24 лістапада на плошчы Леніна ў Брэсце прайшло традыцыйнае кармленне галубоў у знак пратэсту супраць акумулятарнага завода. Асноўнай тэмай сустрэчы стала экскурсія, якую 21 лістапада арганізавалі мясцовыя ўлады, каб зняць пытанні актывістаў, і на якую кіраўніцтва прадпрыемства не пусціла лідараў руху супраць завода Дзям'яна Лепясевіча і Дзмітрыя Бекалюка. Не ўнеслі ў спіс тых, хто трапіць на экскурсію, і трох запрошаных імі спецыялістаў. Актывісты заявілі, што без спецыялістаў на заводзе ім рабіць няма чаго і раз'ехаліся, піша Брестская газета.

«Я разумею, калі б Рагачук раптам бы туды прыехаў, асабліва ўвечары ў суботу, і паглядзеў, чым яны там займаюцца — гэта было б сур'ёзна. А калі ім за два тыдні сказалі, што будзе экскурсія, давайце, рыхтуйцеся… За гэты час завод можна выдраць да люстранога бляску. Улады сцвярджаюць, што завод не працуе толькі на падставе таго, што ён не выпускае акумулятары. Хоць мы неаднаразова казалі, што яго праца — гэта і выпуск пласцін, і утылізацыя адпрацаванай кіслаты. Ці вядзецца ўтылізацыя адпрацаваных рэшткаў, як яна робіцца, на якой падставе, куды гэта ўсё дзяецца — на гэтыя пытанні маглі адказаць нашы спецыялісты, але іх на завод не пускаюць», — выказаў сваё меркаванне актывіст Алег Вялаў.

Блогер Аляксандр Кабанаў заявіў, што не можа лічыць аб'ектыўнай інфармацыю, якую даюць не спецыялісты або зацікаўленыя асобы:

«Было б абсалютна нармальна і з боку «АйПауэр», і з боку гарадскіх уладаў, калі б туды ўсё-ткі трапілі Бекалюк і Лепясевіч. І яны б сказалі: так, пытанняў няма, усё нармальна. Не пусціць іх таму, што яны нібыта даюць неаб'ектыўную інфармацыю — час ужо даўно паказаў, што інфармацыю даюць аб'ектыўна менавіта актывісты. І завод стаіць, і ён закансерваваны менавіта таму. Калі б верылі той інфармацыі, якую даюць нашы апаненты, завод ужо даўно б працаваў і былі б вялікія праблемы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0