Вось так і навешваюць на чалавека ярлыкі. Я пра слова «журналіст» у дачыненні да Чудзянцова.

Многія з «міленіялаў» проста не ведаюць, што ў канцы 1990-х, яшчэ пад прозвішчам Зуеў, ён «узнагароджаны» БАЖ дыпломам «Ганаровы крумкач». Абліваў дзярмом апазіцыю.

Калі Генадзь Карпенка выставіў супраць яго пазоў, спасылаўся ў судзе на свае сувязі са спецслужбамі. Пісаў фальшыўкі нібыта ад імя апазіцыі, чым сам выхваляўся. Потым паспеў «адзначыцца» і пад прозвішчам Чудзянцоў.

Пісаў, што яму куды важней, колькі ён заробіць у наступным месяцы, чым «нейкія там палітвязні, якія, будзем ужо адкрытыя, самі нарываліся на тое, каб такімі стаць». Ды і далей рабіў усё для таго, каб журналістыку называлі «другой старажытнай».

Хтосьці спрабуе параўнаць яго справу са справай Івана Галунова. Але тут дзве вялікія розніцы. Галуноў меў рэпутацыю і займаўся журналісцкімі расследаваннямі, а не «накідамі на вентылятар» і прапагандай. А Чудзянцова, думаю, не за журналістыку ўзялі.

Зразумела, што калі падкідванне рэчавых доказаў было, то гэта пакідаць без увагі нельга.

Але Чудзянцоў — пра што я і пішу — не журналіст.

А я — не Чудзянцоў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?