Фота са старонкі Эдуарда Пальчыса ў ФБ.
У прысутнасці вялізнай грамады труны паўстанцаў 1864-га перапахавалі ў Вільні ў каплічцы на могілках Росы.
Людзі нанеслі ў капліцу з трунамі паўстанцаў кветак, вянкоў, усё гэта пакінулі ля спецыяльнай агароджы, а ўжо на самым ганаровым месцы стаялі вянкі ад урадаў Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі і Украіны.
Беларускі вянок, натуральна, з чырвона-зялёнай стужкай.
І гэта бадай што адзіны напамін пра афіцыйную сімволіку, бо больш афіцыйная сімволіка ні ў якім выглядзе на перапахаванні Каліноўскага не прысутнічала, беларусы ўзялі з сабой толькі нацыянальныя бела-чырвона-белыя сцягі.
Як расказаў «Нашай Ніве» мінскі артапед Аляксандр Дрозд, ён вырашыў выправіць гэтую недарэчнасць у капліцы і папрасіў літоўскую варту дазволіць паставіць вянок з бела-чырвона-белай аздобай: «Бо гэта — вянок ад народу, а той — ад уладаў».
«Наша Ніва» даведалася, хто менавіта прынёс менавіта гэты вянок.
«Там было два такія вянкі — адзін Каліноўскаму, а другі — Серакоўскаму, — расказаў нам віленскі прадпрымальнік Кірыл Атаманчык. — І яшчэ 19 маленькіх — кожнаму паўстанцу. Вянкі былі замоўленыя за народныя сродкі Беларускім грамадскім камітэтам ушанавання памяці паўстанцаў 1863—64 гадоў. А два вялікія вянкі неслі выпускнікі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Кастусь Манкус і Уладзіслаў Гурыновіч», — кажа Атаманчык.
Фота са старонкі Уладзіслава Гурыновіча ў ФБ.
Варта адзначыць, што высокі ўзровень арганізацыі перапахавання — заслуга ў тым ліку Беларускага грамадскага камітэта, які стварыла супольна маладое пакаленне віленскіх беларусаў. Акрамя Атаманчыка, гэта Дзяніс Кучынскі і Аляксандр Адамковіч. У камітэт уваходзілі таксама прафесар гісторыі Алесь Смалянчук і кіраўнік ініцыятывы «Беларуская нацыянальная памяць» Анатоль Міхнавец.
На вянкі ды іншыя патрэбы камітэт сабраў каля 2100 даляраў.
«Дзякуй Літве за тое, што зрабілі гэтую цырымонію на такім пачэсным узроўні», — адзначаюць таксама кіраўнікі ініцыятывы.