Прыкра чуць песню пра тое, што «Гомель — это маленький Париж». Піша Сяргей Баранаў (Гомель).

Шмат хто з гамельчукоў ні разу ў жыцці не збочыў з любых бульвараў у самабытныя вулкі, дзе лёгка заблукаць паміж дасавецкіх асабнякоў з бярвення і прысадзістых дамкоў, шматлікіх урвішчаў, спускаў, лесвіц. Затое французы, чэхі, шатландцы з гарадоў-пабрацімаў сузіраюць, нібы цуд, прыкметна састарэлыя, але маляўнічыя драўляныя будынкі.

Не хачу прыпадабняцца да грыбніка і рыбалова з байкі Крапівы, але парыжане нават марыць не могуць, каб за кіламетр ад плошчы дэ Голя ўбачыць буслянку, як у нашым Палявым завулку, што за некалькі хвілінаў хады ад цэнтральнай плошчы Гомеля.

Мясцовы каларыт у нашым горадзе нярэдка мае гратэскавыя рысы: з аднаго краю гістарычнага яра Гамяюк ля палацавай вежы плаваюць лебедзі, а з другога — у завулку Спартака — паміж дашчанікамі мітусяцца куры; са счарнелай прыбіральні можна назіраць за тры сотні метраў вежавыя куранты.

Гэта не той вясковы каларыт, што пракідаецца ў Парыжы паводле задумы ландшафтных архітэктараў, але і не вёска, бо Гомель і Парыж (як асобны горад) роўныя па плошчы.

Можа, фасад кінатэатру Калініна і нагадвае Парыжскі музычны тэатр, а шкляныя піраміды каля універмагу «Гомель» падобныя да парыжскіх прататыпаў, але ўсё гэта ёсьць і ў Кіеве. А калі Кіеў — сярэдні Парыж, дык гэта ўжо абясцэньванне метафары.

Абясцэньванне, якое пачалося так даўно, што яшчэ ў 1900 годзе гісторык Леў Вінаградаў у кнізе «Гомель. Прошлое і настоящее» назваў комін былой цукраварні «Эйфелева труба».

Зразумела, песня — не падручнік геаграфіі, і нават добра, калі творчыя людзі развенчваюць стэрэатыпы, быццам Беларусь — скрозь бульбянішча. Але калі да метафарычных унутрыгарадскіх назваў: Каўказ, Амерыка, Азія, — што існуюць у Гомелі здавён, гамельчукі дадаюць «гомельскі Крашчацік», «гомельскую Рублёўку», а ўсё разам гэта «маленькі Парыж», прыгадваюцца Багушэвічавы словы: «Дзе ж Беларусь?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?