У той вечар Зінаіда Казлоўская выйшла на вуліцу, каб сустрэцца са знаёмымі, якія ехалі ў Віцебск, і перадаць з імі родным вясковых прысмакаў. Пад нагамі круцілася шчаня. І раптам востры боль працяў нагу. Жанчына закрычала, інстынктыўна адмахнулася пакункам, піша Голас Сенненшчыны.

— У апошні момант я ўбачыла хвост, як мне падалося, сабакі, — расказала Зінаіда Казлоўская, якая толькі што вярнулася з бальніцы, дзе прайшла курс лячэння. 

У хаце рану апрацавалі перакіссю вадароду, перабінтавалі. Пасля чаго муж, дарэчы, у мінулым паляўнічы, устрывожаны здарэннем, сеў у легкавы аўтамабіль і паехаў па вясковай вуліцы. Літаральна за 150 метраў ад хаты на праезнай частцы сядзеў… воўк. Ён не рэагаваў на святло фар, гукавы сігнал.

Зінаіда і Пётр Казлоўскія

Зінаіда і Пётр Казлоўскія

— Яго ашчэраная пашча была пагрозліва адкрыта, на мордзе былі бачны раны, драпіны. Я націснуў на газ і праз імгненне адчуў, як звер апынуўся пад кузавам аўтамабіля. Калі спыніўся і выйшаў з салона, ваўка на асфальце не аказалася, — у голасе Пятра Казлоўскага да гэтага часу адчуваецца рашучасць.

Вярнуўшыся ў хату, мужчына патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра здарэнне. Пасля чаго пачаў супакой­ваць жонку, якая пасля стрэсу прылегла адпачыць. У двары была прывязана лайка. Увесь гэты час Белка яўна хвалявалася, зрэдку падавала голас. І раптам залілася брэхам.

Калі Пётр Казлоўскі выбег з хаты, сабака схапілася з тым самым ваўком, якога ён зусім нядаўна пераехаў на аўтамабілі. Пасля кароткай сутычкі яна адступіла ў будку, але бойку працягвала.

Як дапамагчы сабаку, гаспадар не ведаў. Кінуцца бяззбройным на ваўка таксама не выпадала. Выхад падказала жонка, якая ўспомніла, што ў хаце ёсць петарды. Пасля выкарыстання некалькіх воўк рэціраваўся.

— Неўзабаве, вельмі аператыўна дарэчы, прыехалі медыкі, потым нарад міліцыі, праз некалькі гадзін егеры Багушэўскага лясгаса, — з удзячнасцю апавядаюць Казлоўскія.

У паляўнічых былі карабіны, аснашчаныя цеплавізарамі, таму ваўка знайшлі і застрэлілі даволі хутка. Ён ужо знаходзіўся за межамі вёскі. Аналізы, зробленыя ў лабараторыі, пацвердзілі — воўк быў хворы на шаленства.

Лайка Белка не саступіла ваўку

Лайка Белка не саступіла ваўку

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0