У пачатку кастрычніка з’явілася петыцыя з прапановай надаць «Барысаў-Арэне» імя Анатоля Капскага. Гэта кіраўнік футбольнага клуба БАТЭ, з імем якога звязаныя ўсе галоўныя поспехі барысаўскай каманды, як на ўнутранай, гэтак і на міжнароднай арэне. Анатоль Капскі памёр у верасні 2018 года на 53-м годзе жыцця.

За гэты час у Барысаве ніякім чынам не была ўшанаваная ягоная памяць. Сябры і калегі Анатоля Капскага пачалі ў інтэрнэце акцыю, каб надаць імя Капскага «Барысаў-Арэне». За месяц пад петыцыяй падпісалася больш за 900 чалавек. У падтрымку выступілі вядомыя ў краіне футбалісты, трэнеры, спартсмены, шоумены. Перайменаванне падтрымалі Андрэй Арамнаў, Настасся Верамеенка, Аляксандра Герасіменя, Андрэй Касціцын, Максім Мірны, Сяргей Рутэнка, Юлія Несцярэнка і іншыя.

Справа ў тым, што «Барысаў-Арэна» — гэта не ўласнасць футбольнага клуба БАТЭ, а дзяржаўная, таму для перайменавання патрэбны дазвол уладаў. Апроч усяго, заяўнікі прасілі ва ўладаў дазвол на ўсталяванне помніку Капскага ля «Барысаў-Арэны», а таксама наданне адной з вуліц Барысава імя футбольнага функцыянера.

27 лістапада ініцыятары атрымалі адказ ад намесніцы старшыні Барысаўскага райвыканкама Анастасіі Копікавай. Атрымаўся бюракратычны адказ абсалютна не па сутнасці. З яго так і не вынікае: улады згодныя ці не згодныя з прапановамі.

«Назвы аб’ектаў павінны адлюстроўваць гістарычныя, нацыянальныя, сацыяльныя, гаспадарчыя, культурныя асаблівасці Барысава і Барысаўскага раёна. Найменне павінна адлюстроўваць меркаванне грамадзян, якія пражываюць на дадзенай тэрыторыі. Увекавечванне імёнаў людзей у назвах аб’ектаў Барысаўскага раёна магчыма ў выключных выпадках, за асаблівыя заслугі перад дзяржавай і грамадствам», — гаворыцца ў адказе.

Зрэшты, прамога адказу, ці райвыканкам падтрымлівае такія прапановы, ці не, у лісце няма. «Увекавечванне памяці любога чалавека з’яўляецца далікатнай справай, дзе трэба ўлічваць інтарэсы Анатоля Анатольевіча Капскага, яго магчымыя прыжыццёвыя пажаданні, пачуцці яго родных і блізкіх, меркаванне ФК БАТЭ і інтарэсы развіцця рэгіёну ў цэлым», — піша Копікава.

«Наша Ніва» пазваніла чыноўніцы, каб тая дала адназначны адказ: улады за ці супраць «Капскі-Арэны»?

Анастасія Копікава: Там усё вельмі падрабязна распісана, са спасылкамі на заканадаўства. Ёсць поўнае тлумачэнне ўсяго.

«НН»: Але там няма прамога адказу.

АК: У сэнсе няма? Я так не лічу.

«НН»: Ну дык адкажыце цяпер: вы «за» ці «супраць»?

АК: Чаму я вам павінна па тэлефоне нешта казаць? У мяне ёсць прыёмны дзень, прыходзьце і будзем размаўляць.

«НН»: Вы ж не адказалі нічога канкрэтнага.

АК: Гэта вы так лічыце. Я не буду адказваць на ваша пытанне. Я дала поўнае тлумачэнне.

Наколькі стала вядома «НН», у сям’і Капскіх не супраць таго, каб памяць аб Анатолю Капскім была ўвекавечана. Не супраць такой ініцыятывы і ФК БАТЭ, які, уласна, і звяртаўся з такой прапановай у адпаведныя інстанцыі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?