Расследаванне іспанскага суда аб умяшанні расійскіх спецслужбаў у падзеі вакол спробы абвяшчэння незалежнасці Каталоніі тычыцца дзейнасці грамадзяніна Украіны і грамадзяніна Расіі, арыштаваных летась 4 кастрычніка ў правінцыі Жырона, піша El Mundo.

Мужчын затрымалі, калі яны ехалі па трасе AP-7 у напрамку Францыі на зарэгістраваным у Беларусі «Мэрсэдэсе». Прадстаўнікі цывільнай гвардыі пры аглядзе аўто выявілі расійскую гранату M-75, якая «была ў ідэальным стане».

Нацыянальны суд звязвае абодвух затрыманых, на аднаго з якіх ёсць ордэр на арышт, але пад іншай асобай, са старшым афіцэрам расійскай ваеннай разведкі Дзянісам Сяргеевым, у дачыненні да якога таксама вядзецца расследаванне.

Следчыя Bellingcat высветлілі, што Сяргееў наведваў Барселону мінімум два разы пад імем Сяргея Фядотава, адзін раз — за тры дні да рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі.

«Фядотава» называюць службоўцам элітнага вайсковага падраздзялення 29155, якое заходнія спецслужбы неаднаразова абвінавачвалі ў дэстабілізацыі ў Еўропе.

Гэтая група расійскай вайсковай разведкі пачала камп'ютарныя напады напярэдадні рэферэндуму ў Каталоніі, сцвярджаецца ў публікацыі.

Следчыя не выключаюць, што існуюць сувязі паміж лідарамі каталонскіх сепаратыстаў і расійскімі шпіёнамі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?