22.11.2019 / 23:30

Улады Беластока спадзяюцца на аэрапорт Гродна. Яны думаюць, што адтуль лятаюць самалёты па ўсёй Еўропе 1

Намеснік прэзідэнта Беластока ў сваім фэйсбуку падзяліўся энтузіязмам наконт выкарыстання палякамі аэрапорта ў Гродне, піша Hrodna.life.

«За 80 кіламетраў ад Беластока ў нас ёсць аэрапорт, з якога самалёты ляцяць па ўсёй Еўропе і за яе межы. Калі б адначасова білет на палёт быў візай і пропускам для імгненнага перасячэння мяжы, аказалася б, што аэрапорт у Гродне становіцца вельмі прывабным для жыхароў Беластока. Ці магчыма гэта? На сённяшнім пасяджэнні нашай пяцёркі ў консульстве Беларусі высветлілася, што ёсць зялёнае святло для такога рашэння пасля завяршэння работ на памежным пераходзе ў Кузніцы», — напісаў намеснік прэзідэнта Беластока Адам Мусюк пасля размовы з генеральным консулам Беларусі Алай Фёдаравай.

У каментарыях намесніку прэзідэнта патлумачылі, што насамрэч з Гродна пакуль што лятаюць толькі чартары і адзін рэйс у Калінінград, і той не ўвесь год.

Партал DzienDobryBialystok спасылаецца на тое, што «Белаэранавігацыя» распавядала пра размовы з еўрапейскімі лоўкостамі наконт арганізацыі палётаў з Гродна. Пакуль гэта толькі размовы і няма пацвярджэння, што нейкі еўрапейскі перавозчык зацікаўлены ў такіх рэйсах.

У Беластоку шмат гадоў ідуць размовы пра адкрыццё паўнавартаснага рэгіянальнага аэрапорта. Пакуль што ў Крыўлянах пад Беластокам збудавалі узлётна-пасадачную паласу, але яна занадта кароткая і пакуль не атрымала патрэбнай сертыфікацыі. Таму, хаця паласу збудавалі больш за год таму, на ёй яшчэ не прызямліўся ніводзін самалёт.

Каб атрымаць сертыфікацыю патрэбна вырубіць некалькі гектараў лесу, што будзе магчыма не раней за вясну 2020. І ўсё роўна ў Беластоку змогуць прызямляцца самалёты разлічаныя на максімум 50 чалавек, якія могуць пралятаць да 2000 км за адзін палёт.

Тэма аэрапорта ў Беластоку рэгулярна ўсплывае ў час мясцовых выбараў у Польшчы. Многія палітыкі абяцаюць запусціць рэйсы, але ўжо шмат год гэтага не ўдаецца рэалізаваць.

0
Котіс / Адказаць
24.11.2019 / 19:01
Могуць лятаць і будуць лятаць, але граніцу Эўразвязу трэба адсунуць за Віцебск.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру