Беларускі яўрэй, які пражывае ў Ізраілі, Барыс Давід Балтэ ўзяў удзел у мерапрыемствах у Вільні ў гонар пахавання Кастуся Каліноўскага. Мужчына, які служыць у арміі Ізраіля, пранёс за Каліноўскім сцяг гэтай краіны ў вайсковым строі. Сваімі ўражаннямі Барыс Давід Балтэ падзяліўся ў фэйсбуку.

«І тое што мне выдалася магчымасць асабіста прыняць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, ад шэсця і ўрачыстых сходаў да рок-канцэрта і паэтычных вечароў, надае мне асабіста яшчэ большую радасць і пачуццё гонару», — піша Барыс Давід Балтэ.

Хаця гэта было і пахаванне, настрой быў цалкам святочны.

«Хоць гэта пахаванне, але гэта было самае сапраўднае свята. І ніякага дысанансу тут няма. У юдэяў ёсць такое свята Лаг ба-Омер. Яго адзначаюць у дзень смерці заснавальніка кабалы рабі Шымона Бар-Йохая. Так як ён наказваў весяліцца ў гэты дзень.

Як сказаў Статкевіч на ўручэнні ўзнагарод, косці Кастуся Каліноўскага з'явіліся ў найважнейшы момант — калі з'явіліся новая пагроза страты незалежнасці. А я б дадаў, што нават пазбаўлены гэтага зямнога жыцця Кастусь Каліноўскі працягвае верна служыць Беларусі. Таму што сапраўдны змагар заўжды змагаецца за Вольнасць і Незалежнасць. І смерць яму не перашкода. Мы і пасля смерці, сваім светлым вобразам, будзем ваяваць з любой акупацыяй і дыктатурай», — піша беларускамоўны жыхар Ізраіля.

Паколькі пахаванне нацыянальнага правадыра з'яўляецца вайсковым мерапрыемствам, Барыс Давід Балтэ мабілізаваўся з Ізраіля. А паколькі ён дзеючы жаўнер — з'явіўся ў вайсковым стром Арміі Абароны Ізраіля і з ізраільскім сцягам.

«З часоў князя Вітаўта заўсёды жылі юдэі ў Літве-Беларусі. Іх культура і жыццё сталі неад'емнай часткай беларускай культуры і побыту. Крывавы смерч Халакоста, калі адны акупанты забівалі цела, і наступны савецкі антысемітызм, калі іншыя забівалі душы, знішчыў гэты унікальны свет. Але, дзякуючы нейкаму голасу крыві, я вырашыў быць не рускамоўным ізраільцянінам, а беларускім юдэем. Таму сцяг маёй нацыі годна заняў месца сярод мора беларускіх сцягоў», — піша беларускамоўны вайсковец ЦАХАЛу.

Барыс Давід Балтэ лічыць, што беларускі нацыянальны рух спрабуюць несправядліва ачарніць міфамі і казкамі пра антысемітызм. Падчас шэсця толькі адна нейкая жанчына нешта шаптала антысеміцкае на сцяг Ізраіля.

«Але ёй хутка закрылі рот беларускія нацыяналісты. Што яшчэ раз кажа аб тым, што ў Беларусі нацыяналізм душы, а не крыві», — піша беларускі яўрэй.

«Жыве Беларусь!» — завяршыў свой допіс Барыс Давід Балтэ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0