25.11.2019 / 22:56

«Сорамна перад беларусамі». У Польшчы абураныя тым, як мясцовае тэлебачанне паказала ўрачыстасці ў Вільні 28

Галоўная інфармацыйная перадача на грамадзкім канале TVP цалкам праігнаравала масавую прысутнасьць беларусаў у Вільні 22 лістапада, а ў адным з кадраў беларускі сьцяг выдалі за польскі, піша Радыё Свабода.

Урачыстасьць перапахаваньня лідэраў і ўдзельнікаў паўстаньня 1863—1864 гадоў асьвятлялася ў польскіх СМІ сьціпла. Цырымонію трансьлявалі тэлеканал «Белсат», які зьяўляецца часткай грамадзкай польскай тэлевізіі TVP, а таксама каналы для палякаў замежжа — Polonia і TVP Wilno. Іншыя СМІ перадавалі паведамленьні ад інфармагенцтваў.

Прысутных у Вільні польскіх журналістаў, актывістаў і проста ўдзельнікаў цырымоніі зьдзівіў і абурыў вечаровы эфір галоўнай інфармацыйнай перадачы TVP1 «Wiadomości».

Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала ў Твітэры, што беларусаў там прадставілі «палякамі зь Літвы».

«Бываюць хвіліны, калі чалавека перапаўняе. Кім былі гэтыя людзі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, якіх быў такі натоўп у Вільні, пытаецца ў мяне праз мэсэнджэр калега з Гданьску. А я не разумею, чаму ён пытаецца. Сёньня я паглядзела «Wiadomości» і ўжо ведаю. Мне было сорамна глядзець учорашнія навіны. Празь мяжу ў працоўны і халодны дзень прыехала маса беларусаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. А пра гэта не было ані слова. Было сорамна перад літоўцамі, якія арганізавалі ўрачыстасьці, перад тысячамі беларусаў, якія прабіваліся празь мяжу і стаялі гадзінамі на моцным холадзе і якіх прадставілі «палякамі зь Літвы». Пасыл «Wiadomości» з учорашніх урачыстасьцяў у Вільні мала таго, што ня ўтрымліваў асноўных фактаў, якія былі бачныя няўзброеным вокам, дык выглядаў так, нібыта ў Польшчы кіруе «Канфэдэрацыя» (нацыяналістычная кааліцыя ў Сэйме Польшчы. — РС)».

Сваімі ўражаньнямі ад прысутнасьці ў Вільні і ад прагляду навінаў на канале TVP1 падзяліўся са Свабодай аналітык Інстытуту Цэнтральнай Эўропы Дамінік Вільчэўскі. Паводле яго, калі б нехта ў Польшчы хацеў даведацца пра ўрачыстасьці ў Вільні і атрымліваў інфармацыю толькі зь перадачы «Wiadomości», то дазнаўся б, што гэта было пахаваньне выключна польскіх герояў, пашану якім аддалі найперш палякі.

«Адзін з рэпартэраў так і сказаў: «Палякі не падвялі». Карцінка ўрачыстасьці ў TVP мела мала супольнага з тым, што я пабачыў на ўласныя вочы каля катэдры і на вуліцах Вільні. Літоўцы нібыта былі толькі статыстамі, а беларусаў польская грамадзкая тэлевізія не заўважыла».

У агульных плянах глядач мог пабачыць бел-чырвона-белыя сьцягі, але рэпартэры за кадрам падкрэсьлівалі масавы ўдзел палякаў. На некалькіх кадрах можна было пабачыць абрэзаны беларускі сьцяг, які ператварылі ў польскі, абрэзаўшы ніжнюю белую стужку.

Паводле Вільчэўскага, на практыцы глядач не зразумеў, якое значэньне маюць студзеньскія паўстанцы для літоўцаў і беларусаў, і мог зразумець, што літоўцы і беларусы шануюць польскіх герояў.

«Я не хацеў бы падазраваць рэдактараў «Wiadomości» ў кепскім намеры. Магчыма, гэта проста адсутнасьць ведаў і палёнацэнтрызм. На жаль, на ўроках гісторыі працягваюць вучыць, што Рэч Паспалітая — гэта Польшча, а яе жыхары — палякі ў сёньняшнім значэньні. Не гаворыцца пра шматкультурнасьць і шматэтнічнасьць той дзяржавы, якую хацелі адрадзіць паўстанцы. Я разумею, што ўспрыняцьце паўстанцаў можа ў кожнага быць розным, але ў гістарычным дыялёгу гаворка ідзе не пра тое, каб знайсьці агульную пазыцыю. Сэнс у тым, каб выслухаць і спрабаваць зразумець другі бок. Гэтага ў матэрыялах «Wiadomości» не было, і таму словы пра тое, што «нас яднае гісторыя» і што «польска-літоўскія адносіны яшчэ ніколі не былі такімі добрымі, як цяпер» (пра што казалі рэпартэры), гучаць на гэтым фоне трошкі непраўдзіва», — кажа Дамінік Вільчэўскі.

Прысутны на віленскай цырымоніі гарадзкі актывіст зь Беластоку, сябра Інстытуту гарадзкой актыўнасьці Радослаў Пусько ў інтэрвію Свабодзе назваў сюжэт польскай грамадзкай тэлевізіі прапагандай, якая «часам ня вельмі адрозьніваецца ад рэжымнай тэлевізіі Лукашэнкі».

«Матэрыял, які быў паказаны ў галоўным выпуску «Wiadomości» 22 лістапада, на жаль, ёсьць працягам кепскай тэлевізійнай прапаганды, якой ужо даволі даўно займаецца польская грамадзкая тэлевізія. На ўрачыстасьці ў Вільні прыбыла вялікая колькасьць грамадзян Беларусі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, і іх прысутнасьць была відавочная. Шкада, што відавочнае для іншых не відавочнае для прапагандыстаў (якіх часам называюць журналістамі) у TVP. Матэрыял ад 22 лістапада пра пахаваньне герояў шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай сьведчыць пра тое, што польская грамадзкая тэлевізія часам ня вельмі адрозьніваецца ад рэжымнай тэлевізіі Лукашэнкі».

У інтэрвію Свабодзе дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўска-Гузы кажа, што польскія каналы не высылалі ў Літву сваіх карэспандэнтаў і амаль не асьвятлялі перапахаваньне ані да, ані падчас урачыстасьці ў Вільні. І менавіта адсутнасьць зацікаўленасьці польскіх СМІ яна называе прычынай малой колькасьці ўдзельнікаў цырымоніі з Польшчы.

«У Польшчы перакананыя, што ўсе героі — палякі. Шмат хто ня мае нават паняцьця пра гісторыю Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і што гэта была шматнацыянальная дзяржава. Я кажу не пра гісторыкаў, бо яны ўсё цудоўна ведаюць. Я маю на ўвазе папулярную гісторыю.

Як гэта ні дзіўна, пра шматнацыянальную гісторыю ведаюць ураджэнцы «Крэсаў», людзі, якія адтуль паходзяць, і яны — хаўрусьнікі беларусаў. Ім ня варта нічога даказваць. Гэта не яны крычаць пра польскія Крэсы. Але гістарычна так сталася, што Рэч Паспалітую як дзяржаву шмат хто называў Польшчай. Так было стагодзьдзямі, і па-за межамі дзяржавы. І сам Каліноўскі так казаў. Але паняцьці зьмяніліся. Бяда ў тым, што палякі, як людзі зь вельмі моцнай ідэнтыфікацыяй, атаясамліваюць старое паняцьце са сваёй сучаснай дзяржавай. Гістарычна было інакш. Але людзі ня маюць гістарычных ведаў. Людзі ў нас вельмі зьдзіўляюцца, калі чуюць, што першы пераклад Бібліі ў Рэчы Паспалітай быў не на польскую, а на «рускую» мову. Людзі проста гэтага ня ведаюць. І ўрачыстасьць у Вільні пацьвердзіла кепскія веды гісторыі. Палякі — вялікія патрыёты. Але ня ўсе яшчэ разумеюць, што калі нейкія героі прызнаюцца супольнымі, то мы іх ня страчваем. Ніхто ня можа забраць у палякаў Касьцюшку, бо гэта была б гістарычная няпраўда. Людзей трэба вучыць, што мы можам ганарыцца нашай супольнай спадчынай».

22 лістапада на сайце польскай грамадзкай тэлевізіі зьявіўся артыкул «Пахаваньне Арла і Пагоні. Як Літва і Беларусь прысвоілі герояў Польшчы».​

«… былым малодшым братам спатрэбілася крокі з Серакаўскасам і культам Каліноўскага, каб яны не адчувалі пагрозы сваёй ідэнтычнасьці, - піша аўтар Кшыштаф Зваліньскі, называючы Каліноўскага пераробленым у беларуса палякам. — Малады нацыяналізм непісьменных да нядаўняга часу народаў мусіў змагацца з памяцьцю аб элітах, насамрэч польскіх. Насуперак усяму, што было польскім, фарміравалася нацыянальная сьвядомасьць ў Літве, Беларусі і Ўкраіне».

Польская грамадзкая тэлевізія TVP пакуль не адказала на запыт Свабоды з просьбай пракамэнтаваць форму і зьмест сюжэту пра ўрачыстасьці ў Вільні

10
Літовец / Адказаць
25.11.2019 / 23:07
////////////////////
Гэты ........... народ, як і маскавіты, не можа кіраваць сам сабою але мае патрэбу ў літвінах-беларусах.
9
Driver / Адказаць
25.11.2019 / 23:36
 вось жа пашаснавала з суседзямі, што з Усхода, што з Захада...
6
Тарас-на-тэрасе / Адказаць
25.11.2019 / 23:40
Справа дмоўскага жыве. Добра што беларусам ён ужо ня шкодзіць так як ён шкодзіў у 30я, калі польскія шавіністы пахавалі сацыялістычныя ідэі Пілсудскага, што марыў аб узнаўленьні наднацыянальнай Рэчы Паспалітай.
І хаця пячорныя нацыяналісты з прыходам качыньскіх зараз адчуваюць сябе ў польшчы павольна і нат пішуць артыкулы у ТВП, больш небясьпечна тое як перанялі ідэі нацыянал-шавінізма нашы "браты з усходу".
Паказаць усе каментары/ 28 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру