Фота vesti.rs

Кіраўнік Беларусі прыбыў на топавы лыжны курорт у суправаджэнні сям'і, памочнікаў, некалькіх дзесяткаў ахоўнікаў, кухара і нянек. Агенцтва БЕЛТА пацвердзіла ад'езд Лукашэнкі ў Сербію.

Гара Капаонік — самае прэстыжнае месца зімовага адпачынку Сербіі — знаходзіцца на поўдні краіны.

«Боінг‑737» з беларускім прэзідэнтам на борце прыбыў у аэрапорт імя Канстанціна Вялікага ў горадзе Ніш на поўдні Сербіі ў суботу.

Стуль Лукашэнка пераехаў на самы прэстыжны курорт краіны. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён правядзе там наступны тыдзень, паведамляе агенцтва.

У той жа час беларускае афіцыйнае агенцтва БелТА паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ў Сербіі з «працоўным візітам».

Паводле БелТА, Лукашэнка правядзе сустрэчы з кіраўніцтвам краіны і бізнесоўцамі. Агенцтва прызнае, што ў межах візіту таксама запланавана, што Лукашэнка правядзе ў Сербіі некалькі дзён адпачынку.

Сербская газета Vesti піша, што разам з Лукашэнкам прыляцелі сем’і ягоных сыноў, а таксама эскорт у складзе прыкладна 150 чалавек. Усе яны спыніліся ў прэзідэнцкім люкс-гатэлі «Гранд». Іншыя выданні гавораць не пра 150, а пра 30 чалавек, якія суправаджаюць Аляксандра Лукашэнку.

Адна ноч у люксовым нумары гатэлю «Гранд» каштуе 88—111 еўра з чалавека. Усяго ў гатэлі налічваецца 171 пакой.

Са словаў работніка гатэлю радыё «Свабода» перадае, што дэлегацыя паводзіць сябе сціпла, а асабісты кухар прэзідэнта гатуе разам кухарамі гатэлю. Прадстаўнік гатэлю распавёў, што сям'ю Лукашэнкі суправаджаюць таксама ахоўнікі, а дзяцей — нянькі.

Курорт Капаонік:

    Вышыня — 2 017 м над узроўнем мора
    Вышыня горналыжнага цэнтру — 1 770 м
    Максімальны перапад вышыняў — 512 м
    Агульная даўжыня трасаў — 60 км
    Лічба пад'ёмнікаў — 22
    Лёгкія трасы — 11
    Сярэднія трасы — 7
    Складаныя трасы — 4
    Найдаўжэйшая траса — 3,5 км

МБ

Капаонік — вялікі горны масіў у Сербіі, адзін з самых папулярных курортаў былой Югаславіі, які месціцца за 290 км на поўдзень ад Бялграду.

На лыжным курорце пераважаюць трохзоркавыя гатэлі, даступныя сярэдняму сербу, але гатэль «Гранд», дзе спыніўся беларускі кіраўнік са світай, — шыкоўны. Ён мае 4 зоркі. У ім: крыты басейн, джакузі, саўна, шматлікія кавярні, крыты тэнісны корт, а таксама фітнэс‑цэнтр і салярый.

Гатэль «Гранд» прапануе 2‑, 3‑ і 4‑мясцовыя прэзідэнцкія апартаменты, дзе кошты вагаюцца ад 88 да 114 еўра за ноч на чалавека. Больш простыя нумары (ад аднаго да 5 чалавек) каштуюць ад ад 50 да 84 еўраў. За 80 метраў ад гатэлю знаходзіцца пад’ёмнік «Караман Грэбен»: скі‑пас (дзённы абанемент) на яго каштуе 1700 дынараў (каля 66 тысяч бел. рублёў).


Пад'ёмнік Карамон Грэбень