На адным з участкаў Пушкінскай акругі №103 старшыня камісіі падпісаў пратакол, паводле якога намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі (партыя Зялёных) атрымаў больш за 50% галасоў, а праўладны кандыдат, старшыня Мінгарсавета Васіль Панасюк — менш за 7%.
Дзіўны пратакол з выбарчага ўчастка №432 Фрунзенскага раёна Мінска апублікавала ў фэйсбуку Вольга Кавалькова.
Паводле дакумента, лічбы на ўчастку размеркаваліся наступным чынам:
- Дзяніс Тушынскі — 546 (50,2%)
- Аляксей Алянцэвіч — 173 (15,9%)
- Супраць усіх і сапсавана — 133 (12,2%)
- Аляксандр Шмацін — 91 (8,4%)
- Вольга Кавалькова — 72 (6,6%)
- Васіль Панасюк — 72 (6,6%).
Участак №432 быў складзены з работнікаў МАПІДа. Яго старшыня — намеснік дырэктара Завода буйнапанэльнага домабудавання № 1 МАПІД Генадзь Шпак.
Не трэба думаць, што гэта быў узорны ўчастак. Рэальная яўка, паводле падлікаў назіральнікаў, склала каля 44%, тады як камісія неяк налічыла 63%.
Як тады атрымалася такая дзіўная сітуацыя? Найхутчэй, старшыня камісіі проста пераблытаў лічбы.
Прозвішчы кандыдатаў запісваюцца ў пратакол у алфавітным парадку. Адпаведна, праўладны Панасюк мусіў быць трэцім. А старшыня камісіі чамусьці напісаў трэцім Тушынскага, аддаўшы яму галасы пераможцы.
Невядома, ці пратакол даехаў у такім выглядзе да акружной камісіі. На гэтым этапе кантролю з боку назіральнікаў няма.