Фота Настассі Уткінай

Фота Настассі Уткінай

25 лістапада насупраць Маладзечанскага райвыканкама ветэран вайны ў Афганістане Антон Валуевіч абвясціў, што пачынае галадоўку, і стаў з шыльдай. Праз шыльду мужчына звярнуўся да кіраўніцтва раёна з патрабаваннем «вярнуць даўгі за вайну». Па меркаванні Валуевіча, дзяржава павінна выдзеліць яму кватэру, піша Рэгіянальная газета.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Раіса Казановіч запрасіла ветэрана да намесніка старшыні Святланы Валько, якая курыруе пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Разам з імі ў гутарцы ўдзельнічаў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргей Бохан.

У прысутнасці карэспандэнтаў яны спрабавалі патлумачыць сітуацыю. Валуевіч пачаў з крыкаў: «Я тут так і здохну пад выканкамам, слова афіцэра!», у адказ на што яму сказалі: «Вы не афіцэр».

Пасля супрацоўнікі выканкама распавялі, што цяпер Валуевіч жыве ў інтэрнаце, але хоча лепшыя жыллёвыя ўмовы, каб перавезці да сябе маці.

— Жыллё яму прапаноўвалі не адзін раз, ён ад усяго адмаўляўся, — распавяла Святлана Валько. — Прапаноўвалі дом, у якім жывуць ветэраны Афганістана, цана для ўсіх адна. Дом заселены, хто крэдыт узяў, хто прыватызаваў, ён адмовіўся. Патрабуе бясплатнае жыллё, толькі льгот гэтых няма. Калі была магчымасць будавацца з дзяржаўнай падтрымкай, ён не скарыстаўся. Уступіў у жыллёва-будаўнічы кааператыў, але не сплаціў ніводнага ўнёску.

Чаго хоча ветэран

Валуевіч лічыць, што дзяржава павінна забяспечыць яму жыллё як чалавеку, які аддаў свой воінскі доўг.

Цяпер мужчына жыве ў інтэрнаце.

«Мне сорамна»

Мы папрасілі патлумачыць сітуацыю старшыню маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Ігара Арабея.

Ён расказаў, што ў раёне каля 249 воінаў-інтэрнацыяналістаў, 49 з іх уваходзяць у саюз. Валуевіч прыехаў на Маладзечаншчыну са Смаргонскага раёна. Меў званне старшага сяржанта, быў дальнамершчыкам Вайсковай палявой пошты 696 у 201 дывізіі артылерыйскага палка.

Служыў ад 3 мая да 10 лістапада 1980 года. Мае трэцюю групу інваліднасці, не звязаную з баявымі дзеяннямі.

Старшыня арганізацыі патлумачыў, што ў 2007 годзе ўнеслі змены ў «Закон РБ аб ветэранах». Змяненні скасавалі шэраг ільгот для воінаў-інтэрнацыяналістаў.

— Прайшоў час, калі кватэры выдавалі бясплатна, — расказвае Арабей. — Усе афганцы раёна, акрамя яго, у той ці іншай ступені скарысталіся сацыяльнай гарантыяй на жыллё — хто субсідыяй, хто льготным крэдытам. Я сам станавіўся ў чаргу, было цяжка выплаціць усю суму, але збіраў. А за такую сітуацыю мне сорамна.

Ігар Арабей дадаў, што бачыць для Валуевіча два шляхі. Можна стаяць у чарзе райвыканкама і чакаць жыллё. Іншы варыянт — атрымаць жыллё ад арганізацыі па рашэнні кіраўніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?