Беларусь разлічвае на хуткае падпісанне пагадненняў з Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі.

Пра гэта заявіў журналістам у панядзелак міністр замежных спраў Уладзімір Макей па выніках сустрэчы з кіраўнікамі МЗС Швецыі Ан Ліндэ і Фінляндыі Пекай Хаавіста, піша ТАСС.

«Актуальным пытаннем нашых адносін з'яўляюцца на сёння пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. Мы спадзяемся на іх хуткае падпісанне і ўступленне ў сілу», — адзначыў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Паводле яго слоў, на перамовах абмяркоўваліся і іншыя тэмы. «Мы абмяркоўвалі перспектывы заключэння базавага пагаднення з Еўрасаюзам, уступлення Беларусі ў СГА, развіцця «Усходняга партнёрства», — адзначыў кіраўнік МЗС Беларусі.

Рада ЕС 18 лістапада абвясціла пра гатоўнасць падпісаць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю. Яно прадугледжвае скарачэнне кошту кароткатэрміновых шэнгенскіх візаў (на тэрмін да 180 дзён за перыяд у 360 дзён) з 80 да € 35, а таксама скарачае пералік дакументаў, неабходных для атрымання кароткатэрміновых віз. Беларускі бок раней таксама пацвердзіў гатоўнасць заключыць гэта пагадненне. У пакеце з ім павінна быць таксама падпісана пагадненне аб рэадмісіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0