міліцыянт. Наколькі ведаем, нядаўна атрымаў кватэру ў «чырвоным доме» (дом па вуліцы Турава, які заселены пераважна супрацоўнікамі МУС). Ён такі высокі, здаровы. Дачка светлая, муж дачкі цёмненькі. Праўда, мы ўсё роўна амаль не камунікавалі, — распавяла суседка Марыны Зубарэнка.

Вялікая ўлётка, прысвечаная старшыні ўчастковай камісіі, была налепленая прама на лесвічнай пляцоўцы на паверсе. Маленькую ўлётку з інфармацыяй пра Зубарэнка жанчына і яе муж знайшлі ў сваёй паштовай скрыні і забралі сабе.

Сям’я прапанавала забраць яе і перадала кавалак паперы журналістам. Акрамя таго, яны паказалі, у якой кватэры баіцца начаваць Марына Зубарэнка.

Па іх словах, раніцай у суботу 16 лістапада па пад’ездзе хадзілі супрацоўнікі МУС, апытвалі жыхароў. Самі яны якраз з’язджалі на лецішча і бачылі міліцыянтаў, калі спускаліся са сваёй кватэры.

Журналісты Mspring.online патэлефанавалі праз дамафон у кватэру Зубарэнка, але ім ніхто не адказаў. На наступны дзень мы яшчэ раз прыехалі на месца, каб паглядзець, ці гараць вокны ў жыллі жанчыны, але там было цёмна.

Гэтым часам міліцыя працягвае крымінальную праверку па заяве Марыны Зубарэнка. Яна вельмі хоча пакараць невядомага, які распаўсюдзіў улёткі.

2
Трактарыст-максімаліст / Адказаць
22.11.2019 / 01:43
— Чаго яна баіцца? А вы пра 1997 год не чыталі? Пра Мікалуцкага? Яна баіцца, гэта нармальна. Чалавек, які расклеіў гэтую ганьбу — проста падонак.Пасля гэтых слоў ён папрасіў сфатаграфаваць дакументы журналістаў Mspring.online, зрабіў фота і сышоў у пад’езд.
А ты чаго і каго баішся, што дакументы журналістаў фатграфуеш? Ці гэта для справаздачы?

Але яна ж дырэктар школы, як яна можа фальсыфікацыямі займацца, глупства нейкае.

Апошнія мастадонты з электарату Лукашэнкі. 

— Раней яны жылі тут ўсёй сям’ёй. [Нібыта] яна, дачка, сын, муж дачкі. Потым усе атрымалі кватэры.
Ну, гэтая табе дзеля рэжыма на многае пойдзе. Вось для каго Беларусь краіна для жыцця.




10
не для комментария,а для редакции. / Адказаць
22.11.2019 / 06:44
Какие разговорчивые соседи... Честно говоря,мне бы таких соседей иметь не хотелось.
2
Цетка Алена / Адказаць
22.11.2019 / 07:07
Нездарма журналiсты зацiкавiлiся , прыгожа атрымалася.
Паказаць усе каментары/ 21 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру