22.11.2019 / 07:26

Адкрылі доступ у віленскую турму, дзе перад смерцю трымалі паўстанцаў Каліноўскага ФОТА

Былую турму для палітычных вязьняў у Вільні, дзе расейскія ўлады ўтрымлівалі асуджаных на сьмерць паўстанцаў 1863—64 гадоў, 21 лістапада адкрылі для наведнікаў. Тут пачала працу выстава «Абуджэньне. Гісторыя паўстанцаў, знойдзеных на гары Гедзіміна». Адрас — вуліца Касьцюшкі, 1 (Kosciuškos gatvė, 1), піша радыё «Свабода».

Больш за паўтара стагодзьдзя будынак пад Замкавай гарой выкарыстоўваўся паводле прызначэньня. У часы першай усясьветнай вайны тут была турма для палонных, за савецкім часам — гаўпвахта віленскага гарнізону, пазьней — паліцэйскі арыштны дом. Толькі сёлета ў ліпені яго пастаяльцаў вывелі ў іншыя пэнітэнцыярныя ўстановы краіны.

Помнік паўстанцам у двары былой турмы

Прывіды паўстанцаў у турэмных камэрах

Рашэньне прысьпешыла гістарычная знаходка на колішняй Замкавай гары (у навейшы час перайменаванай у Гедзімінаву). У 2016-м тут двойчы здарыўся апоўзень, а на пачатку наступнага году археолягі знайшлі на яго месцы парэшткі 21 чалавека, у тым ліку кіраўнікоў народных выступаў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.

Каб пабачыць карціну, трэба паглядзець у акенца дзьвярэй камэры

8 зь іх чакалі сьмяротнай кары менавіта ў гэтай турме. Зразумела, за прамінулы час антураж моцна зьмяніўся — кафляная плітка, жалезныя лесьвіцы, электрычнасьць у камэрах. Аднак дух старой вязьніцы адчуваецца дагэтуль — арачныя скляпеньні, высокія столі.

У некаторых «боксах» аднавілі інтэр’еры, у якіх працавалі царскія сьледчыя: стол зь зялёным сукном, крэсла-трон на гнутых ножках, катавальня. На нарах на трох мовах (літоўскай, польскай і беларускай) напісаныя прозьвішчы 21 героя, вышэй — іх фатаздымкі.

На калідорныя сьцены выводзіцца анімацыйная 3D-праекцыя з хронікай паўстаньня. Расейскія канваіры вядуць на расстрэл ці эшафот палонных, выкананьне прысуду. Сьледам чорна-белыя выявы парэшткаў: са зьвязанымі рукамі, зь пераламанымі касьцьмі і чарапамі.

Праз паўтара стагодзьдзя іх парэшткі знойдуць спачын у капліцы на віленскіх могілках Росы.

Занядбаныя кельлі сяброў Каліноўскага

Расейскія ўлады ператварылі ў турму і дамініканскі кляштар. Менавіта адсюль 22 сакавіка 1864 году павялі на эшафот Кастуся Каліноўскага. У гэтых сьценах былі напісаныя легендарныя «Лісты з-пад шыбеніцы». Цяпер на муры вісіць мэмарыяльная дошка ў гонар Кастуся Каліноўскага.

Трапіць у колішні кляштарны двор немагчыма — цяжкія дзьверы зачыненыя на замок. Большая частка будынка занядбаная: муры асыпаюцца, аконныя праёмы забітыя. Празь дзіркі ў фанэрных лістах усярэдзіне відаць размаляваныя сьцены і сьмецьце. Аўтэнтычныя аркі і лесьвіцы захаваліся. Улады плянавалі аднавіць будынак, але не знайшлі інвэстара.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру